НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Вялікая Айчынная вайна – гэта не проста старонка ў нашай гісторыі, а ўрок мужнасці, стойкасці і патрыятызму. Подзвіг савецкага народа ў час вайны – прыклад для ўсяго свету і доказ таго, што няма сілы, здольнай зламаць народ, які любіць сваю Радзіму і гатовы яе абараняць. Шкада, што немагчыма пералічыць усіх герояў, бо іх подзвігі незлічоныя. Менавіта таму так важна не цурацца трагічнай старонкі ў гісторыі Вялікай краіны, шанаваць памяць пра герояў, якія аддалі сваё жыццё за мірнае неба над галавой, і перадаваць гэтую памяць з пакалення ў пакаленне, каб трагедыя вайны ніколі не паўтарылася.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Андрэевіч Місюра з вёскі Вугалец нарадзіўся ён 23 снежня 1918 года ў Давыд-Гарадку.

Сям’я займалася шыццём і рамонтам абутку, што прыносіла добры даход. Гэта дазволіла Івану скончыць сем класаў польскай школы. Па тых часах гэта быў чалавек з сярэдняй адукацыяй, але польскія ўлады не давалі юнаку магчымасці далейшага кар’ернага росту па палітычных меркаваннях. Па-першае, ён быў беларус. А па-другое, яго старэйшы брат быў камуністам, удзельнікам падпольнай арганізацыі ў Лунінцы. За гэта яго арыштавалі і пасадзілі ў польскую турму.
У 1940-м годзе Івана Місюру прызвалі ў Чырвоную армію, і не куды-небудзь, а ў Маскоўскі гарнізон зенітна-артылерыйскі полк у пасёлку Крылацкі, задачай якога была абарона Масквы ад самалётаў ворага. Іван лёгка асвоіў спецыяльнасць электрамеханіка і атрымаў званне малодшага сяржанта.
Першага мая 1941-га года ён нават удзельнічаў у парадзе ваеннай тэхнікі на Чырвонай плошчы ў Маскве.

Калі пачалася вайна, Івана Місюру накіравалі працаваць па спецыяльнасці на завод «Уралмаш» г. Свярдлоўска. Але адседжвацца ў тыле юнак доўга не змог. Як толькі пачаліся першыя наступальныя аперацыі, Іван Місюра пайшоў у ваенкамат горада Свярдлоўска, папрасіўся на фронт і каля шасці месяцаў вучыўся на танкіста. Абараняў Маскву, затым чырвонаармейца адправілі на Кёнігсберг.
З успамінаў Івана Андрэевіча:
«Фашысты адступалі. За кіламетр ад дарогі на Кёнігсберг яны закапалі свой танк «Тыгр» у зямлю па самую вярхушку. Магутная пушка ва ўпор страляла па савецкіх танках і вывела са строю больш за дзесяць адзінак рознай тэхнікі. Самаходная артылерыйская ўстаноўка, у экіпажы якой знаходзіўся я, таксама была падбіта балванкай – сталёвым снарадам без выбуховага рэчыва вагой каля 15 кілаграмаў. Яна прабіла бак з палівам, бакавую браню таўшчынёй з вялікі палец і ўпала мне пад ногі. Пачало гарэць паліва, машыну запоўніў дым. Чатыры члены экіпажа без апёкаў і раненняў выбраліся з самаходкі і адбеглі далей, ратуючыся ад выбуху боепрыпасу. Для мяне гэта быў самы страшны дзень на вайне. Пасля вайны вельмі часта ўзгадваў пра гэты выпадак. Ці не цуд гэта!?
А вось непадалёку ад нас асколкамі снарада забіла двух слесараў рамонтнай аўтамашыны роты тэхнічнага забеспячэння. Таму я прыняў рашэнне і прадоўжыў свой баявы шлях на гэтай машыне – і слесарам, і электрыкам, і шафёрам».
30 красавіка 1945 года Івана Місюру ўзнагародзілі медалём «За баявыя заслугі»: «…5. Сержанта Мисюра Ивана Андреевича – слесаря-монтажника ремонтного взвода за то, что он в период боевых действий в Восточной Пруссии находился на боевых порядках полка и на поле боя лично отремонтировал две автомашины…»

Скончыў Іван Андрэевіч вайну сяржантам, камандзірам аддзялення. Не перадаць словамі радасць, якую зведаў тады чырвонаармеец, даведаўшыся пра тое, што вайна, якая доўжылася доўгіх чатыры гады, нарэшце скончылася.
За ўдзел у баявых дзеяннях яго ўзнагародзілі медалём «За ўзяцце Кёнігсберга». 9 мая 1945 года – медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945», а 6 красавіка 1985 года атрымаў ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. Гэтак жа ён мае некалькі юбілейных медалёў.
Пасля таго, як аднагодкаў звольнілі ў запас, Іван Місюра праслужыў яшчэ амаль два гады, бо не хапала спецыялістаў.

Пасля вяртання на радзіму ажаніўся. Выгадаваў разам з жонкай сына. Каля дзесяці гадоў працаваў на пажарнай машыне ў Давыд-Гарадку. Потым – шафёрам на калгаснай машыне ў вёсцы Вугалец. Пасля выхаду на пенсію сядзець дома не жадаў, таму зноў сеў за руль той самай старой сваёй пажарнай машыны, але ўжо ў вёсцы Харомск, і працаваў на ёй, пакуль стары 36-гадовы механізм не спыніўся канчаткова…
Іван Андрэевіч да любой працы заўсёды ставіўся адказна. Яго добрасумленную працу высока цаніла кіраўніцтва раёна і вобласці. Таму быў узнагароджаны за гэта медалём «За шматгадовую і добрасумленную працу».

Памёр 30 лістапада 2016 года. Пахаваны ў в. Вугалец.
Чалавек нараджаецца не для таго, каб бясследна знікнуць нікому не вядомай пылінкай, а каб пакінуць пасля сябе след … вечны. Іван Андрэевіч Місюра пражыў сваё жыццё нездарма. Гэты просты, працавіты чалавек – сапраўдны герой не толькі для яго родных, але і гонар нашай краіны.
Вольга ГУСАК
Фота з архіва

Оставить комментарий

Похожие новости