• ru
  • by
  • 27 красавіка

    USD

    EUR

    Столін

    11C

    У нас у гасцях – Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

    22.02.2019

    121

    0

    Rate this post

     
    Шэсць спектакляў пакажуць артысты Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, якія з 21 па24 лютага прабудуць з гастролямі ў Століне.

    Першы спектакль адбыўся ўчора на сцэне Столінскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Была паказана п’еса  сучаснага беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага “А калі заўтра няма…” (16+). Яе гледачамі сталі педагогі, навучэнцы ліцэя і старшакласнікі горада.

    … У п’есе паказана жыццё 16-гадовага Антона, які даведзены да адчаю. Вось яны — парэнчы балкона на чацвёртым паверсе… Крок наперад — і заўтра ўжо не будзе! Але ўнізе стаіць дворнік Васіль. Ён не прыходзіць у жах, не крычыць, а толькі глядзіць уверх, чамусьці  ўсміхаецца …

    Выпадковае знаёмства становіцца лёсавызначальным, бо дворнік ратуе хлопца ад здзяйснення самай вялікай памылкі.

    Як аказваецца, бацькі Антона паехалі ў Лондан і там другі тыдзень «адрываюцца». Дома паралізаваны маўклівы дзед, а каханая дзяўчына не хоча размаўляць з Антонам.

    Пакінуты, забыты, нікому не патрэбны, дзед увесь свой час праводзіць у маўчанні, яго ніхто не вывозіць на вуліцу. Глядач упэўнены, што ў старога адняло мову.  Але высвятляецца, што маўчанне – гэта пратэст у адносінах да ўласнай сям’і, якой ён стаў не патрэбны. Абыякавасць блізкіх толькі парадніла Антона з дзедам.

    Гэтая п’еса пра сем дзён, якія памянялі  светапогляд галоўнага героя. Усяго тыдзень, за які ён здабыў і страціў сябра. Аднак менавіта гэты час дапамаго Антону знайсці ў сабе сілы для дапамогі такому ж няшчаснаму чалавеку. «Заўтра» ужо ніколі не надыходзіць для дворніка, але Васіль дорыць «заўтра» Антону і яго дзеду, якія ў канцы спектакля выязджаюць на двор. Яны разумеюць, што гэты дзень стаў пачаткам новага жыцця, у якім яны больш не будуць самотныя…

    Гэтая пастаноўка прымушае людзей гаварыць на тыя тэмы, пра якія звычайна прынята маўчаць: адзінота, абыякавасць самых блізкіх і ўдзел зусім чужых людзей, якія  здольны дапамагчы зрабіць правільны выбар.

    Прагляд прайшоў на адным дыханні. Гледачы апладзіравалі стоячы, шчыра дзякавалі за далучэнне да тэатральнага мастацтва, не выязджаючы ў сталіцу. Многія ўпершыню адкрылі для сябе гэты тэатр.  

    Ролі выконвалі: Антон –Дзмітрый Давідовіч, дворнік Васіль – Андрэй Новік (ураджэнец Століна, выпускнік ліцэя), тата Сяргей Антонавіч – Максім Шышко, ён жа выконваў ролю дзеда.

    Пасля спектакля адбылася творчая гутарка з акцёрамі тэатра. Юныя гледачы задавалі акцёрам пытанні, цікавіліся іх ролямі і ў тэатры і кіно, складанасцямі прафесіі.

    Як прызнаўся Андрэй Новік, з самага пачатку акцёрскай кар’еры ён марыў прыехаць у родны горад са сваёй творчай работай. І вось яго мара ажыццявілася. Яны з трупай тэатра пакажуць чатыры работы, а спектакляў  сыграюць увогуле шэсць.

    Пастаноўка “А калі заўтра няма…”  – гэта яго студэнцкая і адна з любімых работ, як і п’еса”Ціхі шэпат сыходзячых крокаў”, якая адбудзецца на сцэне Столінскага гарадскога дома культуры 23 лютага.

    Гэта  спектакль, дзе мяжа паміж жыццём і смерцю, сном і рэальнасцю сціраецца канчаткова. Магчыма, гэта той спектакль, у якім сны, што датычацца мінулага, цяперашняга і будучага, нясуць у сабе столькі інфармацыі, што хопіць надоўга паразважаць і асэнсаваць уласныя думкі і адносіны паміж роднымі і блізкімі.

    22 лютага аматараў тэатра парадуюць камедыяй “Адамавы жарты” (18+). Аўтэнтычны, легкі спектакль.У ім неверагодна пераплецена рэальнае і фантастычнае, сапраўднае і карыкатурнае, сучаснае і старажытнае, шмат музыкі, пластыкі і, вядома, жартаў.

    23 і 24 лютага ў 11.00 гадзін у Столінскім ГДК дзецям пакажуць спектакль для дзяцей і дарослых “А мне не сорамна”  ў жанры “Больш, чым казка” (6+). Цана білета – 5 рублёў.

    …У лесе згубілася чыёсьці сумленне! Добрае, смешнае стварэнне выпадкова выпала з цела свайго гаспадара. І цяпер нехта блукае без сумлення! Лес у небяспецы!

    Маленькія, але вельмі адважныя Заяц, Вожык і Бабраня дружна адправіліся на пошукі бессаромніка…

    Пачатак спектакляў для дарослых у 18.00 гадзін. Заказ білетаў па тэл. 2 05 50 (гарадскі Дом культуры). Цана – 10 рублёў.

    Галіна ГАШЧУК

    На здымку: на памяць з акцёрамі

    Фота аўтара

    Абмеркаванне

    Для адпраўкі каментара Вам неабходна ўвайсці або зарэгістравацца.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика