На свята Пакроў Прасвятой Багародзіцы адзначыў свой 80-гадовы юбілей даволі вядомы чалавек у раёне Іван Іванавіч Майсюк – прызнаны майстар кравецкай справы.
Ён толькі крыху больш за год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, аддаўшы любімай справе, падумайце, 57 гадоў! Але са швейнай машынкай сябруе і зараз. Яго дзеці – асобы ў раёне таксама вядомыя. Віктар Іванавіч – хірург ад Бога – узначальвае Столінскую цэнтральную раённую бальніцу. Валянціна Іванаўна ў ёй жа працуе ўрачом-гінеколагам. Яшчэ адна дачка Раіса Іванаўна – настаўнік матэматыкі ў Давыд-Гарадоцкай сярэдняй школе № 2. Іван Іванавіч мае пяць унукаў і ўжо чатыры праўнукі, малодшаму з якіх – Вячаславу – толькі чатыры месяцы.
Адклаўшы ўсе свае справы, у гэты святочны дзень дзеці і ўнукі прыехалі павіншаваць свайго любімага бацьку і дзядулю. А таксама сабраліся сябры і калегі юбіляра. Далучыўся да іх старшыня Давыд-Гарадоцкага выканаўчага камітэта Вячаслаў Стаднік, які ад імя ўсіх гарадчукоў падзякаваў за працу і пажадаў доўгіх гадоў жыцця.
Мяне ўразіла тое, колькі ў гэтым чалавеку энергіі і жыццялюбства. Пэўна, і чытачам будзе цікава, як жа захаваць гэтыя якасці ў такім паважаным узросце.
Выбірайце справу па душы
…Тое, што стану краўцом, ведаў з дзяцінства. Бацька ўсё жыццё займаўся кравецкай справай і працаваў у тады яшчэ арцелі імя Чапаева. Таму здымаць меркі я навучыўся хутчэй, чым чытаць. Адчуваў, што мне гэта падабаецца па-сапраўднаму. Памятаю, што сваю першую кашулю пашыў яшчэ ў школьныя гады. І я ганаруся тым, што змог дастойна працягнуць справу бацькі і заваяваць давер людзей.
Калі ў мяне з’явіліся дзеці, яны таксама бачылі, чым я займаюся. Але па кравецкай сцежцы не пайшлі, ды і нікога не прымушаў. Бо ніколі пад прымусам чалавек не будзе рабіць тое, што не падабаецца. І я рады, што яны знайшлі сябе і займаюцца любімай справай.
Кожнаму свой куток
Нарадзіўся я ў Давыд-Гарадку, тут і прыгадзіўся. Хаця ў мяне была магчымасць пераехаць у Брэст. Але ў той дзень, калі я прыехаў, якраз не працаваў пашпартны стол і я вярнуўся дадому. Ды больш і не паехаў. Сустрэў сваю жонку, ажаніўся, сам пабудаваў дом і асеў тут. А зараз думаю, што ўсё адбылося, як патрэбна. Бо кожнаму свой куток.
Рабі добрыя справы
Усё жыццё працую з людзьмі і магу сказаць дакладна: дабрыня заўсёды вяртаецца. А яшчэ заўсёды дапаможа жарт. Не без гонару скажу, што са сваімі кліентамі я застаўся ў добрых адносінах.
Сем разоў адмерай – адзін раз адрэж
Гэтая прыказка дарэчы не толькі ў кравецкай справе. Вось так і ў жыцці: трэба сем разоў падумаць перад тым, як зрабіць. Бо жыццё памылак не даруе. У любым выпадку трэба сесці і спакойна разважыць, што да чаго.
Каханне – падарунак лёсу
Важна сустрэць свайго чалавека, якому можаш і сэрца, і душу даверыць. Упэўнены, толькі адзін раз бывае ў жыцці сапраўднае каханне, бо гэта падарунак лёсу. Магу сказаць, што мне пашанцавала, бо сустрэў сваю Пелагею, з якой я вось ўжо 58 гадоў крочу разам. Удзячны ёй за ўсё.
Далучаемся да віншаванняў і мы. Зычым моцнага здароўя і многа нагод для радасці.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара
1 Комментарии
Здоровья!