У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю распачалі новы, цікавы праект пад назвай «Кожная пятніца – роднае, сваё!»
Яго мэта – яшчэ раз нагадаць нам усім пра якасць тавараў беларускіх вытворцаў, хараство нашай роднай мовы і ўсёй краіны.
23 студзеня гэты праект ажыў у Манькавіцкім дзіцячым садку. Тут дзень пачаўся пад дэвізам «З роднага, свайго».
Педагогі разам з дзецьмі стварылі сапраўдную, жывую пятніцу, поўную беларускага колеру і гучання.
Што ж было ў іх праграме: адзенне і абутак ад мясцовых вытворцаў; смачныя стравы, прыгатаваныя з прадуктаў, якія выраслі тут жа; беларуская музыка, што гучала ўвесь дзень; размовы, чытанне кніг і вершаў на роднай мове; гульні з цацкамі, створанымі ў Беларусі.
– Гэта нашы пятнічныя адкрыцці, – кажа загадчык дзіцячага садка Святлана Ляшкевіч. – У нас пастаянна праходзяць такія мерапрыемствы, бо дзецям трэба ведаць сваю родную мову, культуру і традыцыі. А ў гэты дзень мы стварылі сапраўднае свята, бо маленькія дзеянні – вялікая сіла.
Такі падыход да выхавання не толькі фарміруе ў дзяцей гонар за сваю краіну, але і просты, даступны спосаб, які паказвае ім, што іх родная мова і культура – гэта жывы, сучасны і цікавы свет, у якім можна жыць кожны дзень.
Уладзімір Дамашчук


