• ru
  • by
  • 2 мая

    USD

    EUR

    Столин

    11C

    Джунглі, а не падворак!

    21.07.2023

    403

    0

    Rate this post

    У рэдакцыю звярнуўся жыхар р. п. Рэчыца.
    Ён паскардзіўся на тое, што вакол яго дома сапраўдныя джунглі ў прамым сэнсе слова. Пажылы
    мужчына папрасіў дапамогі рэдакцыі, бо ўжо некалькі гадоў запар звяртаўся з гэтым пытаннем да мясцовай улады, але безвынікова.
    Ён паведаміў карэспандэнту «НП» аб тым, што жыве адзін і вельмі баіцца, каб з-за гэтай высокай травы, якая, на шчасце, пакуль што зялёная, не ўзнік пажар.
    «Раней гаспадары суседняга дома сачылі за парадкам, ніякіх пытанняў ніколі не ўзнікала. На жаль, яны пайшлі з жыцця. Ёсць, канешне, дзеці і ўнукі, але іх зусім не хвалюе, што бацькоўскі дом знаходзіцца ў такім стане. Вы б бачылі, што тут робіцца: трава і зелле вышэй чалавека. Усё зарасло кустамі, а дрэвы патрэбна не тое, што абрэзаць, а ссекчы, бо ў хуткім часе яны наробяць бяды. Таму прашу вас дапамагчы. У мінулым годзе тут ужо нехта кінуў акурак, дык агонь за хвіліны дайшоў да сярэдзіны ўчастка. Гэта добра, што ехаў на машыне неябыякавы чалавек, ды, заўважыўшы пажар, тут жа патэлефанаваў выратавальнікам. У іншым выпадку агонь проста перакінуўся б на мой участак, што б я тады рабіў?» – з адчаем адзначыў пенсіянер.
    У адказ мужчына пачуў абяцанне, што на наступны дзень карэспандэнт разам са старшынёю Рэчыцкага сельсавета наведаюцца да яго, каб на месцы ва ўсім разабрацца.
    З самай раніцы я разам з Андрэем Дамашчуком былі на вуліцы Церабяжоўскай. Да нас далучыўся мужчына, які тэлефанаваў у рэдакцыю, і яшчэ адна жыхарка, якой таксама было што сказаць у дадзенай сітуацыі.
    Андрэй Аляксандравіч уважліва выслухаў мужчыну, патлумачыў, што высветліў, хто атрымаў у спадчыну гэты дом, а значыць, і павінен падтрымліваць на гэтай тэрыторыі належны парадак.
    – Я знайшоў інфармацыю пра месца іх пражывання, даведаўся нумары тэлефонаў, але яны заблакаваны, – адзначыў старшыня. – Але нічога, нікуды яны ад мяне не дзенуцца. Сам наведаю кожнага па месцы жыхарства і растлумачу, што яны павінны зрабіць. Не абяцаю, што пытанне вырашыцца заўтра-паслязаўтра, але да канца лета, адназначна. Тым больш, што рукі тут трэба добра прыкласці.
    Тэрыторыя сапраўды зарасла травой, што стаіць вышэй агароджы з аднаго боку. Ад завулка Церабяжоўскага-2 і вуліцы Церабяжоўскай агароджы зусім няма. Затое высокія дрэвы пераплятаюцца з электрычнымі правадамі. Сам дом схаваўся ў зарасніках, ды і па яго стане ўзнікаюць пытанні. Па-добраму, дык тут проста неабходна расчысціць участак пад нулявы ўзровень.
    Рухаемся далей па завулку Церабяжоўскі-2. У нашых субяседнікаў узнікаюць новыя заўвагі. Вуліца з абодвух бакоў зарасла дрэвамі. Нават транспарт ЖКГ не можа праехаць, как забраць бытавыя адходы. Тут прайсці не так ужо і проста, не зачапіўшы галіну. «Я сама тут не раз абразала галлё. Вось, бачыце. Выйдзеш на вуліцу, убачыш усё гэта, і сам бярэшся за сякерку, каб хутчэй зрабіць і сабе, і іншым», – патлумачыла жанчына.
    Андрэй Аляксандравіч адразу заходзіць да гаспадароў, да якіх ёсць пытанні, і агучвае праблему, абмяркоўвае, у які час усё будзе выпраўлена.
    Далей па вуліцы яшчэ два недобраўпарадкаваныя дамы, таму агучваем, што трэба зрабіць, каб навесці парадак у бліжэйшы час.
    Высветлілася, што адзін з дамоў стаў прытонам, дзе збіраюцца кампаніі і весела праводзяць час, распіваючы алкагольныя напоі. А калі нехта з іх кіне акурак, дык чакай бяды.
    У такой гушчы могуць завесціся гадзюкі, ды і не толькі. Дзе тады шукаць ратунку?
    Андрэй Дамашчук паабяццаў, што зусім хутка тут усё зменіцца, а мы з чытачамі пачакаем, а затым паглядзім карціну да і пасля. Спадзяюся, што нашы грамадзяне больш увагі будуць надзяляць такім праблемным пытанням. Дастаткова своечасова абкасіць тэрыторыю свайго домаўладання, прывесці ў парадак дрэвы, каб яны не перашкаджалі іншым, сачыць за сваімі хатнімі жывёламі, якія могуць нашкодзіць людзям. Гэта элементарныя рэчы, якія нельга адкладаць на потым. Няўжо трэба дацягнуць сітуацыю да такой кропкі, каб у справу ўмяшаліся мясцовыя ўлады, бо ад гэтага залежыць бяспека не толькі гаспадароў, уласнікаў маёмасці, але і іншых людзей. Паважайце сваіх суседзяў, аднавяскоўцаў!
    Людміла КАСПЯРОВІЧ
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика