Шмат часу прайшло, як адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай вайны. Мужнасць і гераізм, стойкасць і адвага былі праяўлены ў гэтай жорсткай барацьбе. Вайна пакінула свой «чорны» след амаль у кожнай савецкай сям’і. Хтосьці не прыйшоў з фронту і назаўжды застаўся ляжаць у чужой зямлі. Камусьці пашанцавала больш, і яны вярнуліся да сваіх родных жывымі.
Адзін з такіх: Цімафей Фаміч Кунай з вёскі Вугалец. Салдат на свае вочы ўбачыў Пераможны май, але раненне, якое атрымаў 2 красавіка 1945 года, зрабіла яго інвалідам на ўсё астатняе жыццё.
З успамінаў ветэрана Цімафея Фаміча Куная, 1922 года нараджэння, ад мая 2004 года:
«Я вельмі рана асірацеў. Рос без маці. Жылі бедна, а калі падрос, то ў пошуках заробку паехаў у Расію. Там знайшоў работу. Вайна і застала мяне на чужыне. Калі споўнілася 20 гадоў, прызвалі ў Чырвоную армію. На вайну адразу не трапіў, перавялі на завод вырабляць ваенную тэхніку. Наш завод, дзе я стаў працаваць, выпускаў «Кацюшы». Затым трапіў на фронт, змагаўся з ворагамі. Было вельмі страшна: натужна вылі «Кацюшы», бухалі цяжкія гарматы. Байцы, нацягнуўшы каскі, з заміраннем у сэрцы чакалі сігналу да атакі. Вось у небе ўспыхнула ракета.
З крыкам «Ура! За Радзіму!» мы кідаліся наперад. Моцным агнём ворагі прыціскалі нас да зямлі зноў. Не адна куля прашыла рэчавы мяшок і шынель. За мужнасць і адвагу быў узнагароджаны медалямі. Другога красавіка 1945 года быў паранены. Ляжаў доўга ў шпіталі, але, дзякуй Богу, застаўся жыць».
Калі Цімафей Фаміч вярнуўся з вайны, то працаваў у мясцовым калгасе. Спачатку ў будаўнічай брыгадзе, а потым жывёлаводам. Ажаніўся на Ганне Уладзіміраўне, з якой пражыў больш за 50 гадоў. Памёр 21 студзеня 2007 года.
На афіцыйным сайце «Памяць народа» знайшла некаторыя дакументы пра чырвонаармейца. У радах Чырвонай арміі быў з 16.10.1944 па 12.06.1945 года. А з нагруднага ліста на Цімафея Фаміча Куная ад 16 ліпеня 1945 года даведалася, што яго прадставілі да высокай узнагароды:
«…Красноармеец Кунай, будучи в должности пулемётчика ручного пулемёта I отдельного стрелкового батальона 32 отдельной стрелковой бригады 3 Белорусского фронта, принимал активное участие в боях с немецкими захватчиками с 28 февраля 1945 г. по 2 апреля 1945.г., и в боях за город Масловицы (Польша) получил сквозное тяжёлое пулевое ранение в область правого плечевого сустава с повреждением кости и нерва. В результате ранения имеет резкое ограничение движения правого плечевого сустава.
В настоящее время нигде не работает по инвалидности.
За активное участие в боях на фронтах Отечественной войны и полученное ранение достоен награждения медалью «За отвагу».
За ўдзел у баявых дзеяннях Цімафея Куная ўзнагародзілі 9 мая 1945 года медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945», а 6 красавіка 1985 года атрымаў ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. Гэтак жа ён мае некалькі юбілейных медалёў. Ветэрана Вялікай Айчыннай вайны няма ў жывых, але яго родныя, аднавяскоўцы ніколі не забудуць пра тое, што ён і мільёны іншых салдат, якія ваявалі ў гады вайны, выратавалі ўвесь свет ад фашызму, каб мы маглі жыць пад мірным небам.
Мы помнім і ганарымся!
P.S. Вялікі дзякуй намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Харомскай сярэдняй школы Дане Міхайлаўне Васільевай, якая дала магчымасць выкарыстаць матэрыялы з успамінамі і фота ветэрана.
Вольга ГУСАК
Фота з архіву
