• ru
  • by
  • 2 мая

    USD

    EUR

    Столин

    21C

    Без хлеба сытым не будзеш

    12.09.2023

    320

    0

    5/5 - (1 голос)

    Першы рэгіён першым у рэспубліцы падвёў вынікі сёлетняга жніва на свяце «Дажынкі-2023» у Ганцавічах.

    Брэстчына завяршыла ўборку збожжавых і зернебабовых з ураджайнасцю ў 40,1 цэнтнера з гектара. Гэта больш мінулагодняга паказчыка на 0,5 цэнтнера. Прычым, менавіта па гэтай лічбе вобласць адзіная сярод іншых у краіне пераўзышла ўзровень 2022 года.
    У бункернай вазе першы рэгіён сабраў каля мільёна 340 тысяч тон збожжа. З улікам усіх збожжавых каласавых і зернебабовых, а таксама кукурузы, на зерне плануецца атрымаць каля 1,6 мільёна тон.


    Масланасення азімага рапсу сабрана 250 тысяч тон – 109 працэнтаў да мінулага года. Ураджайнасць гэтай культуры – 33,2 цэнтнера з гектара. Дарэчы, Столінскі раён з ураджайнасцю рапсу ў 38,1 цэнтнера з гектара на трэцім месцы ў вобласці. Таксама ў бронзавых прызёрах і па агульнай ураджайнасці – 46,6 цэнтнера з гектара. Самы вышэйшы паказчык у Брэсцкім раёне – 54,4 ц/га, на другім месцы Камянецкі раён – 52 ц/га.
    Канешне дасягнуць добрых вынікаў Брэстчына змагла толькі дзякуючы прафесіяналізму аграрыяў. Усе, ад кіраўніка да механізатара, камбайнера, вадзіцеля, самаадана працавалі на хлебнай ніве, каб краіна была ў харчовай бяспецы.
    Так, у вобласці было больш за 600 экіпажаў камбайнаў, што намалацілі тысячу тон збожжа, 64 экіпажа – па дзве тысячы тон і восем экіпажаў-трохтысячнікаў.
    Са святочнай сцэны фестывалю-кірмашу да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Ермаловіч, які зачытаў прывітальны адрас ад імя Кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.
    – Працаўнікі Брэстчыны ўнеслі значны ўклад у рэспубліканскі каравай. І ў чарговы раз пацвердзілі свой статус высокаразвітага аграрнага рэгіёна. Нягледзячы на складаныя кліматычныя ўмовы, вобласць першай у краіне пачала і першай завяршыла жніво.
    Поспех першага рэгіёна цалкам заканамерны. У яго падмурку стараннасць і майстэрства механізатараў, прафесіяналізм аграномаў, граматная арганізацыя труда кіраўнікамі гаспадарак, уменне працаваць адзінай дружнай камандай.
    Вялікі дзякуй аграрыям за добрасумленнае стаўленне да справы, адданасць і любоў да роднай зямлі.
    Вітаў аграрыяў і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка:
    – Хлеб – гэта той прадукт, што спрадвеку гадавалі людскія рукі. Сёння тут сабраліся перадавыя механізатары, ганаровыя госці. Вынік сёлетняга жніва адзін з самых лепшых за гісторыю Брэсцкай вобласці.
    – Мы пачыналі сеяць, чакалі ўзыходы, глядзелі на надвор’е, напэўна, размаўлялі з Богам, але верылі ў сябе. Наша задача была вырасціць, сабраць і спячы наш каравай. Ён вагомы! Гэта чарговы раз пацвярджае, што менавіта дзякуючы працавітым рукам хлебаробаў, захаванню тэхналогій і, што немалаважна, падтрымцы Кіраўніка дзяржавы – у нас усё атрымаецца.
    – Шчыра рады за Брэсцкую зямлю і ганаруся, што працую разам з вамі! – адзначыў кіраўнік вобласці.
    Удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах прымала таксама і дэлегацыя Столінскага раёна.
    Заслужаныя ўзнагароды атрымалі і нашы аграрыі.
    Пераможцамі ў сваёй намінацыі сталі галоўны аграном УП «Рубельскі» Дзмітрый Пашкавец і галоўны інжынер КСУП «Відзіборскі» Сяргей Яхнавец.
    На першым месцы сярод старшых камбайнераў – Уладзімір Вярэніч з КСУП «Відзіборскі». Ён таксама атрымаў сертыфікат на электрасамакат ад ААТ «Гомсельмаш».
    Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Міхаіл Пацукевіч, трактарыст-машыніст з СВК «Фядорскі».
    Падзяка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання аб’яўлена Аляксандру Ляшкевічу, дырэктару УП «Рубельскі».

    Ганаровым дыпломам узнагароджаны пераможца агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў» Міхаіл Грыб, кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Палессе-ГМІ».
    Ад ААТ «Амкадор» пуцёўку на адпачынак у адзін з санаторыяў Беларусі атрымаў Аляксей Бародзіч, дырэктар ААТ «Палеская ніва».
    Падзячны ліст Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза ўручаны Андрэю Засімовічу, выконваючаму абавязкі дырэктара ААТ «Новая Прыпяць» за дасягненне найбольшай ураджайнасці збожжавых – звыш 55 ц/га.
    Ганаровымі граматамі Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў і грашовымі сертыфікатамі за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю сярод сямейных экіпажаў адзначаны Ілля і Юрый Неўдахі з КСУП «Відзіборскі». Дарэчы, сённяшняе жніво для братоў было саракавым (!). І ўжо трэці год запар яны зай-маюць ганаровыя месцы сярод пераможцаў абласнога спаборніцтва.
    У фестывалі-кірмашу прымалі ўдзел і ўстановы адукацыі. Свае стылізаваныя падворкі арганізавалі Столінскія аграрны і аграрна-эканамічны каледжы. Апошні таксама прымаў удзел у конкурсе караваяў. І атрымаў дыплом І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, як пераможца конкурсу «Лепшая кампазіцыя збожжавых культур – Каравай-2023». Дарэчы, каравай спечаны навучэнкай каледжа Валянцінай Грыб з групы Ю-58.
    Аб’яўлена падзяка намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзіма Краўчука выкладчыку аграрна-эканамічнага каледжа Андрэю Шпаку за выніковы ўдзел на жніве сярод камбайнераў-выкладчыкаў устаноў прафесійнай адукацыі.
    Традыцыйна ў межах фестывалю-кірмашу праходзіў конкурс на лепшую арганізацыю гандлю і грамадскага харчавання. Столінскае раённае спажывецкае таварыства заняло ў ім трэцяе месца.
    Сваю прадукцыю прэзентавалі торфапрадпрыемства «Глінка» і Гарынскі камбінат будаўнічых матэрыялаў.
    Упрыгажэннем калоны прадстаўнікоў раёна займаліся прадстаўнікі культурнай сферы. У створанай сюжэтнай лініі яны перадалі асаблівасці палесскага краю. У першую чаргу, адзін з галоўных здабыткаў – гэта высокі ўзровень нараджальнасці. А таксама працавітасць, міралюбнасць, гасціннасць нашых жыхароў.
    …Адзвінелі акорды вясёлага хлебаробскага свята. На наступны год «Дажынкі-2024» будзе прымаць Лунінеччына – горад Мікашэвічы.
    Алена КЛІМУШКА
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика