У апошнюю нядзелю лета дзень вёскі адсвяткаваў палескі куточак – Альгомель. Многа сабралася жыхароў населенага пункта і гасцей, нягледзячы на тое, што з самага ранку імжэў дожджык.
Відавочна, што людзі былі рады магчымасці сустрэцца, пагаварыць і атрымаць асалоду ад святкавання.
Прывітала ўсіх старшыня Вялікамалешаўскага сельскага выканаўчага камітэта Таццяна Васюхневіч, якая і была ініцыятарам правядзення гэтага свята. Яна пажадала жыхарам дабрабыту, ладу ў сем’ях, здароўя і паабяцала, што заўсёды будзе садзейнічаць росквіту вёскі.
Альгомель у летапісе ўпершыню згадваецца ў пачатку XIX стагоддзя. Па паданні, сюды прыплыў да каханай дзяўчыны Вольгі юнак і сеў на мель. Адкуль і пайшла назва вёсачкі.
Зараз тут жыве 1049 жыхароў. Ёсць сельскі клуб, амбулаторыя, аддзяленне сувязі і прыгожая школа. Людзі добразычлівыя, працавітыя, дбайныя. Ствараюцца новыя сем’і, будуюцца дыхтоўныя дамы, нараджаюцца дзеці.
Самы юны жыхар нарадзіўся ў сям’і Міхаіла і Марыі Кузьміч, у якой гадуецца яшчэ шасцёра дзяцей. Гонар вёскі – мнагадзетная сям’я Аляксандра і Ганны Каласоўскіх. Дарэчы, усе таленавітыя. Маці выканала песню, а старэйшыя дзяўчаты падарылі сучасны танец.
13 жніўня заключылі шлюб Сяргей і Вікторыя Дзямко, і цяпер маладая сям’я марыць пра свой дом.
50 гадоў разам ідуць па жыцці Якаў і Ганна Ракаўцы, Адам і Варвара Супрунчыкі. Сярэбранае вяселле першага верасня адзначылі Сяргей і Ніна Музычыны.
Мудрасць – вялікі скарб. Яе перадаюць будучым пакаленням старажылы вёскі. Лідзія Мішкова мае 92 гады. Як расказала жонка яе ўнука Наталля, бабуля адчувае сябе цудоўна, глядзіць тэлевізар і чытае без акуляраў. 90-гадовы юбілей сустрэла сёлета Кацярына Талмачэвец, 80-гадовы – Яўгенія Таргоня, 70-гадовы – Макар Марыніч, 60-гадовы – Пётр Бурак.
16 жніўня 50 гадоў споўнілася Валерыю Серадзіну. Павіншавалі падарункамі і імяніннікаў, дзень нараджэння якіх супаў з днём вёскі – 29 жніўня.
Адзначыла Таццяна Мікалаеўна і тых жыхароў, якія многа робяць для працвітання вёскі. Гэта Мікалай Ярмалюк, Валерый Дзеніскавец, Валерый Карпаў, Уладзімір Мішкоў, Наталля Андрэйкавец, Марыя Дубраўская, Тамара Рудзяк, Генадзь Сцямпкоўскі, Мальвіна Мішкова і Віталь Карпаў.
Падарункі за лепшае добраўпарадкаванне атрымалі сем’і Уладзіміра Мішкова, Мікалая Ярмалюка, Аляксея Леўкаўца, Аляксандра Беразоўскага.
Прыемна было пачуць пераможцаў такой намінацыі, як самыя актыўныя падпісчыкі раённай газеты «Навіны Палесся». Доўгія гады з нашай газетай сябруюць Алег Мішкоў, Мікалай Сусаў, Аляўціна Карпава, Іван Савонаў, Яфім Мішкоў.
Адзначаны былі і народныя ўмельцы, якія працягваюць займацца рамёствамі нашых продкаў. Гэта Іван Шаўчук – пчаляр, які ведае пра мёд усё і нават больш. Аляксандр Пархомаў займаецца разьбой па дрэве, Уладзімір Мазгоў – выдатны цясляр. Аляксей Мішкоў сваімі рукамі зрабіў некалькі падарункаў для школы з дрэва. Наталля Мішкова – швачка на ўсе рукі, прыгожа вяжа.
Нікога не забылі адзначыць, многа людзей атрымалі падарункі, які будуць нагадваць пра свята вёскі.
Музычныя падарункі падрыхтавалі мясцовыя зорачкі Валянціна Качаткова, Ангеліна Кірыенка, Паліна Краменская. Вучні Альгомельскай сярэдняй школы паказалі некалькі сцэнак. Прыехалі павіншаваць жыхароў Альгомеля народнае аб’яднанне «Прамень» Давыд-Гарадоцкага дома культуры і народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Верасень» Рэчыцкага дома культуры.
Для прысутных праводзіліся конкурсы «Містэр поспех», «Міс высокія абцасы», «Нага сусветнага стандарту» і «Міс асіная талія», у якім перамагла Алена Шаўчук – маці шасцярых дзяцей і ў якой талія – 64 сантыметры.
Для дзяцей прадаваліся салодкая вата і поп-корн, розныя цацкі. А шашлык і іншыя прысмакі гатавалі работнікі кафэ «Каласок» Альшанскага філіяла Столінскага райспажыўтаварыства.
Магу сказаць, што такія святы вельмі патрэбны людзям, паколькі яны ўмацоўваюць патрыятызм і выклікаюць гонар за родны куточак. Арганізатары малайцы, паколькі нават у дождж людзі не спяшаліся разыходзіцца і весела праводзілі час. Яшчэ раз з днём нараджэння, Альгомель, і да новых сустрэч!
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара