Што хвалюе жыхароў буйнейшых аграгарадкоў, а таксама пра тыя моманты, якім не надаецца неабходная ўвага, абмяркоўвалі ў час сустрэч кіраўніцтва раёна з жыхарамі Альшан і Вялікага Малешава Старшыні сельвыканкамаў давялі агульную інфармацыю пра стан спраў.
Канешне, гэтая частка раёна па праву носіць званне самай шматнаселенай. Адпаведна, што і пытанняў у штодзённым жыцці ўзнікае вялікая колькасць. Гэта і адпаведнае выкарыстанне зямельных участкаў, а яны тут на вагу золата. І рэалізацыя сельскагаспадарчай прадукцыі, а гэта асноўны від заробку людзей. Навядзенне парадку на вуліцах і падворках, асвятленне вуліц, якасць вады, рамонт дарог, медыцынскае абслугоўванне і шмат чаго яшчэ…
Карацей кажучы, звычайнае жыццё без прыкрас.
Але, на жаль, у віхуры штодзённых клопатаў, імкненні дасягнуць як мага больш матэрыяльных даброт, чамусьці менавіта ў гэтых аграгарадках дарослыя часам зусім не задумваюцца аб самым галоўным у жыцці – аб сваіх дзецях. Чаму такое ўражанне? На жаль, лічбы па дарожна-транспартных здарэннях, што прыводзіў начальнік Столінскага РАУС Юрый Арсяновіч, па-цвярджаюць факт бяздумнага стаўлення да правілаў карыстання транспартнымі сродкамі, а таксама паводзін на дарогах.
І нездарма гэтыя сустрэчы з жыхарамі былі арганізаваны напярэдадні новага навучальнага года. Відавочна, што рух і пешаходаў, і транспарту павялічыўся ў дзясяткі разоў! Можна з упэўненасцю гаварыць, што аўтамабіль ёсць у кожнай сям’і. Больш таго, часам не адзін, у дадатак яшчэ і матацыклы, веласіпеды. А цяпер ужо і гіраскутары і іншыя дасягненні прагрэсу.
Не паддаецца ніякай крытыцы факт, калі бацькі зусім адмаўляюцца дазволіць супрацоўніку праваахоўных органаў правесці гутарку з сынам, якога затрымалі за парушэнне правілаў дарожнага руху. Маўляў, гэта наша асабістая справа. Дык, паважаныя, вы памыляецеся! Калі бацькі гавораць, што дазволілі свайму дзіцяці ехаць за рулём машыны, кіраваць матацыклам, а вадзіцельскага пасведчання ў яго няма, адназначна такая сітуацыя караецца законам. Але калі і бацькі тлумачаць, што не бачылі, як падлетак узяў транспарт, усё роўна надыходзіць адказнасць – атрымліваецца, што здзейснены ўгон. Карацей кажучы, як ні круці, а дарослыя – заложнікі становішча.
Ды гутарка нават больш не пра кіраванне, а пра тыя наступствы, што могуць здарыцца. Добра, калі ўсё добра. А калі, не дай Бог, дзіця трапіла ў аварыю, пацярпела само ці траўміравала іншага чалавека? Напэўна тут не трэба каменціраваць. Тым больш, што менавіта ў тых аграгарадках ёсць сумная статыстыка, калі маладыя хлопцы пайшлі з жыцця з-за неабдуманых паводзін на дарозе.
Імпанавала выступленне дырэктара Альшанскай школы № 2 Вольгі Сімановіч. Яна адзначыла, што вельмі радуюць станоўчыя зрухі ў тым, што большасць бацькоў сталі прыхільнікамі таго, каб іх дзеці атрымлівалі адукацыю не толькі на ўзроўні сярэдняй школы, але і паступалі ў сярэднія спецыяльныя, вышэйшыя навучальныя ўстановы. Можна сказаць, што ў Альшанах агульнымі намаганнямі дасягнулі скарачэння пропускаў заняткаў без уважлівай прычыны.
– Дык хіба ж мы не зможам таксама разам перамагчы і гэту «хваробу»?! – заклікала дырэктар.
Кіраўнік Вялікамалешаўскай школы Ірына Краўцова прывяла рэальныя прыклады, дзе дзеці капіруюць паводзіны дарослых. У тым ліку гэта тычыцца і паводзін на дарогах.
…Пішам, гаворым, тлумачым, просім, караем. Здаецца, няўжо нельга раз і назаўжды зрабіць вывад, што транспартны сродак – крыніца павышанай небяспекі для ўсіх!
Так, дзеці пайшлі ў школу, адназначна, што настаўнікі, супрацоўнікі праваахоўных органаў будуць яшчэ шмат і бесперапынна гаварыць пра правілы дарожнага руху. Але без паразумення і непасрэднага ўдзелу бацькоў станоўчых зрухаў не будзе.
Беражыце сябе і сваіх блізкіх!
Алена
КЛІМУШКА