Наступнае пытанне на адрас рэдакцыі даслалі жыхары аграгарадка Альшаны:
– У нас няма асвятлення на вуліцах. Толькі па цэнтральнай гараць ліхтары, да і то не ўсюды. А тым, хто жыве далёка ад цэнтра, навобмацак трэба ісці ці што? Няўжо бяспека людзей – не значная рэч?
Каменціруе гэты зварот старшыня Альшанскага сельвыканкама Віктар Гапко:
– Зараз у нас праводзіцца планавая эканомія электраэнергіі, што дазволіць у зімні перыяд забяспечыць асвятленне чым больш вуліц. Плануецца ўключыць ліхтары ў пачатку верасня, калі пачнецца навучальны год. Пытанне асвятлення вуліц у нас вырашаецца па плане, узгодненым са службай энергазабеспячэння. Канечне, мы клапоцімся пра бяспеку людзей, таму заўсёды рэагуем на скаргі, складаем заяўкі і звяртаемся ў адпаведныя службы. Усё залежыць ад фінансавання, а не ад сельвыканкама. Наша задача – не пакінуць зварот без увагі і накіраваць для далейшага вырашэння ў патрэбныя інстанцыі.
Ганна МЕЛЬНІК