Марыя ЯРАШЭВІЧ, студэнтка Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка:
– На мой погляд, народнае адзінства – гэта тое, што павінна быць у душы кожнага з нас. Я – будучы філолаг – многа часу прысвяціла вывучэнню гісторыі, самастойна паглыбляла свае веды, чытала гістарычную літаратуру і магу сказаць, што нам патрэбна ведаць сваё мінулае, каб быць упэўненымі ў будучыні. Арыентавацца трэба на перыяд росквіту Вялікага княства Літоўскага, бо менавіта ў той час часта гучаць паняцці роду, сямейнага радаводу; аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі, калі мы сталі адным цэлым; Вялікай Айчыннай вайны, калі людзі ўсе разам да апошняга змагаліся супраць ворага за сваю Айчыну.
Кожная старонка гісторыі – гэта аповед пра ўчарашні дзень дзеля будучыні. І мы павінны памятаць пра гістарычныя даты, каб не памыліцца ў вызначэнні свайго кірунку ў заўтрашні дзень. Я ўпэўнена, што нас, беларусаў, не зразумее так ніхто, як свае суайчыннікі. Мы павінны трымацца разам, асабліва зараз, калі на міжнародным узроўні адбываюцца такія падзеі, якія ў адначассе могуць скалыхнуць не адну краіну…
На мой погляд, 17 Верасня – гэта свята, якое павінна праходзіць не з мітынгамі і масавымі мерапрыемствамі, а з невялічкімі падарожжамі па месцах баявой славы, велападарожжамі, наведваннямі музеяў і зносінамі са знакамітымі людзьмі нашага краю. Гэты дзень павінен быць арыентаваны на моладзь, каб насыціць падрастаючае пакаленне новымі ведамі пра сваю старонку, таму і формы трэба выбіраць іншыя. Чаму б не сабрацца выпускнікам школы і не пагаварыць са сваімі настаўнікамі ў прысутнасці вучняў, не расказаць, кім яны сталі і не згадаць былыя традыцыі. Няхай дзеці ведаюць, хто выйшаў з гэтых сцен і хто ім даў веды. Хіба ж гэта не патрыятызм, не гонар за свае вытокі, не яднанне пакаленняў! Пэўна, ад нас залежыць, якім будзе гэтае свята, таму мы павінны ўзброіцца не толькі талентам, новымі тэхналогіямі і сцэнічным майстэрствам, але і раскрыць свае пачуцці: душэўнасць, цеплыню, шчырасць… – усе тыя якасці, якія характэрны сапраўдным беларусам.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ