НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Добра працаваць на зямлі можа толькі той, хто шчыра любіць яе. Вядучы аграном вытворчага ўчастка “Велямічы” ААТ “Палеская ніва” Мікалай Кананчук ужо 21 год працуе ў гаспадарцы.
Такую даволі адказную і складаную, але важную, патрэбную прафесію Мікалай Ільіч выбраў па парадзе старэйшага брата. Ды і сам адчуваў, што гэта яго прызванне.
Мікалай з дзяцінства быў добра знаёмы з работай на зямлі. Вырас у сям’і, дзе з малых гадоў выхоўвалі ў працы, павазе да старэйшых, асаблівым стаўленні да навучання. Коля добра вучыўся ў школе. Без асаблівых цяжкасцяў паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, дзе атрымаў спецыяльнасць агранома. Пасля вучобы год служыў у арміі. А ў студзені 1997 года Мікалай Ільіч пачаў працоўную дзейнасць у калгасе “За Радзіму” пры тагачасным кіраўніку Фёдару Зіноўчыку.
– Так склаўся лёс, што пасля вучобы вярнуўся працаваць у родную вёску, – кажа суразмоўнік. – І ніколькі не шкадую.
За два дзясяткі гадоў аграном атрымаў каласальны вопыт. Першыя гады пад кіраўніцтвам старэйшых калег асвойваў агранамічную навуку. Бо адна справа – тэарэтычныя веды, якія напісаны ў даведніках. На практыцы ўсё складваецца крыху па-іншаму. І часткова Мікалай Ільіч згодны з тым, што агранамію трэба вывучаць непасрэдна ў гаспадарцы, на полі, каб ўвачавідкі знаёміцца з тонкасцямі і асаблівасцямі аграрнай навукі.
– Часта кажу студэнтам, якія прыходзяць на практыку: “Не саромейцеся і не бойцеся задаваць пытанні”, – гаворыць аграном. – Заўсёды падкажу.
Працоўны дзень у агранома пачынаецца а восьмай гадзіне, заканчваецца пасля 20.00 гадзін вечара. Зранку на планёрцы абмяркоўваюцца планы на дзень: якія віды работ неабходна зрабіць, якую тэхніку дзе задзейнічаць…
Многія працэсы ў гаспадарцы – закупка насення, пасяўная кампанія, апрацоўка палёў, абарона раслін ад розных хвароб, насякомых і пустазелля, унясенне ўгнаенняў, уборка ўраджаю – праводзяцца пры непасрэдным удзеле і пад пільнай увагай агранома.
Але для агранома важна таксама не толькі добра валодаць навыкамі апрацоўкі зямлі, а і ўмець наладжваць добрыя адносіны з механізатарамі, работнікамі гаспадаркі. Мікалай Ільіч дзеліцца, што ўзаемапаразуменне і добрае стаўленне да падначаленых – адзін з галоўных прынцыпаў, якіх ён прытрымліваецца ў рабоце. Не магу не падтрымаць гэтыя словы, бо асабіста неаднаразова чула ад вяскоўцаў добрыя водгукі на адрас Мікалая Ільіча.
Цікаўлюся ў Мікалая Кананчука, без якіх прафесійных якасцяў не можа абысціся спецыяліст сельскагаспадарчай вытворчасці. Ён задумваецца на некалькі імгненняў і адказвае: “Калі казаць коратка: без мэтанакіраванасці! Дакладна вызначаная мэта спрашчае работу. А ў гэтае паняцце ўваходзіць і шчырае жаданне, павага да сваёй справы”.
– На добры ўраджай уплывае многа фактараў, – заўважае аграном. – Калі працаваць аддана, як кажуць, з душой – усё атрымаецца. Маюць значэнне і ўмовы надвор’я, безумоўна.
У вольны час мужчына займаецца на асабістым падвор’і. Любіць ўсемагчымыя крыжаванкі і сканворды. Не адмовіцца ад паездкі ў лес.
Сям’я Мікалая Ільіча – жонка Іна і трое дзяцей. Жонка таксама працуе ў сельскай гаспадарцы: яна брыгадзір малочнатаварнага комплексу № 3 у Велямічах. Старэйшы сын Андрэй – студэнт Навагрудскага аграрнага каледжа. Дачка Яна – навучэнка 11 класа. Мае планы звязаць жыццё з банкаўскай справай. Малодшая Юля – навучэнка 7 класа. Як клапатлівы бацька, ён надае шмат увагі навучанню, бывае і дамашняе заданне правярае ў дачок.
Працоўны дзень работніка сельскай гаспадаркі – насычаны, а спіс спраў іншы раз не ўдаецца выканаць.
Пасля гутаркі карэспандэнт разам з Мікалаем Ільічом адправіліся непасрэдна на поле, дзе зараз ідзе ўнясенне арганічных угнаенняў. Механізатары Аляксей Мароз, Аляксандр Слуцкі і Вячаслаў Шпакоўскі былі задзейнічаны на гэтай рабоце. Аграном даў пэўныя ўказанні і рэкамендацыі работнікам гаспадаркі.
Мужчына займае актыўную жыццёвую пазіцыю – член камісіі на выбарах. Да таго ж 17 лістапада (во супадзенне!) будзе адзначаць дзень нараджэння. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх справах!
Святлана
МАРОЗ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Центр общественного наблюдения
И погода благоволит

И погода благоволит

17 января, 2025
Повторение – мать учения
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости