• ru
  • by
  • 19 мая

    USD

    EUR

    Столин

    16C

    Кожны дзень – новая магчымасць

    28.07.2023

    276

    0

    5/5 - (257 голосов)

    Прызнаюся, за гады сваёй прафесійнай дзейнасці мне яшчэ не даводзілася пісаць пра аднаго і таго ж чалавека двойчы. Але Анастасія Казуля з вёскі Сямігосцічы – выключэнне з правілаў.
    А нагода для нашай новай сустрэчы даволі значная:
    Насця сёлета скончыла прыборабудаўнічы факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта з дыпломам з адзнакай і атрымала Падзяку Прэзідэнта асабіста з рук Аляксандра Лукашэнкі ў час святочнай цырымоніі, якая праходзіла ў Палацы Незалежнасці.
    Вось чаму спяшаюся на інтэрв’ю з новымі пытаннямі. Анастасія, як і пяць гадоў таму, сустрэла мяне дома.
    – Па-першае, віншую цябе з такімі прыемнымі падзеямі ў тваім жыцці. А па-другое, цікавіць, ці магла ты падумаць, што завяршэнне твайго студэнцтва будзе такім феерычным?
    – Вялікі дзякуй за віншаванне, але, шчыра прызнаюся, што для мяне чырвоны дыплом не быў нейкай канкрэтнай мэтай. Я проста атрымлівала задавальненне ад вучобы, таму ніколі не прымушала сябе і не гналася за выдатнымі адзнакамі. Канешне, былі моманты, калі начамі рыхтавалася да экзаменаў, але гэта зусім не псавала мае адносіны з вучобой. Упэўнена, што зай-мацца любой справай патрэбна з натхненнем, калі адчуваеш сябе шчаслівым у той момант, а не знярвованым чалавекам, які толькі і думае, каб хутчэй усё скончылася. І не важна, вучоба гэта ці работа. Гэта маё цвёрдае меркаванне, і планую з ім і далей ісці па жыцці. Проста трэба знайсці прызначэнне.
    – Успомні свае пачуцці, калі даведалася, што ў ліку 14-ці выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў з усёй краіны цябе будзе ўзнагароджваць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь?
    – Шчыра кажучы, падумала, у якой буду сукенцы (усміхаецца). А ўжо само хваляванне мяне апанавала ў дзень «Х», калі знаходзілася ў Палацы Незалежнасці. Праўда, працягвалася яно нядоўга, бо атмасфера была неверагодная. Безумоўна, вельмі прыемна чуць наказ ад Кіраўніка нашай краіны і атрымліваць узнагароду. Гэта вельмі матывуе на дасягненне высокай планкі і не пасаваць перад цяжкасцямі.
    – Анастасія, дарэчы, што ты плануеш рабіць далей?
    – Пры паступленні я выбрала спецыяльнасць «Мікра- і нанасістэмная тэхніка», якая, упэўнена, будзе запатрабавана з гадамі яшчэ больш. І зараз я – дыпламаваны інжынер-электрамеханік. Яшчэ ў час вучобы атрымала заяўку на маё размеркаванне ад навукова-тэхнічнага цэнтра, таму ўжо ведала, дзе буду працаваць. Але самае першае рабочае месца знаходзілася на самой кафед-ры, дзе я была супрацоўнікам. Гэта каштоўны вопыт для мяне. Увогуле, БНТУ я палюбіла ўсім сэрцам, таму без сумнення падала дакументы ў магістратуру. Але ўсё роўна ледзь стрымала слёзы, калі ад імя выпускнікоў гаварыла развітальнае слова ва ўніверсітэце. Чатыры гады вельмі хутка праляцелі. Калі толькі падавала дакументы, мяне адразу назначылі старастай групы, таму заўсёды была ў самой гушчы падзей. Мой тэлефон часта разрываўся ад званкоў, але мяне гэта зусім не злавала, наадварот, мне падабаецца адчуваць сябе патрэбнай, каб дапамагаць іншым. Не без гонару скажу, што арганізатарскія здольнасці былі маёй «фішкай», усе ведалі, што Насця Казуля прыйдзе і ўсё вырашыць. Прызнаюся, мне імпанавала гэта.
    А якія мы ладзілі мерапрыемствы са студсаветам! Чаго каштуе адзін фестываль «Вясна-БНТУ», на якім творчыя здольнасці праяўлялі студэнты ўсіх факультэтаў. А які шыкоўны быў Дзень першакурсніка! Я магу бясконца расказваць пра студэнцкае жыццё, якое, несумненна, і праз гады будзе яскравым успамінам. Вельмі задаволена, што ў мяне атрымалася самарэалізавацца, але гэта толькі адзін этап. Бо кожны дзень – новая магчымасць. Як далей будзе складвацца маё жыццё, не магу ведаць дакладна, але ў мяне грандыёзныя планы пражыць яго шчасліва і годна.
    – Звычайна, пасля ўзнагароджвання кажуць словы падзякі. Каму будуць адрасаваны твае?
    – Канешне, у першую чаргу, сваёй сям’і. Гэта мая самая галоўная група падтрымкі. Бацька, хоць працуе вадзіцелем і часта ён за межамі краіны, але заўсёды знаходзіць час для мяне. Я ведала, што ні адзін мой званок не застанецца без увагі. Ён навучыў мяне быць лёгкай на пад’ём, умець хутка мабілізавацца і не баяцца перашкод. Ды і знешне я падобная да бацькі, кажуць, добрая прыкмета (смяецца). А маці – гэта мой анёл-ахоўнік. Яна дала мне тую самую ўпэўненнасць у сваіх сілах, з якой я пайшла па жыцці. І па прафесіі, і па прызванні яна псіхолаг. Працуе намеснікам па выхаваўчай рабоце ў Давыд-Гарадоцкай школе № 2. Вельмі ганаруся ёй і захапляюся, бо яна можа знайсці выйсце з любога
    становішча. Вось, здаецца, сітуацыя складаная, тэлефаную ёй, расказваю, мы абмяркоўваем, і мая праблема раствараецца, быццам туман. Дарэчы, у маці я навучылася ўменню заставацца спакойнай, думаць, перш, чым штосьці сказаць, і ва ўсім бачыць свае плюсы.
    Са сваёй адзінай сястрой Ганначкай я магу ісці куды заўгодна: хоць у разведку. Больш надзейнага чалавека я не сустракала. Мне вельмі пашанцавала, што яна ў мяне ёсць.
    Асобна хачу падзякаваць сваім бабулям і дзядулям, якія таксама паўплывалі на станаўленне мяне, як асобы. Навучылі заўсёды рабіць усё сумленна, па Божым законе, памятаць, што за ўсе ўчынкі давядзецца адказаць. Сталеючы, я неаднаразова ўпэўнівалася ў гэтым.
    Словы ўдзячнасці хачу сказаць настаўнікам Сямігосціцкай сярэдняй школы, асабліва, свайму класнаму кіраўніку Яніне Фёдараўне Арлянін і настаўніку фізікі Але Васільеўне Арлянін. Яны былі і застануцца для мяне прыкладам адданасці сваёй прафесіі і сапраўднага педагога. Што тычыцца ўніверсітэта, то хачу адзначыць увесь дэканат прыборабудаўнічага факультэта, але найбольш – Васіля Сяргеевіча Калеснікава, Алену Мікалаеўну Шчарбакову і Аляксандра Іванавіча Свістуна. Яны не толькі ведамі дзяліліся, але фармавалі жыццёвы падмурак і светапогляд. Ды і ўсім, хто з’яўляўся на маім шляху, дзякуй. Усе яны адыгралі пэўную ролю ў маім жыцці і чамусьці навучылі.
    – Анастасія, для цябе, як актыўнага чалавека, што з’яўляецца крыніцай энергіі?
    – Стараюся сваю ўнутраную батарэйку ніколі не разраджаць да нуля, таму імкнуся ва ўсім бачыць прыемныя моманты. А вось месцам сілы для мяне з’яўляецца мая родная вёска, дзе я адпачываю, як гаворыцца, і душой, і целам. Так, у Мінску многа магчымасцяў, якія дорыць мне лёс, і я буду імі карыстацца. Але вось, нават толькі пад’язджаючы да Сямігосціч, адразу адчуваю расслабленне. З бацькамі мы часта ездзім на рэчку Прыпяць з начоўкай, купаемся, варым юшку, смажым шашлыкі. І я мару, што некалі буду не толькі з бацькамі, але і са сваімі дзецьмі адпачываць на прыродзе. Галоўнае, каб быў мір, а ўсё астатняе абавязкова будзе.
    – Дзякуй, Анастасія, за размову і вялікіх поспехаў табе!
    І чамусьці мяне не пакідае адчуванне, што і гэтая сустрэча не апошняя. Час пакажа…
    Ганна МЕЛЬНІК

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика