НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Надышло доўгачаканае лета, а разам з ім пабольшала работы ў гаспадарках нашага раёна. У гэтым давялося ўпэўніцца на прыкладзе ААТ «Палеская ніва», на вытворчых участках якога кіпіць праца.

апрацоўвае кукурузу Аляксей Ярмоліч

Валерый Іванавіч Захарыч — прадстаўнік слаўнай дынастыі механізатараў — абганяе бульбу
механізатар Іван Супрунчык
Механізатар Васіль Шабунька заняты на загатоўцы кармоў
механізатар Мікалай Мамайка
механізатары Васіль Ранцэвіч і Аляксей Мароз

– У нас выхадных няма. Як толькі спрыяльнае надвор’е, адразу на поле, – кажа дырэктар Аляксей Бародзіч. – Усе нашы механізатары – хлопцы адказныя і добрасумленныя, а самае галоўнае – зацікаўленыя ў сваёй рабоце. Бо якая сучасная тэхніка зараз не была б, на першым месцы – чалавечы фактар.
І сапраўды, толькі на некалькі хвілін згаджаліся затрымацца механізатары, бо спяшаліся найхутчэй зрабіць сваю работу. Вось, напрыклад, як Валерый Захарыч – прадстаўнік слаўнай працоўнай дынастыі. У гаспадарцы з 1983 года, таму давялося папрацаваць на розных трактарах. Зараз яго надзейны сябар – «Джон Дзір», на якім ён абганяе бульбу ва ўрочышчы Доўжыца. Ён і саджаў яе, і потым будзе выкопваць.
Дарэчы, бульбу ў гэтым годзе пасадзілі на 165 гектарах, што на 15 гектараў больш у параўнанні з мінулым. Спадзяюцца, што не падвядзе збыт, які быў добра наладжаны з суседняй Украінай. У тым годзе палескую бульбу адправілі ў Львоўскую вобласць, а яшчэ перад гэтым – у Кіеўскую.
На суседнім полі апрацоўваў кукурузу на «страказе» – самаходным апырсквальніку – Аляксей Ярмоліч. Работы ў яго хапае, бо царыца палёў расце на 2100 гектарах. Сёлета давялося крыху пахвалявацца за гэтую культуру, паколькі добра ўзыходзіць ёй перашкаджалі халодныя ночы, якія былі вясной. Добра, што хоць вільгаці хапала.
Азімыя культуры перазімавалі добра, нягледзячы на тое, што мароз лупіў сур’ёзны. Ратавала дастатковае снежнае покрыва.
– Паглядзіце, якое жыта прыгожае, – звяртае маю ўвагу Аляксей Мікалаевіч, пакуль мы пераязджаем на суседні ўчастак.
І сапраўды, прыгажосць неймаверная. Колас у колас, з металічным адлівам, вока радуецца. Але чарга яго надыдзе пазней.
А зараз набірае абароты нарыхтоўка кармоў. На гэтай справе занята больш за 20 адзінак тэхнікі. У час нашага візіту якраз закладвалі траншэю на вытворчым участку № 3 у Велямічах. Максімальная яе ўмяшчальнасць – дзве тысячы тон. Побач другая – на адну тысячу.
Фуражыр Міхаіл Давідчук правярае кожную лічбу, перш чым запісаць у журнал. Ён – адзін з самых вопытных работнікаў, бо працуе аж з 1977 года. Быў і брыгадзірам, і жывёлаводам, і старшынёй камсамольскай арганізацыі, таму заслугоўвае асобнага матэрыялу.
Каля траншэі сустракаю механізатараў Мікалая Мамайку з Веляміч і Васіля Шабуньку з Турскога.
А на полі ў клетцы № 1 шчыруе Іван Супрунчык. На граблях таксама вопытныя механізатары – Васіль Ранцэвіч і Аляксей Мароз. А побач, не зважаючы на тэхніку, важна шпацыруюць буслы.
Травы ў параўнанні з тым годам значна менш. Прычына тая ж – халодная вясна. Але праблем з кармамі, упэўнены дырэктар, быць не павінна. Пакуль толькі 20 працэнтаў адвезлі, таму вынік будзе відавочны пасля.
– Так што прыязджайце да нас яшчэ, – жартуюць механізатары.
– Абавязкова, – абяцаю я.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости