Гэтая прывабна яжанчына з Альшан Вольга Сімановіч сёлета атрымала галоўную ўзнагароду для жанчыны – ордэн Маці.
Як прызнаецца сама, заўсёды марыла пра вялікую сям’ю. Зараз яна – шчаслівая жонка і маці. І ўпэўнена, што для жанчыны гэта найважнейшыя званні. Размаўляючы, заўважаю ў Вольгі не альшанскі дыялект.
– Можа таму, што маці мая не адсюль, а з Фядор. Да таго ж я вучылася і працавала ў горадзе, – тлумачыць яна.
Вольга аказалася вельмі цікавай суразмоўцай. Школу закончыла з залатым медалём і працягнула вучыцца ў медыцынскім каледжы. На прафесійны выбар паўплывала маці Ганна Іванаўна Скрабейка. Жанчына яна вядомая, паколькі ўсё жыццё працавала ў ААТ «Новая Прыпяць» галоўным заатэхнікам. Яна і параіла дачцэ выбраць медыцыну. Ды і самой Вользе яна была бліжэй, чым іншыя накірункі.
Як скончыла каледж, адправілася ў Стоўбцы на адпрацоўку. Была фельчарам хуткай дапамогі. Калі два гады мінула, вярнулася ў Альшаны і яшчэ паўтара года працавала ў радзільным аддзяленні Давыд-Гарадоцкай бальніцы.
Пасля вяртання хутка вый-шла замуж за Мікалая – юнака з Альшан. Яны былі знаёмыя яшчэ са школы і нават адлегласць не перашкодзіла іх каханню. Першай у сям’і з’явілася дачка Ганна, названая ў гонар дзвюх бабуль. Потым сыночак Міхаіл, якому дзевяць. А пасля сям’я пабольшала яшчэ на траіх чалавек – Таісію, Уладзіслава і Рамана, якому толькі два гады.
– Мае дзеці ўсе розныя, са сваім характарам. Але дружныя, адзін за аднаго гарой. Мы з мужам выхоўваем іх так, каб яны заўсёды маглі дапамагчы, каб не баяліся выказаць сваё меркаванне. Важна з дзецьмі размаўляць, тлумачыць і, канечне, паказваць на сваім прыкладзе, – разважае мнагадзетная маці.
А яшчэ Вольга вучыць сваіх дзяцей ашчадным адносінам да прыроды. Пакуль знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, развівае сеткавы бізнес, з’яўляючыся прадстаўніком кампаніі Greenway.
– Я цалкам за здаровы лад жыцця, карыстаюся толькі натуральнымі і экалагічна чыстымі прадуктамі. Прывучаю да гэтага дзяцей, таму чыпсы і розная «хімія» ў нас не водзіцца. Бо вельмі важна тое, чым мы харчуемся і які лад жыцця вядзем. Нават сваю зямлю мы ніколі не апрацоўваем пестыцыдамі, якія знішчаюць пустазелле. Бярэм матыкі і на поле. Заадно і фітнес бясплатны. Мне падабаецца супрацоўнічаць з гэтай кампаніяй і развівацца ў такім накірунку.
– А як пры такой колькасці дзяцей атрымліваецца знаходзіць час на сябе?
– Чэсна, я не разумею тых жанчын, якія, прыкрываючыся дзецьмі, не працуюць над сабой. У мяне заўсёды ёсць час на самаўдасканаленне. Паколькі я тыповая «сава», то пік маёй актыўнасці прыпадае на вечар ці нават на ноч. Люблю чытаць і дзяцей да гэтага звучаю. Гэта развівае светапогляд. І чым больш чалавек ведае, тым большы ў яго выбар.
– Вольга, на ваш погляд, у чым заключаецца паспяховасць чалавека?
– Думаю ў тым, наколькі ён здолеў рэалізавацца ў жыцці. У кожнага свае прыярытэты. У мяне – гэта сям’я. Таму не памяняю яе на кар’ерны рост ні ў якім разе. Я атрымліваю асалоду, калі раблю з дзецьмі ўрокі, рыхтую чарговую падзелку ў школу ці малюю віншавальную паштоўку бабулі. І ў гэтым бачу сваё прызначэнне. А што выберуць мае дзеці – гэта будзе іх рашэнне. Я вярнулася ў Альшаны, паколькі тут адчуваю сябе камфортна. А вось ужо мая старэйшая дачка Ганна, наадварот, не хоча заставацца ў вёсцы і да земляробства, чым займаецца наша сям’я, ахвоты не праяўляе. Я падтрымаю любы выбар свайго дзіцяці, галоўнае, каб яно было шчаслівым, – разважае Вольга.
Сям’я даўно жыве ў сваім доме, якія будавалі самастойна, без дзяржаўнай дапамогі. Муж заўсёды ў справах, але з дзецьмі кожную вольную хвіліну. Такія сем’і – гонар нашага раёна і краіны ў цэлым.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара