НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post
Колькі б гадоў ні прайшло, але мы заўсёды будзем памятаць першую настаўніцу.  Бо яна не толькі вучыла нас чытаць і пісаць, яна вучыла нас жыццю. Як другая маці агортвала пяшчотай і клопатам.
Ёй заўсёды было цікава, чаму дрэнны настрой у вучня і чаму не прыйшоў на заняткі. Калі і журыла, дык гэта нездарма, так мовіць, у добрых мэтах.
Бо разумела, што памылкі таксама выхоўваюць.
Такой з’яўляецца Вера Адамаўна Мальцэвіч – настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 аг. Альшаны. Усе бацькі, дзеці якіх вучацца ў яе, у адзін голас кажуць: пашанцавала з першай настаўніцай. Настолькі тактоўная, заўсёды знойдзе патрэбныя словы, а яе мілагучны голас магічна дзейнічае нават на самых гарэзлівых і непаслухмяных вучняў.
– Школа ў нас беларускамоўная, таму мне больш звыкла на ёй размаўляць, – гаворыць  настаўніца. – А  вучням, бывае, па некалькі разоў даводзіцца паўтараць, таму нават дома па-беларуску размаўляю.
Вера Адамаўна настаўнічае ўжо 34 гады і сваю прафесію лічыць прызначэннем. Яшчэ ў дзяцінстве рабіла школьныя журналы, у якіх выстаўляла адзнакі сваім сябрам. Удзячна першым настаўніцам Надзеі Іванаўне Яраш і Антаніне Паўлаўне Шпакевіч, якія паўплывалі на яе станаўленне  як асобы.
Бацькі дзяўчынкі, якія працавалі ў мясцовым калгасе, прарочылі дачцэ: «Будзе наша Верачка настаўнікам». І як у ваду глядзелі.
Пасля заканчэння Церабліцкай, у той час васьмігадовай, школы Вера паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча. Потым яе накіравалі ў Альшанскую сярэднюю школу.
– Тады была толькі адна сярэдняя школа, дырэктарам якой з’яўляўся Васіль Мікалаевіч Мазоль – годны  кіраўнік і вельмі чуллівы чалавек. Да нас – маладых спецыялістаў – ён асабліва трапятліва ставіўся, бо разумеў, што кваліфікаваныя кадры патрэбны вясковым школам.
Спачатку ўладкавалася працаваць на групе падоўжанага дня. На наступны год паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут на завочнае аддзяленне на тую ж спецыяльнасць – пачатковыя класы. А яшчэ Вера Адамаўна паспявала не толькі кар’еру будаваць, але і асабістае жыццё. Яе муж Уладзімір – мала што аднавясковец, так яшчэ і калега – з’яўляецца настаўнікам фізічнай культуры сярэдняй школы № 2 аграгарадка Альшаны.
Жыве сямейная пара на малой радзіме – у Цераблічах, дзе іх дом знаходзіцца, таму штодзень разам дабіраюцца на работу за 15 кіламетраў.
– Гэта добра, што зараз аўтамабіль маем. А ў маладосці што хочаш было. І на аўтобусе, і на папутках, у непагадзь ці спёку. На работу ж трэба, бо цябе дапытлівыя вочкі чакаюць. Я заўсёды любіла сваіх вучняў, бы родных, і працягваю любіць. Гэта неперадавальнае пачуццё, калі прыходзяць першакласнікі. Знаёміцца з імі – адно задавальненне. Я вучыла бацькоў многіх сваіх вучняў, таму цікава назіраць, як «працуюць» гены. Бывае, настолькі падобны на маці ці на бацьку, што нават імёны блытаю. Але дзеці хутка папраўляюць, – смяецца суразмоўца.
– Вера Адамаўна, вы з кагорты тых настаўнікаў, якія пачыналі працаваць без камп’ютараў, планшэтаў і іншых гаджэтаў. Зараз нават у пачатковых класах ёсць заданні, якія патрэбна рабіць з дапамогай тэлефона па QR-коду. І многія дамашнія заданні патрабуюць удзелу бацькоў. На ваш погляд, гэта добра ці дрэнна?
– На мой погляд, гэта неабходна, паколькі час не стаіць на месцы. Такія рэаліі жыцця. Не хаваю, мне таксама было складана вучыцца запаўняць электронныя журналы, увогуле, наладжваць стасункі з камп’ютарам. Але трэба – значыць трэба. Са свайго пункту погляду скажу, што часу забірае работа з дакументамі залішне многа. Што тычыцца дзяцей, то, канечне, змены паміж пакаленнямі адучваюцца. Зараз мала чытаюць, і гэта мяне, як настаўніка, засмучае. Таму бацькі абавязкова павінны сачыць за тым, колькі часу дзіця бавіць у гульнях ці за праглядам розных відэаролікаў, цікавіцца дамашнім заданнем. Разумею, у кожнага свае справы, многія на работах. Але час, удзелены свайму дзіцяці, – бясцэнны, – ад душы раіць настаўніца.
Ведае гэта на сваім вопыце. Яна сама маці траіх дзяцей. Старэйшы сын Уладзімір, як і бацька, стаў настаўнікам фізічнай культуры. Зараз працуе ў міліцыі. А вось абедзве дачкі  выбралі медыцынскую дарогу. Вольга працуе ўрачом-гінеколагам у Мінску, зараз у дэкрэтным водпуску з дачкой Алісай. А вось меншая – Ірына – урач-тэрапеўт у Пінскай гарадской бальніцы, мае шасцігадовага сына Дзімку.
– Ірына ў мяне стойкі чалавек, бо змагалася з каранавірусам на перадавой. Але ніколі не скардзілася, наадварот, нас падбадзёрвала. Настаяла на вакцынацыі, якую мы з мужам зрабілі. На жаль, не так часта даводзіцца бачыцца, але заўсёды на тэлефоне.
А яшчэ ў Веры Адамаўны ёсць любімы занятак для душы – пісаць вершы. Іх у яе цэлая папка, але чамусьці дагэтуль хавала ў стол. У мяне атрымалася яе пераканаць у тым, што гэта няправільна, бо талентам трэба дзяліцца. Да таго ж настаўніца займаецца з высокаматываванымі вучнямі, якіх вучыць складаць вершы. Адзін з іх, які напісаны разам з вучнем 4 «Б» класа Аляксандрам Рудзяком, стаў лаўрэатам дыплома І ступені рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу «Азбука пачуццяў». Таму, паважаныя чытачы, знаёмлю вас з творчасцю маёй прыемнай субяседніцы.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара
Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 27 декабря

Гороскоп на 27 декабря

22 декабря, 2025
Гороскоп на 26 декабря

Гороскоп на 26 декабря

22 декабря, 2025
Гороскоп на 25 декабря

Гороскоп на 25 декабря

22 декабря, 2025

Оставить комментарий

Похожие новости