• ru
  • by
  • 17 мая

    USD

    EUR

    Столин

    14C

    Яго вялікасць – Настаўнік

    13.01.2023

    143

    0

    Rate this post
    Ёсць меркаванне, што пісаць або гаварыць аб чалавеку, які пакінуў аб сабе добры след у жыцці, трэба пры яго жыцці, калі ён чуе, калі словы ўдзячнасці могуць сагрэць яго душу.
    Аб такім чалавеку хочацца расказаць на старонках нашай газеты. Тым больш, што чалавек гэты – настаўнік, і нагода для гэтага вельмі значная.
    90-гадовы юбілей 15 студзеня адзначае ветэран педагагічнай працы, настаўнік матэматыкі Арлоўскай сярэдняй школы Марыя Іванаўна Кухарчук.
    Як вядома, усё пачынаецца з дзяцінства. Нарадзілася ў вёсцы Вялікія Арлы ў сялянскай сям’і Івана Ціханавіча і Варвары Трафімаўны Скрабцоў. Ранняе дзяцінства і юнацтва прайшлі на хутары недалёка ад вёскі Лядзец. Пачатковую школу закончыла ў роднай вёсцы, а далей прадоўжыла вучобу ў Лядцы. Маці з неахвотай успрыняла рашэнне дачкі вучыцца далей, але здольная і дапытлівая дзяўчынка настаяла на сваім. Тым больш, што яе імкненне падтрымаў бацька. І гэта зразумела, бо ён у свой час закончыў Вялікаарлоўскую царкоўна-прыходскую школу на выдатна.
    У школу дабірацца Марыі было няпроста. Перашкода – рака Вятліца, што стварае мяжу паміж Вялікімі Арламі і Лядцом. Бацька кожны дзень перавозіў дачку на лодцы на супрацьлеглы бераг. А адтуль да школы рукой падаць.
    Трапіла яна ў незнаёмы клас, дзе вучыліся адны хлопчыкі. Але гэта не бянтэжыла новенькую вучаніцу. Сціплая, таварысцкая, яна падтрымлівала роўныя адносіны з хлопцамі-аднакласнікамі. Вучылася добра, з задавальненнем, вучоба давалася лёгка, асабліва алгебра, геаметрыя і фізіка. Вельмі любіла рашаць складаныя задачы і прыклады. Іншы раз рашэнне не давалася адразу, тады, прачынаючыся сярод ночы, неяк адразу прыходзіла азарэнне, і ў памяці з’яўлялася рашэнне.
    Прабеглі, прамільгнулі школьныя гады. У верасні 1953 года здольную і адказную выпускніцу накіравалі на работу старшай піянерскай важатай у Колкаўскую сямігадовую школу Давыд-Гарадоцкага раёна. Летам 1954 года Марыя Іванаўна паступіла вучыцца ў Брэсцкі педагагічны інстытут на завочнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта, і яе пераводзяць настаўніцай матэматыкі Хатомельскай сямігадовай школы.
    Нягледзячы на адсутнасць вопыту, настаўніцкая работа падабалася. Хоць і не адразу, але да вучняў падыход знаходзіла, і яны адказвалі ёй павагай і стараннем, адчуваючы ў ёй шчырасць і дабрыню. З ахвотай ішлі за настаўніцай у загадкавы і няпросты свет матэматыкі.
    А пасля была нядоўгая работа ў Лядзецкай школе, затым па волі лёсу вярнулася ў родную вёску Вялікія Арлы, дзе і працавала ў мясцовай школе да выхаду на заслужаны адпачынак у 1988 годзе.
    Па словах яе былых вучняў, Марыя Іванаўна была чулая і спагадлівая, тым не менш строгая і патрабавальная, справядлівая. У патрэбны момант гатовая працягнуць руку дапамогі. Як і належыць настаўніку, была добрым псіхолагам: ведала і бачыла, каму з вучняў патрэбна неадкладная дапамога. Як класны кіраўнік, па-мацярынскаму, сачыла за духоўным ростам і сталеннем сваіх вучняў. Кожнаму з іх змагла аддаць часцінку свайго душэўнага цяпла, запаліць у сэрцы агеньчык дабрыні, спагады, бо цвёрда ведала: ёй даверылі самае дарагое, верачы ў яе мудрасць і любоў.
    Яе настаўніцкае жыццё не было абмежавана толькі работай у школе. Актыўны ўдзел Марыя Іванаўна прымала ў грамадскім жыцці калгаса, вёскі і сельскага Савета: выпускала насценныя газеты, выступала з лекцыямі перад калгаснікамі і аднавяскоўцамі, шмат разоў была сакратаром Вялікаарлоўскай участковай выбарчай камісіі, дэпутатам Лядзецкага сельскага Савета.
    Заканчваючы свой кароткі аповяд, мы, былыя вучні, нізка кланяемся Вам, шаноўная Марыя Іванаўна. Ганарымся, што Вы годна пранеслі праз сваё няпростае жыццё высокае настаўніцкае званне і прайшлі пэўную частку нашага жыцця побач з намі. Добрага Вам здароўя, міру, душэўнага спакою і дабрабыту!
    Лідзія Шчэрбач

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика