НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

На календары – сярэдзіна лютага, і ўжо праз месяц, а то і раней на палях закіпіць праца. Да пачатку вясны ўсю тэхніку ў раёне, што задзейнічана на пасяўной, неабходна адрамантаваць. У КСУП «Беражное» ўжо сёння практычна 100-працэнтная гатоўнасць.

Галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Гупала запрашае прайсціся па майстэрнях, дзе з раніцы да вечара кіпіць праца.
– Падрыхтоўка тэхнікі ў нас вядзецца з восені, – уводзіць у курс спраў суразмоўца. – У наяўнасці 40 трактароў, з якіх пяць – энерганасычаныя, 13 грузавых аўтамабіляў, пяць збожжаўборачных, чатыры корма- і два бульбаўборачныя камбайны. У першую чаргу прыводзім у парадак тую, што будзе ўдзельнічаць у пасяўной. У прыватнасці, энерганасычаныя трактары, камбінаваныя глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты. Усё ідзе ў штатным рэжыме, дзе-нідзе паскорымся, некаторыя «хвасты» падцягнем і пачнём сеяць у поўнай баявой гатоўнасці.
КСУП «Беражное» – гаспадарка моцная і перспектыўная, таму абнаўленню машынна-трактарнага парку штогод надаецца належная ўвага. Так, у мінулым годзе набылі дыскатар, культыватар, апырсквальнік «Раса», адну касілку шырынёй дзевяць метраў і сельскагаспадарчы прычэп. У гэтым годзе гаспадарка плануе набыць два камбайны, два МАЗы, два трактары МТЗ і адну касілку. Амаль за ўсе агрэгаты грошы пералічаны – засталося толькі прывезці.
А тым часам работа ў майстэрні кіпіць – у адным баку па-сяброўску спрачаюцца вадзіцель Мікалай Паўловіч і аўтаэлектрык Уладзімір Цывіс, якія спрабуюць «удыхнуць святло» ў старэнькі «газончык».
– Коля, трымай за гэты провад, я табе кажу! Зараз паглядзім ці ёсць напруга, – кажа Уладзімір Цывіч, праз імгненні кантактная лямпачка запальваецца. – Вось, для такой старой тэхнікі – гэта самы надзейны і просты спосаб, каб «празваніць» электрыку.
Побач ля дыскатара завіхаўся механізатар Дзмітрый Пашкевіч, з якім знаёмы не адзін год. Дарэчы, у сельгаскааператыве Дзмітрый працуе амаль 20 гадоў.
– Не першы год я задзей-нічаны на пасяўной і ворыве, – з усмешкай гаворыць Дзмітрый, спрытна варочаючы гаечным ключом. – За мной замацаваны энерганасычаны трактар МТЗ, плуг і іншыя глебаапрацоўчыя агрэгаты. Першымі ў палі выйдуць агрэгаты па падкормцы азімых культур, а за імі следам – мы. З плугамі, культыватарамі, дыскамі і іншымі. І толькі потым сеялкі. Сам я з мясцовых, уладкаваўся сюды пасля службы ў арміі, маючы пасведчанне трактарыста, атрымаў яго яшчэ пры школьным КПК.
У Дзмітрыя за плячыма столькі гадоў практыкі, што можа паправіць любы агрэгат з заплюшчанымі вачыма.
– Гэта здаецца, што да пасяўной яшчэ далёка, але гэта падманлівае меркаванне, – кажа на развітанне механізатар. – Раз-два – і тэхніка ўжо ў полі. Працы на зямлі будзе шмат і радуе, што гэтай працы ў майстэрні засталося значна менш.
Пакуль Дзмітрый аглядаў дыскатар, да яго з пытаннем падыйшоў мясцовы токар Генадзь Хмарук і спытаў, што патрэбна вытачыць – ці для агрэгата, ці можа для трактара.
– Так, работы ў майстэрні заўсёды хапае, – кажа Генадзь і паглядае на нейкі чарцёж. – Вось аднаму трэба адрэстаўраваць паўвось для трактара, а другому – аднавіць разьбу ў вялізнай гайцы. Добра, што станок яшчэ не зусім стары і спраўляецца даволі хутка. Канешне, «блаху» на ім не падкуеш, а вось для сельгастэхнікі і нейкіх іншых дробязей – тое, што патрэбна.
Тым часам да майстэрні завітаў дырэктар прадпрыемства Віталь Яхнавец, які заўсёды трымае на асабістым кантролі ўсе этапы вытворчасці. Рамонт і абслугоўванне тэхнікі – на першым плане, асабліва перад пачаткам веснавых работ.
– Што тычыцца набыцця тэхнікі, то невырашальных пытанняў няма, – кажа Віталь Яхнавец. – У цэлым з бягучым рамонтам і абслугоўваннем спраўляемся сваімі сіламі, вельмі рэдка ўзнікае неабходнасць сэрвіснага ўмяшання. У нас дастаткова механізатараў, вялікая частка з вялікім стажам. Прыходзіць і моладзь. Старажылы на месцы навучаюць усяму: дабрасумленнаму стаўленню да працы, выручцы і калектыўнай адказнасці, на якой трымаецца поспех гаспадаркі.
Хутка тэхніка выйдзе ў поле – у гэтым годзе для яравой сяўбы ў КСУП «Беражное» выдзелена амаль 1500 гектараў. А пакуль сеяць – трэба правесці хімпраполку і падкормку таксама каля 1500 гектараў пасеваў. Ад таго, як своечасова і якасна будуць выкананы неабходныя рэгламентныя работы, у далейшым будуць залежыць якасць збожжа і ўраджайнасць.


У сераду, 15 лютага, ў КСУП «Беражное» прайшоў тэхнічны агляд тэхнікі, вынікамі якога падзяліўся намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы-загадчык сектара механізацыі Валерый Багатка:
– У гэтыя дні ў сельгас-арганізацыях раёна актыўна праходзяць мерапрыемствы па правядзенні тэхнічнага агляду сельгастэхнікі, якое праводзіць інспекцыя дзяржтэхнагляду. З 16 арганізацый мы ўжо наведалі сем. Працэнт праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду складае 99 працэнтаў. Варта адзначыць, што кіраўнікі, супрацоўнікі інжынернай службы і механізатары падышлі да гэтага важнага пытання з вялікай адказнасцю, сур’ёзных недахопаў і заўваг не выяўляліся, а дробныя недахопы ўхіляліся на месцы ў працэсе праходжання тэхагляду, альбо будуць ліквідаваны ў самыя кароткія тэрміны.

Каментарый спецыяліста
Загадчык сектарам па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання райсельгасхарчу Віталь Кавальскі:
– Усяго ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна 1 487 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі – гэта трактары, прычэпы да іх, пагрузчыкі, збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны. Зараз у страі – 1 457 адзінак тэхнікі, што складае каля 98 працэнтаў. Самая вялікая гатоўнасць у энерганасычаных трактароў, якіх у нас 78 адзінак – 99 працэнтаў, не адстаюць і глебаапрацоўчыя агрэгаты — 97 працэнтаў. Але расслабляцца не варта: з пачаткам пасяўной рахунак пойдзе на дні. Кожны, хто працуе на зямлі, разумее, што ад спраўнасці тэхнікі шмат у чым залежыць будучы ўраджай. У гэтым упэўнены і кіраўнікі, і галоўныя інжынеры гаспадарак, бо яны імкнуцца для сябе.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Победная Пасха

Победная Пасха

18 апреля, 2025
«Всецарица» прибудет на Столинщину
Одна жизнь – один шанс
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости