З Ганнай Мельнікавай мы пазнаёміліся падчас святкавання Дня вёскі ў Лутках, дзе яна нарадзілася і жыве. Яна была ўдзельніцай выстаўкі, на якую прывезла свае прыгожыя вырабы з паперных трубачак. А вось завочна з Ганнай Адамаўнай была знаёма
намнога раней, як з настаўнікам матэматыкі Кароціцкай сярэдняй школы.
Настаўнікам, які не проста выкладае прадмет, а ўмее дакрануцца да сэрца вучняў. Таму часта чула добрыя выказванні пра яе, і адзін з іх зусім нядаўна даслала былая вучаніца Алена Сямейка, якая сёлета разам з аднакласнікамі адзначала 20 гадоў пасля заканчэння школы:
– Ганна Адамаўна была ў нас класным кіраўніком і настаўнікам матэматыкі. Запомнілася як добры і спагадлівы чалавек, да якога можна было звярнуцца з любым пытаннем, і яна заўсёды знаходзіла час і патрэбныя словы. На яе ўроках было цікава, нават тым, хто «не сябраваў» з вучобай. Яна – прыклад дастойнага прадстаўніка прафесіі педагога, бо не толькі веды давала, але і паказвала правільныя арыенціры. Дзякуй ёй ад усяго сэрца!
А вось сама Ганна Адамаўна дзякуе сваім бацькам, якія з маленства прывівалі такія якасці, як сумленне, адказнасць. Бацька скончыў бібліятэчны тэхнікум, таму ўсе яго тры дачкі гадаваліся на кнігах, якіх было безліч на паліцах. Ганна выбрала настаўніцкую сцежку і матэматыку. Скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. Шамякіна і вярнулася на радзіму. Вось ужо 30 гадоў – настаўнік матэматыкі.
– Добра памятаю кожнага вучня і яго характар. А тых, у каго была класным кіраўніком, дагэтуль называю «мае дзеці», – дзеліцца Ганна Адамаўна. – Цікаўлюся іх жыццём, добра, што зараз у гэтым вельмі дапамагае інтэрнэт.
– У чым сакрэт таго, што з усімі вучнямі вы ў добрых адносінах?
– Вось у гэтым і ёсць сакрэт – у дабрыні! – адказвае настаўніца. – Нездарма ж у народных казках дабро заўсёды перамагае зло. Растлумачыць гэтую, на першы погляд, зразумелую ісціну, вось мая задача. Лічу бессэнсоўна спрачацца, а тым больш крычаць на вучняў. Не ўсе стануць светачамі навукі альбо атрымаюць доктарскую ступень. А вось заставацца чалавекам пры любых абставінах – гэта самы патрэбны навык. Заўжды паўтарала і паўтараю сваім вучням – кожны дзень рабіце адну добрую хоць маленькую справу. Тады будзе квітнець вёска, краіна, нацыя.
Яшчэ Ганна Адамаўна заклікае не забываць вучыцца на працягу ўсяго жыцця, тым больш зараз, калі адкрываецца столькі магчымасцяў. Сама яна таксама вучыцца, вось тэхніку пляцення з паперных трубачак засвоіла. Кошыкі і шкатулкі звычайна становяцца падарункамі для родных і сяброў. У маладосці многа вышывала і вязала, нават адзенне для сваіх дзяцей. Дарэчы, яны таксама пайшлі па настаўніцкай сцежцы. Сын Аляксандр атрымаў адукацыю настаўніка фізічнай культуры, дачка Кацярына – выхавальнік у дзіцячым садку. Дзве ўнучкі і ўнук любяць бываць у бабулі і дзядулі.
– Здароўе – гэта вялікая работа над сабой, таму імкнуся многа рухацца, каб надаўжэй заставацца «у страі». Бо планаў у мяне яшчэ многа, – усміхаючыся, кажа суразмоўца.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара