НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

Пра будні пажарнай часці, пра сябе і прадстаўнікоў самай «гарачай» прафесіі карэспандэнту раённай газеты расказаў начальнік Давыд-Гарадоцкай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 2 (далей – ПАВЧ) маёр Валерый Свірыдчук.
– Валерый Юр’евіч, як спрацавала ПАВЧ № 2 за мінулы год?
– За 2023 год нашым падраздзяленнем быў ліквідаваны 21 пажар. Здзейснены два выезды на ліквідацыі наступстваў ДТЗ, праведзена 36 тактыка-спецыяльных заняткаў і два вучэнні на аб’ектах. Таксама прымалі ўдзел у тушэнні больш чым ста выпадкаў гарэння сухой травы, дэзінсекцыі, аказанні дапамогі насельніцтву і ўзаемадзейнічалі з іншымі службамі.
– Некалькі слоў аб сваіх калегах, з якімі працуеце. Сучасны пажарны-выратавальнік – які ён?
– На сёння ў нашай часці працуе 20 чалавек: 18 – пажарныя-выратавальнікі, якія працуюць пазменна, адзін старэйшы вадзіцель і начальнік ПАВЧ.
Сучасны пажарны-выратавальнік – гэта адказны, пунктуальны, кемлівы, граматны чалавек з моцнымі нервамі, жалезнай воляй і добрай фізічнай падрыхтоўкай. У нашу сферу дзейнасці трапляюць і застаюцца працаваць толькі самыя моцныя хлопцы, бо работа не з лёгкіх.
– Як адбываецца навучанне кадраў і да чаго павінны быць гатовы жадаючыя патрапіць у шэрагі работнікаў МНС?
– Цэлы год мы працуем над павышэннем прафесійнага ўзроўню, складаем расклад заняткаў і здачы нарматываў, адпрацоўкі аб’ектаў. Гэта сістэма з’яўляецца залогам паспяховай ліквідацыі пажараў і іншых надзвычайных сітуацый з мінімальнымі рызыкамі.
Важная і маральная падрыхтоўка. У абласным упраўленні ёсць псіхалагічная служба, якая ўзаемадзейнічае як з кандыдатамі на работу, так і з асабовым складам.
Як правіла, спецыялісты праходзяць навучанне ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС, аднак трапіць у рады выратавальнікаў можна і пасля службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.
– Валерый Юр’евіч, чаму менавіта гэтую прафесію выбралі для сябе?
– У сёмым класе я ўжо ўсвядоміў – хачу дапамагаць людзям і стаць пажарным-выратавальнікам. На маё такое сур’ёзнае рашэнне паўплывалі не бацькі, тым не менш без іх падтрымкі, я не змог бы ажыццявіць задуманае. Хутчэй за ўсё паўплывалі фільмы і серыялы пра мужных хлопцаў, якія гатовыя прыйсці на дапамогу 24 гадзіны ў суткі і сем дзён у тыдзень. Таму паставіў перад сабой мэту: паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову. Пачаў інтэнсіўна працаваць над сабой: як фізічна, так і маральна, бо наперадзе мяне чакаў цяжкі адбор і іспыты. Так, у 2008 годзе, я стаў студэнтам камандна-інжынернага інстытута (г. Мінск), цяпер гэта – універсітэт грамадзянскай абароны. Пасля заканчэння быў накіраваны ў ПАВЧ № 1 г. Століна, дзе мяне назначылі начальнікам дзяжурнай змены. Так, з 2012 года пачалося назапашванне вопыту і псіхалагічнае станаўленне пажарнага-выратавальніка Валерыя Свірыдчука. Прапрацаваўшы там год, у той жа пасадзе пераводзяць мяне на маю малую радзіму – у Давыд-Гарадок, у ПАВЧ № 2. З 2015 года і дагэтуль з’яўляюся начальнікам гэтай часці.
– Вы памятаеце свой першы выезд на пажар?
– Вядома. Гэта быў пажар у вёсцы Радчыцк. Па прыездзе на месца выкліку, мы выявілі, што ў будынку гаспадарчай пабудовы бушуе моцны пажар: у ім знаходзілася шмат сена. Агонь быў ліквідаваны хутка. У выніку пажару ніхто з людзей не пацярпеў, аднак у агні загінулі свойскія жывёлы.
– Якія прыклады гісторый выратавання Вы маглі б прывесці са сваёй працоўнай дзейнасці?
– На самай справе прыкладаў шмат, але асабліва яскравай для мяне стала гісторыя выратавання жыхаркі аднаго з населеных пунктаў раёна. 1 студзеня 2015 года на 101 паступіў званок, што гарыць дом, дзе могуць знаходзіцца людзі. Па прыбыцці нашага падраздзялення дом быў запоўнены густым з’едлівым дымам. Пры аглядзе аднаго з пакояў я натыкнуўся на шафу, у якой заўважыў шкарпэтку. Дакрануўшыся да яе, зразумеў – гэта нага чалавека. Здавалася б, дарослы чалавек, але, у стрэсавай сітуацыі жанчына не паспрабавала выбегчы з дому, а наадварот – схавалася ў шафу. На шчасце, усё склалася добра.
– За час Вашай работы, які год самы цяжкі? Якая прафілактычная работа праводзілася ў гэтым напрамку?
– 2015 год, калі гарэлі лясы. Можна сказаць, пажарныя падраздзяленні амаль увесь час былі там, але мы справіліся. Пасля гэтага пажаранебяспечнага перыяду былі падрыхтаваны і зацверджаныя графікі сумесных рэйдаў па выяўленні і спыненні выпальванняў сухой травы і расліннасці, а таксама ачагоў гарэння ў тарфяных масівах. Адзначу, што незалежна ад года, у пажаранебяспечны перыяд, мы ўвесь час выязджаем у рэйды. На парушальнікаў складаем адміністрацыйныя пратаколы.
– Вашы супрацоўнікі актыўна ўдзельнічаюць і ў прафілактычных рэйдах у перыяд купальнага сезона?
– Так, з мэтай недапушчэння купання ў забароненых месцах, распіцця спіртных напояў і распальвання вогнішчаў на пляжах сумесна з супрацоўнікамі МУС, АСВОД праводзяцца сумесныя рэйды ў месцах адпачынку грамадзян каля вады ў перыяд купальнага сезона.
Аднак, нягледзячы на актыўную работу, у 2023 годзе ў нашай зоне патанулі сем чалавек. У цэлым па раёне ахвярамі вады сталі дзевяць чалавек, работнікамі АСВОД былі выратаваны два чалавекі.
– Вашы пажаданні калегам напярэдадні прафесійнага свята?
– Ад сябе асабіста і ад усіх пажарных-выратавальнікаў жадаю сваім калегам здароўя, сямейнага дабрабыту і прафесійнага росту. У любой надзвычайнай сітуацыі захоўвайце мужнасць, цвярозасць розуму і стрыманасць.
Вольга СЕГЕН
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Актуальные вопросы подготовки выборов
Аккредитовано 593 национальных наблюдателя
Диабет – не приговор
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости