НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Самы малады жыхар Атвержыч – дзяўчынка Інэса, якая нарадзілася тры месяцы таму ў сям’і Ігара і Наталлі Грэбень. Таксама ў іх ёсць старэйшая дачка Дзіяна, якая вучыцца ў каледжы ў Століне на лагіста, і сын Багдан, які скончыў пяць класаў
Заснавальнік «Журавушкі» Пётр Яхнавец з жонкай Зінаідай крочаць побач 58 гадоў, выхавалі чацвёра дзяцей
Намеснік дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце, настаўнік рускай мовы і літаратуры Уладзімір Грэбень, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алена Шэлест, настаўнік пачатковых класаў Вольга Яхнавец – усе яны вучыліся і скончылі Атвержыцкую школу і пасля прыйшлі працаваць сюды настаўнікамі
Настаўнік працоўнага навучання Мікалай Яхнавец таксама закончыў мясцовую школу і прыйшоў сюды працаваць. Яго заняткі наведваюць як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. У гэтым годзе дзеці на чале з настаўнікам занялі першае месца ў вобласці ў конкурсе «Дызайн мэблі»

Гэты год памятны для Атвержыч – нарэшце да вёскі сіламі Столінскага ДРБУ-141 быў пакладзены новы асфальт, што значна павысіла шанцы гэтага невялічкага населенага пункта на далейшае існаванне. Не так даўно ў Атвержычы прыйшоў прыродны газ, амаль па ўсіх вуліцах пракладзены цэнтральны водаправод. На тэрыторыі вёскі знаходзіцца другая брыгада КУВП «Манькавічы», базавая школа, клуб і бібліятэка, ФАП, аддзяленне сувязі, магазін і праваслаўная царква. А галоўнае, што ёсць у Атвержыч, – гэта прыгожая прырода і рака Гарынь, якая дае вяскоўцам многа карысці, але часам прыносіць лішнія турботы. Сёння тут налічваецца больш за 179 гаспадарак і 569 жыхароў.

«Ат, Ад ці Ац?»
– Не так даўно на шыльдзе пры ўездзе ў вёску ці на павароце ў Вікаравічах мы маглі бачыць напісанне населенага пункта «Адвержычы», – расказвае старшыня Манькавіцкага сельвыканкама Наталля РАСЬКО. – У гаворцы часам сустракалася назва «Ацвержычы». Усе гэтыя варыяцыі збівалі з панталыку.
Таму, каб пазбегнуць блытаніны, было вырашана паставіць кропку ў гэтым пытанні і замяніць усе шыльды на правільныя на беларускай мове згодна з нарматыўным даведнікам «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь, Брэсцкая вобласць» – Атвержычы.
Упершыню Атвержычы ў пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 1536 годзе. Існуе легенда, што раней гэтую вёску называлі Сімонкіна, затым Загор’е. А ў час мангола-татарскага нашэсця менавіта тут на беразе Гарыні былі спынены захопнікі, адкінуты (атвергнуты) і далей ўжо прайсці не змаглі.

Наша матуля!
На новым аўтобусным прыпынку ля новай асфальтаванай дарогі непадалёку ад адзінага магазіна сабраліся мясцовыя жанчыны. Аб нечым гутарылі. Павітаўся, завязалася размова:
– Нарэшце дачакаліся асфальту, – у адзін голас кажуць яны. – А то раней ідзеш ці на веласіпедзе едзеш і можна было ногі выкруціць у ямках. Дзякуй за гэта ў першую чаргу нашаму старшыні сельвыканкама Наталлі Расько.
– Я раскажу пра Наталлю Антонаўну. Праўду раскажу, хваліць не буду, – гаворыць Соф’я Яхнавец, узнагароджаная ордэнам Маці, якая толькі пад’ехала да прыпынку на веласіпедзе. – Яна нас не крыўдзіць. Хоць яна яшчэ маладая, але адказ у яе сур’ёзны і цвёрды! Яна для нас, пенсіянерак, як матулечка! Таксама вялікі дзякуй нашай старасце вёскі Таццяне Немшан, якая можа сама вырашыць розныя пытанні ці праблемы.
– Людзі ў нас добрыя, слухмяныя і адказныя, – гаворыць стараста вёскі Таццяна Немшан. – У мінулым годзе на выдаленне аварыйных дрэў на могілках і ля дарогі мы агульнымі намаганнямі сабралі тры тысячы рублёў.

Школа
Мясцовая цагляная школа была пабудавана ў 1985 годзе і разлічана на 190 вучняў. Сёння на базе школы таксама адчынены і працуе дзіцячы садок, які наведваюць сем дзяцей. А ў самой школе за партамі сядзяць 30 вучняў.
– Былі часы, калі ў новай школе ў класе было па 13-15 вучняў, – гаворыць дырэктар школы Ала ЯХНАВЕЦ. – А ў старой школе, дзе зараз магазін, кажуць было і па 25 вучняў у класе. Сёння мы маем усяго 30 вучняў на ўсю школу. Калі параўнаць, то яшчэ зусім нядаўна, пяць-шэсць гадоў таму ў школе налічвалася 50 вучняў. У мінулым навучальным годзе самым вялікім класам быў сёмы – шэсць вучняў. У гэтым годзе 11 класаў у Стружскай школе скончылі чатыры нашыя вучні.

Журавушка
Шырокую вядомасць заваяваў сваімі канцэртамі мясцовы фальклорны ансамбль «Журавушка», якому званне народнага было прысвоена ў 1995 годзе. Заснавальнікам ансамбля быў гарманіст-самавучка Пётр Яхнавец, які ў маладосці быў амаль на ўсіх вяселлях не толькі ў Атвержычах, але і ў бліжэйшых вёсках.
– Працаваў многа дзе, – згадвае Пётр Яхнавец. – І ў калгасе памочнікам брыгадзіра, і ў магазіне, і ў лазні. Іграць на гармоніку нідзе не вучыўся, неяк само прыйшло з малых гадоў. Неяк у клубе спявалі дзяўчаты, а я ім і прапанаваў сабрацца і стварыць калектыў. Так і нарадзілася «Журавушка». Былі з канцэртамі і ў Польшчы, і ва Украіне, і ў многіх гарадах Беларусі. Прыемна, што мае пачынанні працягнула мая дачка Тамара, якая зараз узначальвае мясцовы клуб. Калектывам кіруе Любоў Яхнавец.
Пасля размоў і сустрэч з мясцовымі жыццярадаснымі жыхарамі становіцца ясна, што Атвержычы зусім не атвергнутыя. Тут ідзе сваё павольнае жыццё, людзі радуюцца кожнаму дню і любяць сваю малую радзіму.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Победная Пасха

Победная Пасха

18 апреля, 2025
«Всецарица» прибудет на Столинщину
Одна жизнь – один шанс

Оставить комментарий

Похожие новости