НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post
Напярэдадні Дня пажылых людзей, 29 верасня, у ГДК г. Століна адбылася святочная канцэртная праграма «А свята такое маладое», прымеркаваная да 35-годдзя народнага хору ветэранаў «Факел». Удзел у юбілейным мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі ўлады, работнікі культуры, калегі, сябры і аматары творчасці вядомага і паважанага на Століншчыне калектыву.
З гісторыі
Калектыў быў арганізаваны пры Столінскім ГДК у сакавіку 1987 года. Ініцыятарам аб’яднання аднадумцаў і кіраўніком хору стала Алена Канстанцінаўна Аўсянік. Праўда, ужо праз некалькі гадоў хор набыў новага кіраўніка – Дзіну Ціханаўну Бажко, чалавека апантанага песняй, творчай і сцэнічнай дзейнасцю, якая ўнесла непамерны ўклад у развіццё калектыву. Яна была кіраўніком да 2015 года, а на змену таленавітаму кіраўніку прыйшоў акампаніятар хору Адам Ціханавіч Пазяйчук.
Хор ветэранаў – прыклад для многіх калектываў аматарскай творчасці горада і раёна. Аснову рэпертуару складаюць песні савецкіх, беларускіх кампазітараў патрыятычнай тэматыкі. Калектыў працуе ў цеснай сувязі з мясцовымі самадзейнымі кампазітарамі і паэтамі Століншчыны. У выкананні аматарскіх спевакоў песні гучаць заўсёды яскрава і прафесійна.
Калектыў на працягу многіх гадоў вядзе актыўную творчую дзейнасць. За час работы хорам назапашана прыкладна каля двухсот песень, твораў вакальна-харавога характару. Кожная песня адлюстроўвае гераічную старонку нашай краіны, самабытнасць народа, непаўторнасць малой радзімы. У рэпертуары асаблівае месца займае цыкл песень пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны «Ветераны, носите ордена», «Ветеранский вальс» і інш. Для моладзі артысты падрыхтавалі эстафету пакаленняў (акцябраты, піянеры, камсамольцы). Ёсць песні цыклу «Вахта памяці».
З вялікім задавальненнем народны хор ветэранаў «Факел» прымае ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі, Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дню горада, Дню абаронцаў Айчыны, Дню пажылых людзей і іншых.
За творчыя дасягненні, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць, уклад у развіццё і папулярызацыю патрыятычнай песні ў 1991 годзе хору прысвоена званне «Народны самадзейны калектыў».
Да юбілейнай даты – 30-годдзя калектыву – у 2017 годзе для ўдзельнікаў хору былі набыты новыя сцэнічныя касцюмы.
 Дзякуючы карпатлівай творчай працы хор «Факел» мае значныя поспехі ў папулярызацыі харавога мастацтва сярод насельніцтва. Калектыў прымаў удзел у конкурсах і фестывалях розных узроўняў, за сваю творчую дзейнасць скарбонка папаўняецца новымі і новымі ўзнагародамі ад раённага да міжнароднага ўзроўняў. Такая творчая садружнасць людзей-аднадумцаў, якія ўвесь час знаходзяцца ў пошуку новых фарбаў, непаўторнага гучання, гарантуе доўгае жыццё песні і нашай самабытнай культуры.
Святочная праграма
У час мерапрыемства прагучалі лепшыя творы з рэпертуару народнага хору ветэранаў «Факел». Артысты выконвалі песні пра родны Столін, Гарынь-рэчаньку і інш.
Асобны блок праграмы прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, якая пакінула незабыўны след у памяці кожнага беларуса і ў сэрцах удзельнікаў хору, якія праз песні заклікаюць памятаць мінулае і нас. Глыбінёй і пранікнёнасцю вылучаліся вершы, аўтарам якіх з’яўляецца Юрый Пірскі.
 На свяце не змаглі не ўспомніць тых удзельнікаў, якіх з намі, на вялікі жаль, ужо няма, але яны заўжды ў нашай памяці і ўспамінах. Таму светлую памяць пра кожнага з артыстаў ушанавалі хвілінай маўчання.
Віншаванні
 З прывітальным словам да юбіляраў звярнуўся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі. Рыгор Васільевіч падкрэсліў, што ўсе прысутныя вельмі хвалююцца за гонар калектыву, і ўручыў па-дзячны ліст райвыканкама юбілярам у асобе кіраўніка калектыву Адама Пазейчука, а ганаровую грамату райвыканкама – Дзіне Бажко.
Сардэчныя віншаванні на адрас віноўнікаў урачыстасці прагучалі ад начальніка аддзела культуры Васіля Зарубы, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Любові Дземідовіч, старшыні раённага Савета ветэранаў Анатоля Максімовіча. Таксама гучалі шчырыя віншаванні і пажаданні з нагоды Дня пажылых людзей.
Ганаровай граматай аддзела культуры за шматгадовую добрасумленную працу ў сферы культуры, высокі прафесіяналізм узнагароджаны кіраўнік народнага хору Адам Пазяйчук, падзячным лістом аддзела культуры – Ганна Снюк за актыўны ўдзел у творчай дзейнасці народнага хору.
За актыўную жыццёвую пазіцыю па развіцці культуры раёна, прапаганду харавога мастацтва, выхаванне маладога пакалення граматы раённага Савета ветэранаў адрасаваны Адаму Пазейчуку, Лідзіі Крым, Галіне Цупе і Юрыю Пірскаму.
Гучалі віншаванні ад сяброў, аматараў творчасці, а таксама прадстаўнікоў тых арганізацый, у якіх працавалі ўдзельнікі хору. Да іх далучаемся і ўсе мы, жадаем творчых поспехаў, новых перамог і дасягненняў, сваімі песнямі і надалей цешыць і падтрымліваць культуру горада і раёна.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара
Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
За баранкой 45 лет

За баранкой 45 лет

25 октября, 2024
Ответственность – за плечами
Покупатель как друг

Покупатель как друг

25 октября, 2024

Оставить комментарий

Похожие новости