• ru
  • by
  • 4 мая

    USD

    EUR

    Столин

    15C

    У спорце сумненню няма месца

    Наша зямлячка Наталля Скрабец (на здымку з трэнерам Анатолем Пашкевічам) – ураджэнка аграгарадка Рубель – стала бронзавым прызёрам у штурханні ядра II Гульняў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў і заняла чацвёртае месца ў кіданні дыска.

    Па вяртанні дадому Наталля Скрабец дала інтэрв’ю раённай газеце «Навіны Палесся».
    – Наталля, я і нашы чытачы ад душы віншуем цябе з бронзавым медалём такіх грандыёзных спаборніцтваў. Ганарымся табой і, канешне, усім цікава, што адчувала ты, калі атрымлівала ўзнагароду?
    – Было такое пачуццё, быццам, гэта ўсё не са мной адбываецца, – дзеліцца дзяўчына. – Нібы гляджу кіно са мной у галоўнай ролі. Калі ў першы дзень я была у якасці гледача і глядзела з трыбуны, то адчувала ўсю маштабнасць спаборніцтваў. А вось, калі выйшла сама, то як апынулася па той бок экрана. Толькі зараз, калі вярнулася дадому, пачынаю разумець, што ўсё гэта было па-сапраднаму. Ды і медаль, які я прывезла, пацвярджае гэта (смяецца).
    – У цябе даволі багаты вопыт спаборнітцваў – ад раённых да рэспубліканскіх. Але ж гэта зусім другі ўзровень – прадстаўляць цэлую краіну! Вакол безліч журналістаў з усіх краін, тэлебачанне, сотні гледачоў. Як ты, 13-гадовая дзяўчына, змагалася з хваляваннем?
    – Ведаеце, найбольш хвалявалася, калі мне паведалі, што я еду на гульні. Гэта было пасля Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў, якая праходзіла 17-18 чэрвеня ў Гомелі. Там я заняла другое месца ў штурханні ядра і чацвёртае ў кіданні дыска. Вось тады запанікавала: а што, калі не атрымаецца? Але маю паніку хутка выцеснілі зборы, трэніроўкі і сама падрыхтоўка. Больш за два тыдні мы займаліся на стадыёне вучылішча алімпійскага рэзерву ў сталіцы. Разам са мной жылі спартсмены з усёй краіны, таму знаходзіліся ў адной, можна сказаць, атмасферы. Так мовіць, ва ўсіх была агульная мэта, і гэта раслабляла. Вельмі смачна гатавалі ежу, таму, калі маці прапанавала перадаць якую-небудзь страву, я жартоўна адказала, што магу ёй сама перадаць прысмакаў.
    Адпачывалі таксама з карысцю, былі арганізаваны экскурсіі ў Хатынь, заапарк, Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь. Каб надаць нам упэўненасці ў сваіх сілах, настроіць на барацьбу, прыязджалі і выступалі такія праслаўленыя спартсмены як беларускі атлет, кідальнік молата, трохразовы чэмпіён свету, сярэбраны прызёр летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра Іван Ціхан, кідальніца дыска, алімпійская чэмпіёнка і двухразовая чэмпіёнка свету Эліна Зверава, беларускі лёгкаатлет па скачках у вышыню Максім Недасекаў. Мне вельмі спадабалася гэтая сустрэча, у час якой яны шчыра расказвалі пра свой шлях да перамогі, пра ўзлёты і падзенні, а таксама пра тое, што сумненню няма месца ў спорце. Выйшаў – ідзі да канца. Для сябе тады ўсвядоміла, што яны такія ж як я – звычайныя людзі. А значыць, і ў мяне ўсё можа атрымацца.
    Але ў час саміх спраборніцтваў, калі надышоў час фінальных спробаў, прызнаюся, сэрца затрымцела, ды яшчэ як. Успомніла словы трэнераў: проста максімальна выканай сваю работу. Я зразумела, што трэба хутка сканцэнтравацца, бо больш шанцу не будзе. І калі быў зафіксаваны вынік 14 метраў 17 сантыметраў, выдыхнула, бо гэта мой асабісты рэкорд. Прызнаюся, што марыла, як і любы спартсмен, пра перамогу. Але аддам належнае сваім канкурэнткам, уладальніцы «золата» з Узбекістана Парызод Абдулаевай, якая штурхнула ядро на 16,30 метраў і ўладальніцы сярэбранага медаля расіянцы Дар’і Фаміной з вынікам 15,01 метраў. Яны дастойна выступілі. Спадзяюся, мы не апошні раз сустракаемся, і ў наступных спаборніцтвах абавязкова вазьму рэванш.
    – А што тычыцца кідання дыска, дзе табе крыху не хапіла да прызавога месца. Што не атрымалася?
    – Я вельмі засмуцілася, ледзь не плакала, бо ведала, што магу выступіць лепш. Ведала, што 35,87 метраў – гэта не мой максімум. Не магу зараз дакладна адказаць, што здарылася, але абавязкова з трэнерам прагледзім відэа, зробім аналіз і будзем працаваць над памылкамі.
    – Ведаю, што падтрымаць цябе прыехала ўся сям’я…
    – Для мяне гэта было вельмі важна. Калі бачыла родных людзей, неяк спакайней станавілася. А калі выйшла са сцягам пасля спаборніцтваў, яны першымі мяне павіншавалі. Бацькі і старэйшыя браты заўсёды падтрымлівалі мяне, з добрымі пажаданнямі адпраўлялі на спаборніцтвы, хоць да спорту адносін не маюць. А вось мой родны дзядзька Аляксандр Мікалаевіч Скрабец, цяперашні дырэктар Альшанскага філіала Столінскага райспажыўтаварыства, у маладосці таксама займаўся лёгкай атлетыкай, штурхаў ядро і кідаў дыск. Мы нават неяк аднойчы з ім паспаборнічалі на стадыёне ў Харомску. Яго падтрымку нават на адлегласці адчувала.
    Хоць з’яўляюся выдатніцай і адказна стаўлюся да вучобы, спорт для мяне зусім не на другім месцы. У гэтым вялікая заслуга належыць майму трэнеру Анатолю Канстанцінавічу Пашкевічу, які навучыў мяне не проста займацца лёгкай атлетыкай, а жыць ёй. Ён, дарэчы, таксама прысутнічаў на гульнях, але мы толькі па тэлефоне з ім маглі размаўляць. Ведаю, што ён верыў у мяне. Гэтую ўзнагароду я прысвячаю ўсім, хто падтрымліваў мяне, і Анатолю Канстанцінавічу ў тым ліку.
    – Відавочна, што за лета ты так і не паспела адпачыць. Як правядзеш жнівеньскія дзянькі?
    – Сапраўды, гэтае лета для мяне праляцела надта хутка. У першую чаргу хачу адпачыць, выспацца на сваім родным ложку, ён – наймякчэйшы ў свеце. Рэлаксую пад музыку – Ягора Крыда люблю, Monatik, Мarkul. Чакаю навучальны год. А там жыццё пакажа.
    Гутарыла Ганна МЕЛЬНІК
    Фота з сайта БФЛА

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика