• ru
  • by
  • 19 мая

    USD

    EUR

    Столин

    14C

    Мікалай Грыб – механік і загадчык майстэрань ААТ «Новая Прыпяць»: Тэхніка – і работа, і хобі

    05.02.2021

    676

    0

    Rate this post

    Зараз усё больш і больш маладых спецыялістаў прыходзяць працаваць у сельскую гаспадарку. Адзін з іх – Мікалай Грыб – механік і загадчык майстэрань ААТ «Новая Прыпяць». Ужо два гады ён працуе тут, таму можа параўнаць свае чаканні з рэальнасцю і падзяліцца меркаваннем.

    Юнак родам з Альшан. Скончыўшы школу, вырашыў працягнуць вучыцца. Над спецыяльнасцю нават не задумваўся, бо яшчэ ў школе яго вабіла тэхніка. Увесь вольны час прападаў у бацькавым гаражы, дзе рамантаваў матацыклы і іншую тэхніку.
    Паступіў у Пінскі дзяржаўны індустрыяльна-педагагічны каледж. Яшчэ ў час вучобы паклапаціўся пра сваё будучае рабочае месца, прыходзіў і раіўся з кіраўніцтвам ААТ «Новая Прыпяць». І так атрымалася, што якраз не хапала аўтамеханіка на вытворчым участку №1, які знаходзіцца ў Сямігосцічах.
    У жніўні 2019 года Мікалай Грыб прыступіў да работы. Вельмі хутка асвоіўся, яго добра прыняў калектыў. Хоць прызнаецца, што хваляваўся наконт гэтага, таму што быў самым малодшым сярод калег. Але хваляванні аказаліся дарэмнымі. Асабліва ўдзячны брыгадзіру трактарнай брыгады – Васілю Драпею, бо той ніколі не пакінуў сам-насам з праблемай.
    Не сакрэт, што самая гарачая пара ў гаспадарцы – гэта ўборка. Пацвярджае гэта і Мікалай, паколькі даводзілася неаднойчы затрымлівацца на рабоце і дацямна.
    – Я заўсёды кіруюся правілам: зрабіў справу – гуляй смела. Таму лепш затрымаюся і зраблю, каб зранку не нервавацца, што тэхніка ў поле не выходзіць. Механізатары ў гаспадарцы – прафесіяналы, ашчадна ставяцца да тэхнікі, таму ў нас зараз падтрыхтоўка да сяўбы ідзе па плану. На нашым участку больш за 15 адзінак тэхнікі і ўся яна гатовая выйсці на палі, як толькі дазволіць надвор’е, – кажа механік.
    Хутка Мікалай пойдзе ў водпуск, але адпачываць не будзе: яго чакае сесія. Зараз ён завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце і атрымлівае спецыяльнасць інжынера-механіка. Таму паедзе ў Мінск. Але ж вялікі горад яго зусім не прываблівае, многа мітусні. Ды і шмат часу страчваецца ў дарозе: то на тралейбус бяжы, то на метро, то на аўтобус. І так кожны дзень. А дома некалькі хвілін – і ты на рабоце, няма гэтай спешкі.
    – А што наконт зарплаты? – задаю немалаважнае пытанне.
    – Скардзіцца не буду. Мяне нават прыемна ўразіла мая заработная плата. Для мяне, як для халасцяка, дык увогуле выдатна, – адказвае хлопец.
    Вольны час (хто б сумняваўся) праводзіць у гаражы, а таксама сустракаецца з сябрамі, захапляецца спортам, асабліва футболам. Дапамагае бацькам па гаспадарцы. А наконт таго, пра што марыць, не прызнаецца. Кажа, хай будзе тайна.

    Ганна
    МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика