НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Навучэнка трэцяга курса Столінскага аграрна-эканамічнага  каледжа Вікторыя Мароз – ініцыятыўная, актыўная, мэтанакіраваная прадстаўніца  маладзёжнага руху, што паспяхова дзейнічае  ў нашым раёне.

Вікторыя нарадзілася ў в. Велямічы. Ужо ў другім класе яе жыццё напоўнілася новымі падзеямі, прыемнымі ўражаннямі і яскравымі зменамі, дзякуючы яе безжурботнасці, весялосці, дабрыні і адкрытасці. Віка ўвесь час змяняла школьную сцэну на сцэну ў мясцовым Доме культуры, адно мерапрыемства на другое. Не магла яна сядзець без якіх-небудзь дзеянняў. Складвалася ўражанне, што нейкая дадатковая крыніца энергіі сілкуе яе.
Вікторыя наведвала гурток аматарскай творчасці пры Доме культуры, прымала ўдзел у канцэртных праграмах, выступала на раённых мерапрыемствах. Ці то прадэманстраваць аратарскае майстэрства, выразна прачытаць верш, ці то выступіць з дакладам, падрыхтаваць даследчую работу, ці то вынесці на суд журы свае творчыя здольнасці, прайсці іспыт на трываласць ведаў у нестандартнай форме – усё пад сілу навучэнцы. Але найбольш запомніўся дзяўчыне ўдзел у раённым конкурсе “Лідар года”, бо так, пэўна, не хвалявалася ніколі. Ды яшчэ і сапернікі ўсе годныя, таму нялёгка давялося ёй спаборнічаць з лепшымі вучнямі раёна, але задаволена, што заваявала чацвёртае месца.
З дзяцінства марыла стаць настаўнікам. Праўда, ужо ў старшых класах зразумела, што гэта вельмі цяжкая прафесія, бо ў наш час складана зацікавіць дзяцей, знайсці бяспройгрышны варыянт і спалучэнне ўсяго педагагічнага арсеналу, каб вучні не гублялі цікавасць да прадмета. На жыццёвым шляху яна сустрэла цудоўнага настаўніка матэматыкі Алену Паддубную, дзякуючы якой палюбіла лічбы і іх спалучэнні. Вікторыя ўдзячна настаўніку за трывалыя веды, ды і ўсяму педагагічнаму калектыву. Лічыць, што ёй пашанцавала вучыцца ў такіх вопытных людзей.
Жаданне працаваць з лічбамі прывяло Вікторыю ў Столінскі аграрна-эканамічны каледж. Будучы эканаміст і ў гэтай установе не сядзіць на месцы.
– Мне падабаецца актыўны лад жыцця, – падкрэслівае Вікторыя. – Таму, калі чую, што маладыя людзі пытаюць: “ А навошта нам гэта?”, не магу іх зразумець. Я яшчэ ў школе ўступіла ў БРСМ і задаволена гэтым. Няхай там, далей ад горада не такое вірлівае жыццё, а тут мы маем столькі розных магчымасцяў. Чаму б іх не выкарыстаць? Мы, моладзь, павінны адклікацца на тыя падзеі, якія адбываюцца вакол нас. Выказваць сваё меркаванне, выступаць з прапановамі, даказваць, што мы ёсць і будзем, бо ад нас залежыць заўтрашні дзень. Вельмі прыемна, што актывістаў у каледжы, горадзе, іншых населеных пунктах дастаткова. І разам мы можам зрабіць шмат карыснага.
Вікторыя – камандір валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”. Яна ўдзельнічае ў рабоце студэнцкага атрада. Дзяўчына не абмінае ніводнага мерапрыемства, адзначае, што ўзначальваць валанцёрскі рух ва ўстанове не так лёгка, але кожная пастаўленая задача абавязкова выконваецца. У БРСМаўцаў адзін адказ: трэба – значыць трэба. Акцыі, грамадскія мерапрыемствы, праекты… Кожнае з іх – каб прынесці карысць, дапамагчы. І дзяўчыне гэта да душы, асабліва калі бачыць удзячныя вочы людзей, іх радасць і задавальненне.
Акрамя гэтага Вікторыя займаецца ў Клубе вясёлых і знаходлівых, удзяляе ўвагу гурткам па спецыяльнасці. У скарбонцы ўзнагарод – другое месца ў абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу “Арт-вакацыі”, у рэспубліканскім фестывалі-конкурсе “Лесвіца поспеху” ў складзе каманды ўвайшла ў тройку пераможцаў, шмат узнагарод дзяўчына мае ад РК ГА “БРСМ”.
Днямі яна прадстаўляла раён на міжнародным маладзёжным мерапрыемстве. Вікторыя разам з актывістам БРСМ з гімназіі Анастасіяй Шабунька ў складзе каманды ад вобласці накіраваліся ў Польшчу.
– Уражанні неймаверныя! – дзеліцца Вікторыя. – Мы ўдзельнічалі ў праекце “Культурна натхнёныя” разам з палякамі і немцамі. Спачатку было неяк няёмка: як мы будзем размаўляць, разумець адзін аднаго. Праз некалькі гадзін складвалася ўражанне, што знаёмы ўсё жыццё. Знаёмства з культурай, славутасцямі… Экскурсіі… Кожны новы дзень быў прысвечаны новай краіне. Усе дэлегацыі выступалі і знаёмілі ўдзельнікаў праекта са сваімі традыцыямі, абрадамі, музыкай, адметнасцямі і інш. Разам спявалі, гулялі ў нацыянальныя гульні, расказвалі вершы, глядзелі ролікі пра розныя краіны. Пасля з дашкольных устаноў нас наведалі каля 50 дзяцей і наша задача заключалася ў тым, каб арганізаваць іх вольны час. Усім усё спадабалася. Шкада было развітвацца з новымі сябрамі.
Для Вікторыі важнае значэнне маюць зносіны, пошук новага і цікавага. Яна як вандроўнік ідзе па жыцці і атрымлівае асалоду ад кожнага імгнення. Любіць падарожнічаць. Задаволена, што побач сям’я, якая разумее і падтрымлівае дзяўчыну. Лічыць сябе патрыётам. Вікторыя адчувае, што на малой радзіме ёсць людзі, якія вераць у яе, ухваляюць кожнае пачынанне. Вікторыя не пакідае сваю малую радзіму, таму кожныя выхадныя спяшаецца па сцяжынцы дзяцінства да самых родных людзей.
У будучыні збіраецца атрымаць вышэйшую адукацыю, уладкавацца на работу па спецыяльнасці і трымаць руку на пульсе ў маладзёжнай палітыцы. Моладзі Вікторыя жадае развіцця, дасягнення пастаўленых мэт і ўпэўненых крокаў наперад. Каб нашы бацькі, настаўнікі былі ўпэўнены ў тым, што мы здолеем вытрымаць выклік лёсу і ўкаранім шмат добрага, патрэбнага, на-дзённага.

Людміла
КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости