НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Пакрысе ў гаспадарках раёна пачалася нарыхтоўка зернесенажу.

Літаральна днямі за гэтую справу ўзяліся ў ААТ «Новая Прыпяць». Узяліся дбайна, не марнуюць ні адной гадзіны. З галоўным аграномам гаспадаркі Сяргеем Строкам едзем на поле, на якім убіраюць азімае жыта.
У гэтым годзе яно вырасла на славу. Добра перазімавала, а дастатковая колькасць вільгаці ў глебе сыграла сваю ролю. Дзеля якаснай уборкі кармоў у гэтым годзе набылі новенькі камбайн Krone BiG X 780. Толькі ўявіце: магутнасць рухавіка – 775 к/с, вага – 16,7 тоны, транспартная даўжыня – 7,52 метра, шырыня падборшчыка – 3 метры. Такога агрэгата ў нашым раёне больш няма ні ў адной гаспадарцы. Кіруе ім Міхаіл Андрайчук. Дарэчы, у гэтым годзе 30 гадоў споўніцца, як ён у гаспадарцы. «Усё жыццё на полі», – жартуе механізатар.
Дарэчы, ён не адзіны прадстаўнік з сям’і, які выбраў сельскую гаспадарку. Працаваў родны брат Васіль, зараз працуе пляменнік Аляксандр. Пайшоў па бацькавай сцежцы сын Аляксандр, які працуе ў ААТ «Новая Прыпяць» тэхнікам-механікам.
Пакуль мы размаўлялі, пад’ехалі вадзіцелі. Мікалай Кунай з Веляміч – работнік адказны і ахвочы да работы. Калі трэба – затрымаецца, бо разумее, што агульны вынік залежыць ад кожнага.
Уладзімір Бруцкі ў гаспадарцы столькі, колькі сябе памятае. Але сваіх пазіцый не здае, трымаецца ў перадавіках нараўне з моладдзю. Кіраўніком вытворчага ўчастка ў Сямігосцічах з’яўляецца яго сын Сяргей. Вось як, адзін сямейны падрад за другім у ААТ «Новая Прыпяць»!
На суседнім полі трактар пераворвае пожню. Гэта неабходна для таго, каб захаваць вільгаць у глебе для сяўбы проса. Восенню яно яшчэ як спатрэбіцца для корму жывёлы. Відавочна, што ў гаспадарцы думаюць наперад.
Працуе на МТЗ-3522 Іван Мазоль – жыхар аграгарадка Альшаны. Прыйшоў яшчэ да арміі па прыкладзе свайго бацькі – Фёдара Васільевіча. А ў пары з родным братам Васілём у свой час быў маладым экіпажам. Потым 10 гадоў ездзіў на заробкі. А ў 2012 годзе вярнуўся. «Зямля заўсёды цягнула», – кажа Іван Фёдаравіч. «Чалавек вельмі адказны і працавіты, – характарызуе яго аграном. – На такіх гаспадарка трымаецца». Пасля работы спяшаецца Іван Фёдаравіч дадому, дзе яго чакаюць жонка і чатыры сыночкі. А яшчэ гуркі, капуста і гэтак далей. Сапраўдны паляшук – заўсёды пры справе!
На сённяшні дзень трамбуюць зернесянаж у траншэю, якая знаходзіцца на ферме «Мархіль». На «Амкадорах» працуюць Аляксандр Андрайчук, Аляксей Альгамец і механізатар-легенда Пётр Андрусевіч, якому ў мінулым годзе споўнілася 70 гадоў. Пераемнасць пакаленняў – рэч добрая.
Апошняе поле, куды мы завіталі з аграномам Сяргеем Уладзіміравічам, знаходзіцца ва ўрочышчы За Савічам. Тут расце царыца палёў – кукуруза. Зараз уносяцца азотныя ўгнаенні, якія неабходны для паўнацэннага росту культуры. Спяшаюцца, бо нядаўна прайшлі дажджы, а вільготная глеба найбольш успрымальная для падкормкі. Гэтай справай займаецца механізатар Міхаіл Андрайчук, які ў гаспадарцы 15 гадоў. Ён, як гаворыцца, універсальны салдат. Салома і сена таксама без яго не звозіцца.
Якія б ні былі сучасныя камбайны і машыны, але на першым месцы людзі. Нездарма ж ёсць прыказка: і поле герояў родзіць.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости