НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Адзінаццатае снежня для Столінскага раённага краязнаўчага музея – дата сімвалічная. Пятнаццаць гадоў назад – 11 снежня 2005 года – была адчынена трэцяя экспазіцыя, агульная плошча якой у чатыры разы перавышае плошчу першай. А ўвогуле падзея, якая паклала пачатак існаванню музея, адбылася пятага лістапада 1955 года. Менавіта ў гэты дзень адчынілася першая экспазіцыя. І размясцілася яна ў двухпавярховым будынку на вуліцы Леніна ў г. Століне.

Музей:учора і сёння

Ля вытокаў стварэння музея стаялі першы дырэктар Вера Мацвееўна Очкіна і навуковы супрацоўнік Яўстафій Юльянавіч Высоцкі. Гэта іх рукамі і непадробным энтузіязмам амаль на пустым месцы была створана першая экспазіцыя.
З сярэдзіны 1970-х гадоў музей размяшчаецца ў глыбіні парку «Манькавічы» ў рэканструяваным будынку між-
раённага дома заслужаных калгаснікаў, які дзейнічаў тут з 1957 да канца 1960-х гадоў. Фонды ў сучасны момант налічваюць звыш 25 тысяч музейных прадметаў асноўнага і навукова-дапаможнага фондаў. І гэтая лічба пастаянна павялічваецца.
Найбольш багата прадстаўлены калекцыі нумізматыкі, фалерыстыкі, баністыкі, іканаграфіі, жывапісу, прадметаў этнаграфіі і быту, старадрукаў, халоднай і агнястрэльнай зброі, чучал звяроў, рыб і птушак.

Цікавыя знаходкі

Музейныя фонды папаўняюцца рознымі шляхамі. Часцей за ўсё гэта адбываецца ў выглядзе дарэнняў. Людзі разумеюць, што менавіта музей найлепшае месца, дзе можна надоўга і надзейна захоўваць асабістыя рэчы і дакументы сваіх родных і сваякоў. Многія прадметы і дакументы на бязвыплатнай аснове перадаюць арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы.
Дырэктар КУВП «Манькавічы» Аляксей Мікуліч, напрыклад, прынёс пячатку Манькавіцкага валаснога суддзі, а настаўнік-гісторык Міхаіл Пратасавіцкі з Плотніцы перадаў розныя дакументы, некаторыя з іх маюць вялікую гістарычную каштоўнасць, паколькі датаваны сярэ-дзінай XIX стагоддзя.
Бывае, музейныя фонды папаўняюцца зусім нечаканым чынам і ў гэтым удзельнічаюць замежныя грамадзяне. Менавіта так музей атрымаў падарунак ад студэнта з Нью-Ёрка Шымона Левінгера – віртуальныя копіі аэраздымкаў Століна і ваколіц, зробленыя ў 1941 і 1944 гадах лётчыкамі германскіх люфтвафе. Матэрыял дарагі па намінальным кошце (Ш. Левінгер паведаміў, што ён набыў гэтыя фота з архіва Нью-Ёрка за 500 долараў) і для музея ўнікальны.
У ліку найбольш каштоўных паступленняў за апошні час – 28 карцін заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Уродніча, якія мастак падарыў музею. З цікавых – цікеткі і драўляныя мерныя чаркі для гандлю насеннем, якія ілюструюць жыццё і побыт мясцовых жыхароў Давыд-Гарадка 30-50-х гг. ХХ ст.; шкляная газавая лямпа настольная 1900-1905 г.; дрэйдл, габрэйскі дзіцячы керамічны ваўчок; посуд для суботніх пахучых рэчываў (самім), культавы прадмет іудаізму, XIX ст.; нямецкая хлебарэзка 50-х гг. ХХ ст.
Унікальнымі музейнымі прадметамі з’яўляюцца гараднянская пастуховая труба, канец XIX ст.; жаночы вясельны галаўны ўбор «Дзюб», сярэдзіна XIX ст.; самаробныя дзіцячыя скураныя боцікі вырабу давыд-городоцкіх майстроў пачатку ХХ ст.; гараднянская белагліняная кераміка XIX ст.; кафля з выявай ганчара за працай (XVIII ст.); сярэбраны кубак для гарбаты з дароўным надпісам «Дарагому бацьку – ад сына Антонія – 1901 г.»; табакерка і жаночы партсігар, пачатак ХХ ст.; пярсцёнак з пячаткай герба «Ястрабец» роду Лазіцкіх (Стэфан Лазіцкі быў Пінскім натарыусам у 1748 годзе, а Юзэф Лазіцкі прымаў удзел у выбарах караля Станіслава Аўгуста ў 1764 годзе) і многае іншае.

Дзень за днём

У 2005-2010 гадах музейныя работнікі займаліся праектнай дзейнасцю. Паспяхова былі распрацаваны і абаронены, а затым рэалізаваны чатыры праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі.
У ходзе іх рэалізацыі матэрыяльная база музея папоўнілася, у распараджэнні работнікаў з’явілася сучасная камп’ютарная і аргтэхніка, відэапраекцыйнае абсталяванне, транспарт, што з’яўляецца добрай падмогай у рабоце, дазваляе рэалізаваць многія творчыя задачы, праведзены капітальны рамонт музея-сядзібы ганчара ў в. Гарадная.
У 2011 годзе былі ўтвораны філіялы музея – гэта «Музей гісторыі горада Давыд-Гарадка», Гараднянскі музей-сядзіба ганчара, Рэчыцкі музей народнай славы.
Наш раённы музей самы буйны ў вобласці. Толькі ў мінулым годзе адчынены грамадскі музей гісторыі міліцыі і музей адукацыі Столінскага раёна.
У 2011 годзе музей быў адзначаны як лепшая ўстанова культуры з занясеннем на Дошку гонару Столінскага раёна. Неаднаразова яго супрацоўнікі адзначаліся ўзнагародамі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.
У 2012 годзе музей атрымаў ліцэнзію на ажыццяўленне дзейнасці з каштоўнымі металамі і каменнямі.
Сёння ў штодзённай рабоце музея на змену традыцыйнай картатэцы прыйшоў камп’ютар з лакальным электронным каталогам, з’явіліся музейныя сайты, парталы, спатрэбіўся перавод музейных калекцый у лічбу, што дае магчымасць радыкальна ўпарадкаваць фонды і пазнаёміць карыстальнікаў глабальнай сеткі Інтэрнэт у любым куточку планеты з каштоўнымі экспанатамі.

Ваенна-патрыятычнаевыхаванне

Чым далей адыходзяць ад нас гады мінулай вайны, тым большую цікавасць гэта выклікае ў людзей. Сведчаннем гэтага з’яўляецца фарміраванне калоны «Беларусь памятае» на 9 Мая, калі жыхары Століна задоўга да святкавання Дня Перамогі выказваюць жаданне прыняць
удзел у шэсці з фотаздымкамі сваіх родных – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўнікі музея вядуць работу па фарміраванні электроннага архіва звестак аб воінах і партызанах – земляках, удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. У мінулым годзе фонды папоўніліся дакументамі і ўзнагародамі партызанскага камандзіра імя Кутузава – Уладзіміра Мікалаевіча Галыбіна, партызанскага доктара Рыгора Іосіфавіча Панчанкі, якія перадалі ў музей іх дзеці.
Вялікую цікавасць выклікала прэзентацыя дакументальнай кнігі Іосіфа Дзяжуркі «Вайна і скрыпка», а таксама правядзенне патрыятычных акцый са школьнікамі «Лісты з вайны».
У апошні час значна вырас інтарэс да такога гістарычнага пласта, як тэма Радзівілаў на Століншчыне. Калі фарміравалася апошняя экспазіцыя, не памыліліся, аформіўшы адзін з раздзелаў, прысвечаны княжацкаму роду.
У 2018 годзе па запрашэнні Пасольства Польшчы дырэктар музея Святлана Вярэніч удзельнічала ў рабоце выстаўкі жывапісу, старадрукаваных выданняў з калекцыі князя Мацея Радзівіла ў Нацыянальным мастацкім музеі. У прыватнай гутарцы Мацей выказаў жаданне наведаць наш раён і музей. А напрыканцы года прыйшло запрашэнне Пасольства для ўдзелу ў чарговай выстаўцы з прыватных калекцый Радзівілаў берлінскай лініі, якая адбылася ў чэрвені 2019 года ў польскім музеі г. Небарове з мэтай наладжвання доўгатэрміновага супрацоўніцтва. Сустрэча з Мацеем і Ганнай Ра-дзівіл, з нашчадкамі былых уладальнікаў Давыд-Гарадоцкай ардынацыі адбылася летам ў Небароўскім палацы, дзе Мацей падарыў Столінскаму музею каталіцкую ікону «Божья Матерь Лоретанская» і фотаздымкі будаўніцтва палаца ў Манькавіцкім парку ў 1903-1904 гг. з сямейнага архіва. І запрашэнне на сустрэчу ў наступным годзе. На жаль, пандэмія не дазволіла ажыццявіць паездку.
Сёння ў музеі ўкаранілася новая форма работы з наведвальнікамі – музейны квэст, які карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод школьнай і навучэнцкай моладзі.
Выкарыстоўваюцца такія формы работы, як экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, гуртковыя заняткі. У эстэтычным выхаванні, прывіцці пачуцця прыгожага пэўную ролю адыгрываюць перасовачныя выставы творчасці нашых таленавітых землякоў.

Захавальнікі традыцый

Музейны калектыў заўсёды быў маленькім. У розныя гады дырэктарамі былі Ксенія Аляксандраўна Кожына, Юрый Мікалаевіч Камароў, Святлана Аляксандраўна Луцкая. Свой плён унеслі малодшы навуковы супрацоўнік Юрый Сямёнавіч Юркевіч і загадчыца філіяла «Гараднянскі музей-сядзіба ганчара» Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец, якая на працягу многіх гадоў збірае цікавыя прадметы быту, а таксама мясцовыя абрады і фальклор. Падчас работы ў музеі педагогам па адукацыі і аматарам археалогіі Аляксандрам Марушка стварана арыгінальная палеанталагічная калекцыя, заснаванаяй на мясцовым матэрыяле. Удасканалена і папоўнена таксама мінералагічная калекцыя.
Вось ужо на працягу трыццаці гадоў установу ўзначальвае Святлана Вярэніч. Усё, што мае сёння музей і чым можа ганарыцца, – вялікая заслуга кіраўніка. Ішоў час, мяняліся супрацоўнікі, але нязменным было яе служэнне прафесіі, якая ўжо стала сэнсам жыцця. І сёння Святлана Паўлаўна з гонарам адзначае, што ў музеі працуе калектыў, які размаўляе на адной мове, апантаны агульнай справай.
Пасля Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны атрымала накіраванне ў Столін Крысціна Лаўніковіч, якая закончыла гістарычны факультэт па спецыяльнасці «Музейная справа і ахова-гісторыка культурнай спадчыны (турызм)». Таленавітая дзяўчына працуе малодшым навуковым супрацоўнікам, з’яўляецца дыпламаваным экскурсаводам.
Любіць сваю справу і галоўны захавальнік фондаў Алена Грыгарэнка. Алена Віктараўна мае гістарычную адукацыю, родам з Расіі, у Беларусь прывяло замужжа. Маладыя супрацоўніцы вядуць электронны каталог музейных экспанатаў, займаюцца фотафіксацыяй і іх апісаннем, знаёмяць карыстальнікаў інтэрнэту з музейнымі прадметамі і паслугамі ў сацыяльных сетках. Дарэчы, каб апісаць толькі адзін прадмет, трэба адказаць на амаль сорак пытанняў. Праводзяць экскурсіі для наведвальнікаў, прычым у кожнай склаўся свой стыль вядзення і нават кантынгент слухачоў.
«Музейным вучоным сакратаром» называюць калегі наглядчыка Аляксея Вярэніча. Акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў, Аляксей Іванавіч выконвае ролю і электрыка, і загадчыка гаспадаркі, і экскурсавода. Пра гісторыю Століншчыны і не толькі ведае, здаецца, усё. Ды яшчэ як можа зацікавіць сваім аповедам! Пра любы экспанат можа расказаць цэлую легенду. З асаблівым зачараваннем яго слухаюць малодшыя школьнікі.
– Кожны з творчых работнікаў музея ў розны час гісторыі яго існавання абавязкова прыўносіў у нашу ўстанову нешта сваё, сваю разыначку, якая адлюстроўвала кола яго асабістых інтарэсаў і захапленняў, – гаворыць Святлана Паўлаўна. – І калі гэта былі невыпадковыя і нераўнадушныя да музейнай справы людзі, дзейнасць музея ўдасканальвалася ў тым ці іншым напрамку, што ішло на карысць агульнай справы.
І што гэта так, гавораць запісы наведвальнікаў у кнізе водгукаў. Адзін з мноства пакінулі прафесура, супрацоўнікі і аспіранты кафедры мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, назваўшы наш музей адным з яркіх музеяў Рэспублікі Беларусь.
Да друку падрыхтавала
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Победная Пасха

Победная Пасха

18 апреля, 2025
«Всецарица» прибудет на Столинщину
Одна жизнь – один шанс

Оставить комментарий

Похожие новости