• ru
  • by
  • 3 мая

    USD

    EUR

    Столин

    15C

    Камбайнеры — рэкардсмены

    15.08.2023

    302

    0

    Rate this post

    3 000 тон збожжа? Многа гэта ці мала? Адносна да агульнага каравая раёна – мала, а для аднаго асобнага экіпажа – многа. Каб такія лічбы былі больш успрымальнымі, прызвычаіўся іх пераводзіць у нейкія абстракцыі. Напрыклад,
    часта аб’ёмы лічаць змяшчальнасцю алімпійскіх басейнаў,
    а плошчу – памерамі стандартнага футбольнага поля.
    Але чытач спытае: «Аб чым, уласна кажучы, гаворка? Што за басейны і стадыёны?». Адказваю: экіпаж камбайнераў з КСУП «Відзіборскі» (нашы добрыя знаёмыя) у складзе Уладзіміра Вярэніча і Канстанціна Малея на КЗС-1218 упершыню ў гісторыі Століншчыны намалацілі ў рамках аднаго жніва больш за 3 000 тон збожжа. І зрабілі гэта на камбайне айчыннай вытворчасці.

    Вернемся да падлікаў. На жаль, алімпійскага басейна ў нас няма, таму мы будзем лічыць нашым родным басейнам ФСК «Аквамарын», які ўмяшчае прыблізна 550 тон, што адпаведна такой жа колькасці кубаметраў. Лічыць будзем пшаніцу, як найбольш ураджайную культуру. Дык у адным метры кубічным умяшчаецца 1,3 тоны. Адпаведна агульны намалот экіпажа камбайнераў раўняецца 3 900 кубаметраў, што складае крыху больш за 7 поўных басейнаў ФСК «Аквамарын». Пагадзіцеся, уражвае.
    Самі хлебаробы да такой славы не прывыклі і досыць немнагаслоўныя. І зразумела – для камбайнераў кожная хвіліна дарагая. Тым не менш павіншаваць камбайнераў-рэкардсменаў у полі прыехалі намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Валерый Багатка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Семянюк.
    – Нам лепш працаваць у цішыні, далей ад чалавечага вока, – кажа Уладзімір Вярэніч. – Галоўнае, каб надвор’е спрыяла, ды і тэхніка не падводзіла.
    – Нам што, мы і больш можам намалаціць, – далучаецца да размовы Канстанцiн Малей. – Была б толькі высокая ўраджайнасць і дастаткова плошчаў.
    Таксама паблізу камбайна быў і вадзіцель Валянцін Волчык, які склаў моцнае трыа на сёлетнім жніве. Ён – адзіны, хто перавёз больш за дзве тысячы тон збожжа. І, дарэчы, не на самым умяшчальным аўтамабілі.
    Пасля віншаванняў Уладзімір Вярэніч і Канстанцін Малей завялі рухавік свайго КЗС-1218 і паспяшаліся да прыватных падворкаў, таму што надыходзіла вялікая хмара.
    – Засталося ўбраць кропельку, – сказаў Уладзімір Малей. – Два агароды людзям абмалаціць і можна будзе рыхтаваць камбайн да наступнага сезона. Сустрэнемся праз год.
    – Абавязкова сустрэнемся!

    Аляксандр НІКІФАРЭНКА

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика