НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У гэтым годзе тэрміны нарыхтоўкі кармоў у гаспадарках раёна значна зрушыліся з прычыны няўстойлівага надвор’я. Пасля красавіцкай засухі пачаліся праліўныя дажджы, якія, хоць і дапамаглі травам набрацца сілы, але значна перашкаджалі выхаду тэхнікі на палі.


Такая ж сітуацыя атрымалася і ў ААТ «Новая Прыпяць», таму нарыхтоўка кармоў пачалася толькі ў мінулую суботу. І зараз даводзіцца працаваць у паскораным тэмпе.
Разам з кіраўніком вытворчага ўчастка № 2 Аляксандрам Мазалём едзем глядзець, як ідуць справы.
Першая траншэя закладваецца на малочна-таварнай ферме «Лодыч». Тут на трамбоўцы на трох «Амкадорах» працуюць Сяргей Альгамец, Аляксей Альгамец і самы вопытны механізатар Пётр Андрусевіч.
Усяго ў гаспадарцы на адвозцы задзейнічана шэсць МАЗаў і дзесяць трактароў.
На адным з іх Аляксей Мамайка, якога мы сустрэлі ўжо на полі. Больш за два дзясяткі гадоў працуе ў гаспадарцы. Заўсёды з пачуццём гумару, таму, калі пытаю, чым жа падабаецца работа, з усмешкай адказвае: «Прырода навокал!».
– Трава ў гэтым годзе няважная, – бядуе кіраўнік участка Аляксандр Міхайлавіч. – Давялося доўга чакаць, каб яна вырасла. А зараз у некаторых месцах яе нельга скасіць – вязне тэхніка, таму на полі знаходзіцца «Амкадор», які пры неабходнасці выцягвае трактары. Ды і вялікія каляіны, што застаюцца пасля, прымушаюць хвалявацца, якім будзе другі ўкос. Таму спяшаемся хутчэй прыбраць поле.
Неўзабаве да нас падыходзіць касілка, якой кіруе Іван Ярмакевіч. У гаспадарцы, па яго словах, ён з 9-га класа. Механізатар вопытны, таму пакосы атрымліваюцца ювелірныя. Таксама косяць траву Мікалай Пінчук і Аляксей Кананчук.
Зборам траў у валкі і іх пераварочваннем займаецца Віктар Карабейнік. А ўслед за трактарам важна шпацыруюць буслы ў надзеі знайсці сабе ежу.
Прыбіраюць траву з палёў тры кормаўборачныя агрэгаты. На адным з іх – «Ягуары» – шосты сезон запар працуюць браты Васіль і Іван Слуцкія. Таксама адзначаюць, што ў гэтым годзе зямля вельмі мяккая і даводзіцца мінаць некаторыя ўчасткі, каб не праваліцца. Хлопцы ў гаспадарцы на вагу золата і ўжо не першы раз трапляюць на старонкі газеты як перадавікі.
Усяго ў ААТ «Новая Прыпяць» плануецца нарыхтаваць 15 тысяч тон сенажу, з якіх 2550 ужо ў траншэі. Пагалоўе жывёлы ў гаспадарцы пабольшала, таму патрэбнасць у кармах таксама ўзрасла. Застаецца спадзявацца, што надвор’е ў будучыні больш не будзе ставіць палкі ў колы сельскагаспадарчым работам і ўсё будзе ісці па плану.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Победная Пасха

Победная Пасха

18 апреля, 2025
«Всецарица» прибудет на Столинщину
Одна жизнь – один шанс

Оставить комментарий

Похожие новости