12 студзеня на базе ААТ «Палеская ніва» прайшоў семінар-вучоба для агранамічнай службы раёна.
На ім прысутнічалі начальнік аддзела па раслінаводстве, спецыялісты раённай інспекцыі з удзелам прадстаўнікоў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства (далей – РУП) «Інстытут аховы раслін» і АТ «Шчолкава Аграхім».
– Вельмі прыемна, што менавіта нашу гаспадарку выбралі апорнай пляцоўкай, – расказаў дырэктар ААТ «Палеская ніва» Аляксей Бародзіч. – У арганізацыі назапашаны салідны вопыт вырошчвання другога хлеба, з’яўляемся элітнай гаспадаркай па вырошчванні збожжавых, зернебабовых, масленічных культур. Таму прымяненне правільных хімічных сродкаў і мікраўгнаенняў для нас з’яўляецца галоўным. Асноўную ўвагу надаем пытанням догляду пасеваў сельскагаспадарчых культур з выкарыстаннем новых пестыцыдаў і мінеральных угнаенняў.
Наталля Крупенька, кандыдат біялагічных навук, дацэнт, загадчыца лабараторыі фітапаталогій РУП «Інстытут аховы раслін» падрабязна расказала пра фітасанітарную абстаноўку па хваробах зернавых культур ва ўмовах бягучага перыяду.
– Наша лабараторыя займаецца распрацоўкай тэарэтычных, метадалагічных і практычных асноў інтэграваных сістэм абароны збожжавых культур ад хвароб ва ўмовах Рэспублікі Беларусь, – патлумачыла Наталля. – Лічу, што такія семінары вельмі карысныя для аграномаў. Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Так і ў нашым выпадку. У сваёй прэзентацыі звярнула ўвагу спецыялістаў на такія хваробы, якія цяжка распазнаць на раслінах без спецыяльных даследаванняў.
Аляксандр Сташкевіч, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт, загадчык лабараторыі гербалогіі паказаў прэзентацыю «Шкоднасць пустазельных раслін у пасевах асноўных сельскагаспадарчых культур».
Выступіў на семінары і вядучы менеджар прадстаўніцтва па Брэсцкай вобласці АТ «Шчолкава Аграхім» Аляксандр Шпу-дзейка, які прадэмастраваў агранамічнай службе раёна сучасныя тэхналогіі ў вырошчванні сельскагаспадарчых культур ад расійскай кампаніі.
«Шчолкава Аграхім» цесна супрацоўнічае з інстытутам аховы раслін і разам выпрабоўваюць сродкі аховы раслін менавіта для Рэспублікі Беларусь.
Дадзеная вучоба атрымала высокую ацэнку як з боку спецыялістаў гаспадарак, так і прадстаўнікоў раёна.
Вольга СЕГЕН
Фота аўтара