У выставачнай зале райцэнтра пачала работу новая экспазіцыя фотаздымкаў «Палесся роднага куточкі».
Яе аўтар – даўні сябар «НП» Васіль Вярэніч.
Сцены залы ўпрыгожылі яркія, арыгінальныя фотаработы. На іх – прыгажосць роднага краю. Барвовыя заходы, рамонкавае поле, буслы ў гнязде, бярозавы гай, лодка на беразе рэчкі, асеннія замалёўкі… Гэтыя і многія іншыя моманты занатаваў паэтычным радком Васіль Дзмітрыевіч. Тут прадстаўлены каля 100 работ. А таксама ёсць альбом з фатаграфіямі прыроды, з якім таксама можна пазнаёміцца.
Некалькі слоў пра аўтара фотаздымкаў. Васіль Вярэніч нарадзіўся ў 1953 годзе ў Адэскай вобласці. Першыя крокі ў свет фатаграфіі зрабіў у 1965 годзе, калі вучыўся ў пятым класе і пачаў наведваць фотагурток.
З гадамі захапленне расло, напрацоўваўся вопыт здымак. У маладосці была цяга да ўсяго новага, перспектыўнага. Спачатку Васіль Вярэніч здымаў проста для сябе, калі асвоіў майстэрства фота, вырашыў паказаць і іншым. Калі служыў у арміі, саслужыўцы набылі фотаапарат, каб Васіль Дзмітрыевіч рабіў здымкі для дэмбельскіх альбомаў.
У канцы 70-ых, працуючы радыёманцёрам на Столінскім тэлевізійным рэтранслятары, працягваў здымаць і прыносіў фотаздымкі ў раённую газету «Навіны Палесся».
У 1981 годзе Васіль Дзмітрыевіч паступіў на кінафотафакультэт Завочнага народнага ўніверсітэта мастацтваў у Маскве, дзе паспяхова скончыў тры курсы. Там ён асвоіў асновы фотаграфіі на прафесійным узроўні, за што вельмі ўдзячны педагогам універсітэта.
І зараз аўтар не губляе сувязі не толькі з «НП», а і публікуе свае фотаздымкі ў рэспубліканскіх выданнях. Калі выйшаў на заслужаны адпачынак – вольнага часу стала больш. Але бязмэтава бавіць час дома не ўласціва фотааматару. Ён сядае на веласіпед і імчыць у палон прыроды – на рэчку, возера, луг ці ў парк, каб заўважыць і зрабіць цікавы кадр. Хоча акунуцца ў прыроду, каб натхніцца і растварыцца ў ёй. Але часам, перш чым зрабіць добры кадр, даводзіцца прыбраць месца ад смецця.
Ён дзеліцца, што па прымусу прыгожае фота не атрымаецца. Яно залежыць ад натхнення і ўнутранага стану. Як і верш, які без натхнення не напішаш.
Васіль Дзмітрыевіч адносіць свае работы да пейзажнай фоталірыкі. Яго здымкі напоўнены дабрынёй і пашанай да прыроды і роднага краю. Століншчына багатая на натхняючыя краявіды, таму ён стараецца занатаваць і захаваць гэтую прыгажосць, каб паказаць шырокаму колу гледачоў. Калі праходзяць святочныя мерапрыемствы, занатоўвае іх для гісторыі.
Шмат фотаздымкаў Васіля Вярэніча размешчаны ў сацыяльных сетках у інтэрнэце. Праглядваюць іх не толькі жыхары нашай краіны, а і замежныя госці.
Аўтар даўно марыў выставіць свае фотаработы, каб кожны жыхар райцэнтра і раёна мог наведаць выставу і пазнаёміцца з цудоўна занатаванымі імгненнямі. Васіль Вярэніч выказвае падзяку журналісту Паўлу Куніцкаму за дапамогу ў арганізацыі выстаўкі.
У выставачнай зале ёсць сшытак для водгукаў, дзе кожны можа пакінуць запіс і падзяліцца ўражаннямі ад фотавыставы. Калі любіце прыгожыя фотаздымкі, зазірніце ў залу ў бліжэйшы час.
Святлана
МАРОЗ
Фота аўтара