• ru
  • by
  • 6 мая

    USD

    EUR

    Столин

    12C

    Дар’я Кавальская з Ніжняга Церабяжова: Дзюдо пакарыла прыгажосцю

    31.10.2022

    309

    0

    Rate this post

    Гэтую дзяўчыну нашы чытачы маглі неаднаразова бачыць на старонках газеты як пераможцу ці прызёрку турніраў па дзюдо. Тады яна займалася ў секцыі Давыд-Гарадоцкай дзіцячай спартыўнай школы. 

    Зараз жа Дар’я Кавальская з Ніжняга Церабяжова вучыцца другі год у Брэсцкім дзяржаўным абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву. А зусім нядаўна яна стала ўладальніцай сярэбранага медаля Рэспубліканскай спартакіяды па дзюдо, якая 20-21 кастрычніка праходзіла ў Мінску.

    Павіншаваўшы дзяўчыну з прызавым месцам такога прэстыжнага турніру, пацікавілася, якія эмоцыі перепаўнялі пры ўзнагароджванні.

    – Для мяне гэта вельмі важны медаль, паколькі маімі саперніцамі былі навучэнкі вучылішчаў алімпійскага рэзерву з усёй рэспублікі, – дзеліцца Даша. – Выходзячы на татамі, я ставіла мэту – змагацца да апошняга. І вельмі рада, што змагла перамагчы сябе маральна.

    – Адкажы, калі ласка, Дар’я, чым цябе «зачапіла» дзюдо? Гэта ж даволі жорсткі алімпійскі від спорту, у якім дазволеныя кідкі, болевыя і ўдушлівыя прыёмы.

    – Але вы забываеце дадаць, што дзюдо – гэта баявое мастацтва, філасофія і спартыўнае адзінаборства без зброі і перакладаецца як «гібкі шлях». Асабіста я ўбачыла ў дзюдо… прыгажосць, калі ўпершыню ра-зам са стрыечным братам Аляксеем прыйшла на трэніроўку. Яго трэнер Іван Сямейка, мабыць, заўважыўшы ў маіх вачах зацікаўленасць, прапанаваў паспрабаваць. І я паспрабавала, ды так, што з нецярпеннем чакала заняткаў, а яшчэ больш спаборніцтваў. Пасля восьмага класа вырашыла паступаць у вучылішча алімпійскага рэзерву, заручыўшыся падтрымкай трэнера і маці. Паехалі на зборы, і там яшчэ раз упэўнілася ў правільнасці свайго рашэння. Адзінае, што хвалявала маці, – ці спраўлюся з нагрузкай.

    – А насамрэч, як ты справілася? Адна справа – школа, а іншая – вучылішча алімпійскага рэзерву….

    – Цяжка было першы месяц, пакуль звыкала да новага месца і рэжыму. Трэніроўкі пачынаюцца ў 7.30, прычым на галодны страўнік. Толькі пасля – снеданне. Потым вучэбны працэс, абед і зноў трэніроўка. Самі заняткі я люблю, тым больш трэнеры да нас ставяцца клапатліва. А вось з вучэбнай праграмай было цяжэй. Па-першае, я вучылася ў беларускамоўнай школе, а тут навучальны працэс на рускай мове. А па-другое, не заўсёды хапае часу на выкананне дамашняга задання. Трэба дадаць, што нават перамога на спаборніцтвах не вызваліць цябе ад кантрольнай работы, якую ўсё роўна давядзецца пісаць. Карацей кажучы, хоць вучылішча і спартыўнай накіраванасці, да вучобы ставіцца абыякава не атрымаецца.

    – Значыць, вольнага часу ў цябе не так многа?

    – Ну ўжо не так усё страшна (смяецца). Вольны час ёсць, але марнаваць яго ў тэлефоне мне шкада. Я аддаю перавагу прагулцы па горадзе, на якую ходзім разам з сяброўкай Насцяй.

    – Дзюдо вучыць і ўменню валодаць сабой?

    – Так, дзюдо вучыць разважлівасці і супакаенню. Думаю, гэта таксама мяне вабіць.

    – А якія ў цябе планы на будучыню?

    – Я хачу трапіць у нацыянальную зборную і абараняць гонар краіны на міжнародных спаборніцтвах. Але для гэтага трэба шмат працаваць – і на трэніроўках, і над сабой.

    Ганна

    МЕЛЬНІК

     

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика