НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Віншаванні з юбілеем – гэта цудоўная нагода наведаць аднавяскоўцаў і расказаць нашым чытачам пра жыхароў нашага раёна. Трэцяга студзеня адзначыла сваё 90-годдзе цудоўная жанчына са Стругі Ева Трапец.

У рамках рэспубліканскай навагодняй акцыі «Ад усёй душы» Еву Макараўну наведалі шматлікія госці, якія акружылі юбіляршу клопатам і цяплом. Яна атрымала шчырыя віншаванні і пажаданні ад старшыні Стружскага сельсавета Ніны Ліпскай, мясцовых работнікаў культуры – Алены і Ганны Касцюк, а таксама сацыяльнага работніка Столінскага ТЦСАНа Марыі Шыла.

Ева Макараўна родам з Варанёў. Яе бацькі купілі маёмасць на хутары каля Лютага Бору. У даваенны час жылі вельмі добра, усяго хапала дзякуючы сваёй працы на зямлі. Ева Макараўна расказвае, што ў яе былі старэйшыя браты, але ў гісторыі сям’і ёсць адзін трагічны момант: за адзін тыдзень невылечная хвароба забрала адразу чацвярых дзяцей. Гора бацькоў нельга перадаць словамі, а калі нарадзілася яшчэ адна дзяўчынка, то мясцовы святар прапанаваў назваць яе Евай. Ён падтрымліваў сям’ю, прыносіў дзяўчынцы з царквы гасцінцы, быў упэўнены, што Бог дапаможа і дзіця застанецца жыць. Так і атрымалася, Ева расла на радасць бацькам.

Калі на нашу зямлю прыйшла варожаная навала, Ева была яшчэ малой, але добра памятае некаторыя моманты. Два браты пайшлі на фронт. Ёсць звесткі, што былі ў Германіі.
– На наш хутар прыйшлі фашысты, – успамінае жанчына. – Забралі ў нас усё. Сама бачыла, як спалілі хату. Стаяла тры стагі збажыны, але адзін з фашыстаў запярэчыў, каб не палілі, бо гэта хлеб. А вось сем кароў і каня загадалі перагнаць у Стругу. Нас пасадзілі на воз, дзякуючы таму, што ў старэйшага брата было маленькае дзіця, і ўгаварылі захопнікаў прыныніцца ў бацькоў браціхі, расказалі, што бацька дзіцяці ў Нямеччыне. Там спыніліся, пераначавалі. Маіх бацькоў накіравалі ў барак у Столін. Там былі ўсе нашыя хутаранцы. Мне пашанцавала, што ў бараку дзяжурыў наш сваяк (сын сястры маёй маці), які і забраў мяне нанач перад пераразмеркаваннем (разборам). Бацька, Макар Сямёнавіч, тады быў намеснікам старшыні мясцовага партызанскага атрада, таму ноччу да барака прышлі партызаны, каб вызваліць, але бацька ім забараніў. Гэта магло б нашкодзіць людзям, запэўніў, што праз яго могуць загінуць іншыя, а гэтага не павінна здарыцца. Раніцай фашысты дазволілі бацькам паехаць у Вікаравічы да цёткі, у якой застаўся дом, яго не спалілі. Там мы размясціліся. Усяго жыло пяць сямей, таму паклалі на падлозе штосьці мякчэйшае, каб спаць, так і жылі. Мы, чацвёра дзяцей, спалі разам з дзедам на пячы. Бацька ж на другі дзень накіраваўся ў атрад. Хутка ён быў паранены ў нагу, таму яго прывезлі партызаны назад да цёткі. Лячылі, рабілі аперацыю, але захаваць нагу не атрымалася. Усе вельмі хваляваліся.


У памяці маленькай Евы засталіся ўспаміны пра партызан, якія кожны вечар прыходзілі да таты. Кожны дзень наведваў яго старшыня атрада, які суцяшаў, абяццаў забраць да сябе намеснікам у райвыканкам, а Макар Сямёнавіч не згаджаўся, пытаў, каму ён патрэбны без нагі і які з яго ўжо работнік. Той падбадзёрваў, што «зробім такі пратэз, што яшчэ танцаваць будзеш!» Бацьку больш непакоіла тое, что ён не ведаў, дзе яго сын. Адзін загінуў на вайне, а другі прапаў без вестак. Бацька імкнуўся яго знайсці, падаваў у вышук.
– Ляжаў бацька ўвесь час на лаве ў пакоі каля вакна, – працягнула Ева Маракаўна. – Я заўжды сядзела ў яго нагах, назірала за бацькам. Пасля ў наш дом прыйшла бяда – тыф. Бацька захварэў. Неяк ён папрасіў маці, каб пасля яго смерці не спыняла пошукі сына, бо адчуваў, што ён жывы. І той апошняй раніцай загадаў маці разбудзіць мяне і паклікаць да сябе. Я падышла, бацька благаславіў мяне, паклаў руку на галаву і сказаў: «Ева, ты ў мяне разумная. Дачушка, вайна адыходзіць. Мне шкада, што я не дажыву, а ты пасля будзеш расказваць сяброўкам пра трагедыю нашай сям’і».
Макар Сямёнавіч памёр. Маці не спыняла пошукі сына, і ён сапраўды вярнуўся. Аказалася, што з Германіі накіраваўся ў ваенны атрад ў Латвію, атрымаўшы звесткі, што ўвесь Столінскі раён знішчаны фашыстамі і ўсе родныя загінулі.

– Пасля ён расказваў, як здзівіўся, калі даведаўся, што яго шукае маці, – дадае Ева Макараўна. – Яго накіравалі на дзесяць дзён у водпуск. Добра памятаю той дзень. Я тады чакала маці, якая даіла кароўку ў Струзе (адну пакінулі нам). Яна дадому вярталася з пачастункамі нам, малым. Бачу, салдат ідзе са зброяй. Спалохалася, думала, што гэта варожы салдат. А ён мяне затрымаў, супакоіў, пасля даведалася, што гэта не фашыст, а брат вярнуўся. Радасці было, не перадаць!
Збажына, якая ўцалела, дапамагла сям’і выжыць. Знайшлі жорны, каб малоць муку, пяклі хлеб і прадавалі, а таксама малоко ад кароўкі, а яшчэ конь спатрэбіўся і сабе, і людзям, каб зямлю абрабляць. Так паступова штосьці сабралі, каб набыць сваё жыллё.

Разам з маці купілі маленькую хатку ў Струзе, – расказвае юбілярша. – Я яе называла хатка на курачай лапцы: адзін пакойчык ды кухня – вось і ўсё наша багацце. Я рана пайшла працаваць. У калгасе рвала лён, звеннявой была, нягледзячы на тое, што непаўналетняя. У школе добра вучылася, але магчымасці не было працягнуць вучобу, трэба было працаваць. Неяк пазнаёмілася са сваім будучым мужам Іванам Мацвеевічам, з якім жылі душа ў душу. На жаль, ён ужо пайшоў з жыцця. Вельмі добры быў чалавек. І з яго роднымі я выдатна ладзіла. Працавала ў калгасе, пасля тэхработікам у школе. З раніцы – на работу, а вечерам спявала ў калектыве. Дзе толькі не выступалі, аб’ездзілі палову краіны з канцэртамі. Ёсць, што ўспомніць! Заўжды да людзей добра ставілася, шкадавала маладых, брала «на кватэру» маладых спецыялістаў, што прыязджалі ў вёску працаваць. З усімі добра жыла, ні з кім не спрачалася.

– Гэта, мабыць, таму, што Вы вельмі добры і спагадлівы чалавек, – дадала сацыяльны работнік Марыя Іванаўна. – Добра ведаю Еву Макараўну. Яна вельмі добрая, гасцінная, добразычлівая жанчына. За сем гадоў стала для мяне вельмі блізкім чалавекам. Працавітая і любіць парадак ва ўсім. Толькі прачнецца, дык адразу даглядае сваю гаспадарку – чацвераногіх сяброў, а пасля думае пра сябе. Родныя і блізкія яе не пакідаюць без увагі, наведваюць, дапамагаюць. Яна заслужыла такой увагі сваёй спагадай і добразычлівасцю.
Ева Макараўна прайшла нялёгкі шлях, зведала нямала пакут, зразумела кошт міру, працы і простай чалавечай любові. Жадаем юбіляршы моцнага здароўя, даўгалецця, павагі і клопату блізкіх людзей, як мага больш радасці і мірнага неба над галавой.

Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтрара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 17 января
Сестра Хатыни

Сестра Хатыни

16 января, 2026
В ожидании чуда

В ожидании чуда

16 января, 2026
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости