• ru
  • by
  • 30 апреля

    USD

    EUR

    Столин

    19C

    Лячыць чалавека, а не хваробу

    23.08.2019

    603

    0

    Rate this post

    Маладым чалавекам года ў галіне медыцыны стала ўрач агульнай практыкі, загадчык Альманскай амбулаторыі Ганна Серадзіна.
    Зараз яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па доглядзе дачушкі Сафіі. Гэтая акалічнасць не перашкодзіла сустрэцца з карэспандэнтам “НП”.
    Малая радзіма дзяўчыны – вёска Альгомель. Скончыла тут базавую школу. Прыкладна з дзявятага класа пачала вызначацца са спецыяльнасцю. Разглядала некалькі прафесій, але спынілася на ўрачэбнай справе. Дзясяты і адзінаццаты класы вучылася ў Аздаміцкай СШ. Самастойна рыхтавалася да паступлення.
    Пасля заканчэння школы накіравалася ў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лячэбны факультэт. Не ўтойвае Ганна, што вучоба ў медуніверсітэце складаная, напружаная. Асабліва цяжка было вучыцца да трэцяга курса. Лекцыі, практычныя заняткі, залікі, сесіі. Амаль увесь час быў заняты вучобай.
    Добрыя ўспаміны пакінулі вучэбныя практыкі. Ганна праходзіла іх у Столінскай ЦРБ. Асабліва многа ведаў і навыкаў дала практыка на пятым курсе. У тэрапеўтычным аддзяленні раённай бальніцы практыкавалася пад кіраўніцтвам ўрачоў Івана Ярмоліча, Ганны Вячорка, Вольгі Вабішчэвіч. Кіраўніком практыкі была Святлана Кудравец, цяперашні намеснік галоўнага ўрача. Ёй можна было заўсёды пазваніць, параіцца, атрымаць кансультацыю па тым ці іншым пытанні. Ганна ўдзячна ўсім, хто падтрымліваў, настаўляў і вучыў.
    Пасля інтэрнатуры ў Альгомелі і Століне прыйшоў час размеркавання. Маладому спецыялісту было прапанавана два варыянты – вярнуцца ў родную вёску ці ехаць у Альманы. Ганна выбрала другі варыянт. І ніколькі не шкадуе. Работа ёй падабаецца, як і населены пункт, людзі, якія там жывуць.
    Звычайна ў першай палове дня ідзе прыём. Вяскоўцы спяшаюцца ў амбулаторыю, каб развітацца з болем. Акрамя прэпаратаў, урач рэкамендуе фізіяпрацэдуры, выграванні, якія таксама эфектыўна змагаюцца з болевымі адчуваннямі. У другой палове дня спецыяліст выязджае на выклікі.
    Ганна Валянцінаўна дзеліцца думкамі: “Лячыць трэба чалавека, а не хваробу. Калі пацыент прыходзіць на прыём, важна не толькі дакладана паставіць дыягназ, назначыць лячэнне, а і нераўнадушна выслухаць, падтрымаць. Кожнаму гэта патрэбна не менш, чым лекавыя сродкі”.
    Маладога ўрача натхняюць і дастаўляюць асаблівыя эмоцыі сітуацыі, дзе яна змагла эфектыўна і своечасова аказаць дапамогу.
    Па жыцці Ганна – энергічная, жыццярадасная, актыўная асоба. Прыклад для дзяўчыны – сям’я яе бабулі, якая разам з дзядулем усё жыццё працавала, выхавалі пецярых дзяцей, прывучалі іх з малых гадоў да працы. Не любіць сядзець на месцы. У Альманах штогод з калегамі прымала ўдзел у свяце журавін. Гатавалі і прадстаўлялі разнастайныя напіткі з карыснай ягады: морс, кісель, збіцень і іншыя.
    Яна спрабуе штосьці новае. Не баіцца нязведанага, а ідзе насустрач яму. Калі паехала адпачываць у Карпаты, не ўмела катацца на лыжах. Але вырашыла: навучыцца. Так і атрымалася.
    Дзяўчына лічыць: лепшы адпачынак – змена дзейнасці, таму яна вельмі рэдка нічым не занята. Любіць маляваць, гатаваць смачныя стравы для родных, глядзець кулінарныя шоу, дзе чэрпае новыя ідэі. Малады ўрач вядзе актыўны лад жыцця. Хадзіла на аквааэробіку, дома займаецца на элептычным трэнажоры, прытрымліваецца правільнага харчавання.
    Ганна Серадзіна ўпэўнена: пры вялікім жаданні і канкрэтных дзеяннях можна дасягнуць усіх мэт, якія ставіш перад сабой. Па-іншаму і быць не можа.
    Святлана МАРОЗ

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика