НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

За ўвесь час, колькі ведаю гэтага чалавека, прыкмеціла адну рысу – ён ніколі не павышае тон голасу. Ці гэта пасяджэнне райвыканкама, ці то справаздачны сход, ці то выступленне са сцэны. Але пры гэтым кожнае слова, як кажуць, займае патрэбнае месца. І можна адразу зразумець – крытыкуе, дае параду, віншуе…

Якая яна філасофія жыцця чалавека, які кіруецца дэвізам: «Спачатку думай пра Радзіму, а потым – пра сябе» – у гутарцы з уладальнікам звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь», дырэктарам КУВП «Манькавічы» Аляксеем Васільевічам Мікулічам.
Дарэчы, маючы шмат узнагарод, адзнак, дасягненняў і званняў, «зорная хвароба» – гэта не пра яго.
Калі ўзгаднялі сустрэчу з Мікулічам, дамовіліся, што на гэты раз ніякіх паказчыкаў і лічбаў.
– Пасля заканчэння школы меркаваў, што буду паступаць на механіка. Але чатыры чалавекі з класа накіраваліся ў зааветэрынарны тэхнікум. Можна сказаць, што паддаўся на агітацыю. Залічаны на вучобу былі толькі ўдвох, – узгадвае Аляксей Васільевіч.
Атрымаў кваліфікацыю ветэрынарнага фельчара і быў прызначаны выконваючым абавязкі ветучастка на Гомельшчыне. Амаль два гады працы, а потым служба ў арміі.
– Служыў у Германіі ў 10-ым асобным батальёне аховы, – «дакладвае» Аляксей Васільевіч. – Дарэчы, закончыў Цэнтральную школу ваеннага сабакаводства ў Маскве. І атрымаў спецыяльнасць інструктар-дрэсіроўшчык службовага сабакаводства. Узначальваў кіналагічную службу.
У архіве Аляксея Васільевіча захавалася фота, дзе ён у ваеннай форме, а побач шыкоўная нямецкая аўчарка. Аказалася, верны саслужывец.
– Цяжкім было наша з ім развітанне, – узгадвае мой суразмоўца. – Праз пэўны час давялося мне нават у канверце адпраўляць кавалачак насоўкі. Рабяты пісалі, што сабака так сумуе, а тут пах былога гаспадара!
– Потым дома, пакуль гадаваліся сыны, таксама былі сабакі – нямецкія аўчаркі. Зараз ужо не. Таму што гэта не цацка, яму патрэбны догляд, неабходна таксама час на гэта вылучаць. Такой магчымасці няма. А ставіцца абыякава – не магу.
Асабіста я ўпэўнена, што наш герой не можа быць абыякавым ні да чаго.
– Пасля службы ў арміі нават не мільгнула думка, што не паеду дамоў, а буду ўладкоўваць жыццё ў гора-дзе, – дзеліцца Аляксей Васільевіч. – Вярнуўся на Століншчыну. Адразу паступіў на завочнае аддзяленне ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт.
На працягу чатырох гадоў працаваў галоўным ветэрынарным урачом калгаса «Дружба» (зараз ААТ «Кароцічы»), потым прызначылі намеснікам старшыні калгаса «Першае Мая» (Глінка). Менавіта ў гэты час Мікуліч быў узнагароджаны медалём «За працоўныя адзнакі».
– Гэта было адметным таму, што звычайна адзначалі агранома, заатэхніка, іншых спецыялістаў, а кіруючы склад не надта, маўляў, яны нічога канкрэтнага не вырабляюць, – і з жартам, і ўсур’ёз гаворыць Аляксей Васільевіч.
З 1986 года Мікуліч прызначаны на пасаду дырэктара КУВП «Манькавічы». Калі дакладней, то быў саўгас «Манькавіцкі». Пра некаторы час да яго далучылі закрыты сырцовы спіртзавод, які перапрафілявалі на вытворчасць кармавых дрожджаў. Калі хто памятае, тады дзейнічаў так званы «сухі закон», і гарэлка была пад забаронай.
Але інтуіцыя не падвяла кіраўніка, маўляў, вечна так не будзе. Таму падрыхтавалі каштарысную дакументацыю і за два гады зрабілі цэх рэктафікацыі. Усё было зусім не проста, асабіста з абсталяваннем. Але змаглі! І першымі ў Рэспубліцы Беларусь атрымалі спірт «Люкс» і «Экстра». Дарэчы, так стваралася і слава Брэсцкай лікёркі.
Яшчэ адзін віток у развіцці прадпрыемства – далучэнне Белавушскага калгаса. Як кажа Аляксей Васільевіч, давялося падставіць плячо. Сумленна адзначаючы, гаспадарка была слабаватая. Пачыналі практычна з нуля. Цяпер бачым сучасныя фермы, апрацаваныя палі, для людзей – працоўныя месцы.
– Як гэта – быць лідарам на працягу не аднаго дзясятка гадоў?
– У маім жыцці асабіста для мяне былі ўзорам і паводзін, і стаўлення да работы такія людзі, як Герой Сацыялістычнай працы Іван Янкоўскі, Іван Гваздзюкевіч, Уладзімір Марчанка, – узгадвае Мікуліч. – Я назіраў, калі можна так сказаць, за кожным іх крокам. Як яны выказваюць свой пункт погляду, як прымаюць вывераныя, абгрунтаваныя практыкай рашэнні.
Адназначнае разуменне таго, што ў кіраўніка ўсё павінна быць распісана як па нотах – гэта яшчэ адно крэда Аляксея Васільевіча. Рабочы дзень, праграмы, увязаныя з тэхналогіямі – і вынік! Без гэтага не будзе мадэлі эфектыўнай работы.
Адна са складаючых поспеху – падбор кадраў. І тут у дырэктара ёсць свой, як кажа моладзь, лайфхак.
– Чалавеку трэба ўсяліць упэўненасць у тым, што ён можа давяраць кіраўніку. І стварыць каманду аднадумцаў. Калі толькі прызначалі дырэктарам, мне раілі, што трэба таго, таго звольніць. Я нікога не звольніў, і ўсе працавалі цудоўна, – дзеліцца Аляксей Васільевіч. – Мы першымі ўвялі гаспадарчую-разліковую форму аплаты працы, чэкавую форму кантролю выдаткаў. Да нас прыязджалі вопыт пераймаць. Тады мы адразу на 15 працэнтаў зарплату паднялі. А каб вы разумелі, у тыя часы гэта было надта складана зрабіць.
– Добра ведаю яшчэ адзін Ваш лозунг – трэба захаваць сяло! Што параіце, каб ён ажыццявіўся?
– Трэба зацікавіць моладзь. Стварыць для яе ўмовы – жыллё, зарплата, сацыяльная інфраструктура. Ні ў якім разе нельга прыніжаць іх магчымасці. Мы павінны дазволіць ім раскрыцца – яны ў нас усе добрыя, разумныя, інтэлектуальныя.
– Адкуль сілы, энергія бяруцца на ўсё гэта, прычым, штодня?
– Сіла – у адзінстве калектыву! – упэўнены дырэктар. – У мяне неяк усё атрымлівалася па пяцігодках. То «Манькавічы» падымалі, то дарогу ў Адвержычы зрабілі, то зямлю ў парадак прывялі, то новыя віды прадукцыі запусцілі.
– Не сакрэт, што Вы маеце званне доктара эканамічных навук, прафесара, сумяшчаеце яшчэ і выкладчыцкую работу. Можна назваць гэта прагай пастаянна вучыцца і дзяліцца гэтым з іншымі?
– Яшчэ працуючы ў Глінцы, пастаянна «хварэў» думкай, як зрабіць так, каб людзі не проста хадзілі на работу, а працавалі на рабоце? Першым крокам і было ўвядзенне новай формы арганізацыі і аплаты працы.
– Ці можна пачуць, як Мікуліч гаворыць словы пахвалы?
– Ну, напэўна, рэдка, – усміхаецца дырэктар. – У нас добрая пахвала – аплата працы. Усё распрацавана так, што чалавек, выконваючы работу выдатна, і атрымае за яе выдатную суму. І ніхто не скрадзіцца – усё даступна і адкрыта, усе нормы, расцэнкі. А штомесяц падводзім вынікі работы кожнага падраздзялення. І там не гавораць – колькі ты зарабіў, а колькі ты зрабіў? Так што не забалуеш.
– Вы атрымалі заслужаную ўзнагароду напярэдадні зусім маладога ў нашай краіне свята – Дня народнага адзінства…
– Так, свята маладое, але вельмі важнае. У тыя часы, калі частка беларусаў апынулася пад польскім прыгнётам, усё ішло практычна да знішчэння нашай ідэнтычнасці, культуры, традыцый. Таму вызваленне і ўз’яднанне – гэта на самай справе важны для краіны крок. І за гэта праліта шмат крыві, пройдзена прыніжэнняў. Але беларусы – мудры і нескараемы народ! Яны адстаялі адзінства і ў 1939 годзе, і не адступілі ў 2020 годзе.
Са святам, землякі!

Алена
КЛІМУШКА
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости