• ru
  • by
  • 19 мая

    USD

    EUR

    Столин

    23C

    А як жа без нашай газеты?

    17.12.2019

    518

    0

    Rate this post

    Падпісная кампанія на газету «Навіны Палесся» працягваецца, таму трымаю шлях у аддзяленне сувязі Кароцічы. Яно абслугоўвае тры населеныя пункты: Кароцічы, Талмачава і самую аддаленую ад раённага цэнтра вёску Луткі. Едзем туды разам з паштальёнам Наталляй Леська, з якой будзем разносіць карэспандэнцыю падпісчыкам.
    Наталля Мікалаеўна, ці як ласкава яе завуць мясцовыя жыхары – Наташа, працуе чатыры гады. І сама жыве ў Лутках, таму ведае кожнага падпісчыка.

    – Людзі ў нас простыя, працавітыя, ветлівыя, таму сваю работу я вельмі люблю. Вось нясу пенсію сваім бабулькам, то яны абавязкова ўсімі навінамі падзеляцца. Любяць і чытаюць «Навіны Палесся». А як жа без газеты, кажуць.
    Мясцовыя жыхары і сапраўды, як толькі даведваліся, што я з «Навін Палесся», з ахвотай заводзілі дыялог. Галіна Сакула і Мікалай Леська – суседзі, выпісваюць газету даўно, чытаюць і хочуць, каб было больш навін пра сваю вёску.
    Так лічыць і Ніна Сцямпкоўская. Жыве з дачкой Святланай і ўнукам Іванам.
    – Я вельмі люблю свае родныя Луткі і вельмі хачу, каб яны квітнелі, – дзеліцца сваім меркаваннем Ніна Іванаўна. – Хачу, каб былі дарогі, каб асвятленне было на вуліцах, каб вёска не меншала, каб моладзь нікуды не ехала. Людзі нашы звыклі працаваць, але няма рабочых месцаў. Добра, што хоць сельскі клуб ёсць.
    Яшчэ ёсць сельская бібліятэка, якой амаль 15 гадоў загадвае Марыя Сцямпкоўская. Яна сама звыкла чытаць газету з першай старонкі да апошняй. Якраз вярнуўся з работы яе муж Сергей, які працуе намеснікам дырэктара школы ў суседніх Хільчыцах Жыткавіцкага раёна. Ён займаецца даследаваннем роднай вёскі і кожны год падводзіць вынікі: колькі дзяцей нарадзілася, колькі чалавек памерла і гэтак далей. Зараз у Лутках жывуць 322 чалавекі, з іх 63 дзіцяці.
    Шкадуе, што няма школы ў вёсцы. Большая частка дзяцей вучыцца ў Хільчыцах, а астатнія атрымліваюць адукацыю ў Кароцічах.
    У Хільчыцы ходзяць і дзеці мнагадзетнай маці Анастасіі Леськай. Сама Анастасія родам з Альшан, але за столькі гадоў прыкіпела да Лутак усёй душой.
    – Тут у нас ціха, а калі прыязджаю да маці ў Альшаны, то доўга не магу звыкнуць да пастаяннага шуму. А вось яна да мяне прыязджае, калі хоча адпачыць. У параўнанні з Луткамі Альшаны сапраўдны мегаполіс.
    Згодна з гэтым і яшчэ адна маладая маці Марыя Санец. Разам з мужам вырашылі застацца жыць у Лутках. «Навіны Палесся» выпісваюць заўсёды. «Толькі неяк адзін месяц забыла выпісаць, то бегала да бацькоў чытаць», – смяецца Марыя.
    Увогуле, на свае вочы ўпэўнілася, што газеты чытаюць тут не толькі пенсіянеры, але і маладыя людзі. Іван Леська – двухметровы прыгажун – таксама пастаянны падпісчык. Працуе жывёлаводам у мясцовай гаспадарцы. Любіць чытаць пра што-небудзь незвычайнае, што робіцца ў раёне, а не афіцыйныя матэрыялы. Цікавяць матэрыялы пра маладзёжны рух, падарожжы, пра спорт.
    А вось Юрый Сцямпкоўскі чытае раёнку і свайму бацьку, якому ўжо 82 гады. Той ужо не бачыць, таму просіць сына прачытаць … дзе хто памёр.
    Яшчэ адзін лутчанін Фёдар Леська газету не выпісвае, кажа, што чытае толькі «Друг пенсионера». Параіў і ў «Навінах Палесся» больш тэматычных рубрык завесці, каб усім было цікава. Тады і выпіша.
    А вось Уладзіміра Леську, які працуе жывёлаводам, усё ў газеце задавальняе. «Што напішаце – тое і чытаем», – кажа Уладзімір Іванавіч. Зараз ён дапамагае настаяцелю храма святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна ў час службы, таму з цікаўнасцю чытае матэрыялы ў рубрыцы «Святло веры». Любіць спартыўную паласу, а яшчэ калі пішуць пра людзей – выхадцаў са Столінскага раёна, якія дасягнулі пэўных вышынь.
    Што хачу сказаць наконт свайго візіту ў Луткі. Вельмі прыемныя людзі, якія перажываюць за сваю вёску. Самае набалелае – гэта адсутнасць добрай дарогі. І тое, што дагэтуль у вёсцы, адкуль адпраўляюцца тры рэйсавыя аўтобусы, няма нават абсталяванага прыпынку. Толькі лавачка стаіць, а калі дождж, то куды хавацца? Папрасілі разабрацца з гэтым пытаннем газету, на якую вельмі спадзяюцца.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика