НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Пётр Андрусевіч з аграгарадка Альшаны – прыклад працавітасці і адданасці сваёй справе. Ён працуе механізатарам у ААТ «Новая Прыпяць» – на «Кіраўцы» трамбуе сянажныя траншэі.
І свой 70-гадовы юбілей Пётр Іванавіч адзначыў на рабоце. Віншавала самага вопытнага механізатара кіраўніцтва гаспадаркі, зычылі здароўя калегі. А пасля віншаванняў – зноў за руль.
Пётр Іванавіч родам з Альшан. Прыйшоў працаваць тады яшчэ ў калгас «40 гадоў Кастрычніка» паляводам у 1966 годзе. Пасля службы ў арміі зноў вярнуўся ў гаспадарку, але ўжо трактарыстам-машыністам. Дзесяць гадоў аддаў рабоце ў Столінскім БМУ. І з 1987 года па сённяшні дзень працуе механізатарам у ААТ «Новая Прыпяць».
На яго вачах вырасла цэлая кагорта маладых работнікаў. Многіх ён вучыў сам, падказваў, дапамагаў.
Дабрынёй і шчырасцю валодае Пётр Іванавіч, за што цэняць яго калегі. А яшчэ за пачуццё гумару, бо ніколі не пабачыш яго ў дрэнным настроі. А ў мінулым Пётр Іванавіч быў футбалістам – стаяў на варотах. Успамінае, як у Альшанах гуляла больш за дзесяць каманд, і ў кожнай было сваё футбольнае поле. Яго каманда называлася «Равец» і была адной з лепшых. А ўжо пазней на сваім бульдозеры ён рабіў футбольнае поле каля сярэдняй школы № 1, дзе зараз праходзяць гульні Кубка Беларусі. Не прапускае гэтых падзей Пётр Іванавіч і заўсёды радуецца перамогам роднай каманды «Новая Прыпяць».
Галоўным сакрэтам працяглай працаздольнасці Пётр Іванавіч лічыць унутраную раўнавагу, калі на душы спакойна. Тады і ўсё будзе ў радасць.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости