• ru
  • by
  • 19 мая

    USD

    EUR

    Столин

    16C

    Інструмент маёй душы

    03.11.2023

    196

    0

    5/5 - (1 голос)

    Захар Бразоўскі – выпускнік Давыд-Гарадоцкай дзіцячай школы мастацтваў, зараз вучыцца на 4-ым курсе Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
    А яшчэ Захар – неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
    Юнак нядаўна вярнуўся з дыпломам І ступені з Санкт-Пецярбурга, дзе праходзіла ІІІ Міжнародная прэмія ў галіне культуры і мастацтваў.
    Увогуле ў юнака больш за 30 узнагарод. Але ёсць найбольш каштоўныя для яго. Нараўне з апошняй – гэта дыплом I ступені Міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў «Шчаўкунчык» (г. Масква), Гран-пры Міжнароднага конкурсу інструментальнага выканаўства, прысвечаны творчасці Ё. С. Баха (г. Масква), дзе іграў на аргане. Завочна прыняў удзел і стаў лаўрэатам І ступені ў Міжнародным конкурсе-фестывалі «Global Asia», які праходзіў пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.
    У гэтым годзе юнак атрымаў сертыфікат удзельніка Адзінага Міжнароднага рэестра адораных выканаўцаў і профільных выкладчыкаў Саюза Незалежных Дзяржаў за асобыя заслугі ў галіне культуры і выканаўчага мастацтва, супрацоўніцтва паміж народамі, плённую дзейнасць па развіцці навукі, адукацыі і культуры. У межах уключэння ў рэестр таксама прысвоена званне «Залаты Талент Нацыі».
    Для сваіх 18 гадоў Захар дасягнуў даволі значных поспехаў. Усё таму, што ён жыве музыкай. Прычым, выбраў яе сэрцам, прапанаваўшы маці аддаць яго ў школу мастацтваў. Вось так цікава выйшла, бо звычайна бацькі прыводзяць дзяцей, а тут наадварот.
    Трэба сказаць, што з музыкай у сям’і таленавітага юнака сябруюць усе. Маці Надзея выкладае ў гэтай жа школе ігру на цымбалах і ўдзельнічае ў народным інструментальным ансамблі
    «Світанне». Бацька, хоць і не стаў музыкантам, але добра іграе на гітары. Дарэчы, Захар таксама асвоіў гэты інструмент і хутка скончыць завочныя курсы.
    Юнак марыць паступіць у Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю імя Мікалая Андрэевіча Рымскага-Корсакава.
    – Я люблю музыку і фартэпіяна – гэта інструмент маёй душы. Таму іншага шляху для сябе не бачу. А яшчэ проста закахаўся ў Санкт-Пецярбург. Ужо тры разы быў і мару там вучыцца. Не проста мару, а раблю ўсё для таго, каб ажыццявіць свае планы. Калі спытаеце пра вольны час, адкажу, што ў мяне яго няма, бо шмат працую, рыхтуюся. Разу-мею, што так проста ў кансерваторыю не трапіць. Прачытаў дзесьці фразу, што поспех любіць смелых, таму не дазваляю сабе сумнявацца. Вельмі падтрымліваюць мае родныя і сябры. Маці заўсёды хвалюецца, калі выступаю, і самая першая тэлефануе, каб даведацца, як усё прайшло. А вось асабіста я зусім не хвалююся, наадварот, абсалютна спакойны. Думаю, мяне як раз загартавалі гэтыя конкурсы, таму з ахвотай удзельнічаю ва ўсіх магчымых. Прычым, атрымліваю задавальненне не ад першых месцаў, а ад самога працэсу. Ды і спыняцца на дасягнутым як у жыцці, так і ў музыцы нельга. Але не хаваю, калі даведаўся, што стаў лепшым у кітайскім конкурсе, радасці не было межаў. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць сваім педагогам з музычнай школы – Ганне Уладзіміраўне Мамайка і Алене Міхайлаўне Петравец, з якімі рабіў першыя крокі ў свет музыкі. Пашанцавала мне і ў каледжы, таму што выкладчык Ірына Лявонцьеўна Бароўская апантана сваёй справай, што перадаецца нам, студэнтам. Заняткі праходзяць на адным дыханні. Як закончу навучанне, буду сумаваць па аднакурсніках і педагогах. Калі-небудзь абавязкова прыеду ў Пінск са сваім канцэртам. Як і ў свой родны Давыд-Гарадок, – кажа юнак.
    Мне вельмі імпануе такая пазіцыя, калі чалавек упэўнены ў сваім рашэнні і многа працуе, калі спадзяецца на сябе, а пра «зоркавую хваробу» не ведае.
    Ёсць у Захара і куміры, творчасць якіх натхняе. Гэта кампазітар Ёган Себасцьян Бах, піяніст Святаслаў Рыхтар, Барыс Беразоўскі, Мікалай Луганскі і сусветна знакаміты піяніст-віртуоз Дзяніс Мацуев. Але дадае, што не хацеў бы быць кімсьці другім з іх, а хацеў бы быць першым Захарам Бразоўскім у музычнай прасторы. А яшчэ хоча напісаць оперу і нават ужо ідэя ёсць, толькі вось не захацеў яе выдаваць. Усяму свой час.
    Ганна
    МЕЛЬНІК

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика