НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Згадзіцеся, паважаныя чытачы, што ў паўсядзённым жыцці найчасцей мы наведваем звычайны магазін. То цукар скончыўся, то
лямпачка перагарэла, то пральны парашок патрэбен тэрмінова. І нават зараз, калі з’явілася безліч гандлёвых пляцовак на прасторах інтэрнэта, свежы хлеб і малако хутчэй можна купіць толькі ў бліжэйшым магазіне. Таму прадаўцы з цягам часу становяцца добрымі знаёмымі, у якіх не толькі пра наяўнасць тавараў можна пацікавіцца, але і добрым словам прыемна перакінуцца.

Такі калектыў працуе ў магазіне «Родны кут» вёскі Сямігосцічы, які на працягу 12 гадоў узначальвае Наталля Альгамец. Чым бы яна не займалася (ці за прылаўкам, ці працуе з дакументацыяй, ці раскладвае тавары), заўсёды знойдзе магчымасць прывітаць пакупніка. Калі трэба, з ахвотай падрабязна раскажа пра новыя паступленні, зробіць рэкламу правераным «жыхарам» паліц, цярпліва выслухае прапановы і заўвагі. Адным словам, чалавек знаходзіцца на сваім месцы.
Наталля Сцяпанаўна ўпэў-нена, што гандляваць трэба толькі ў добрым настроі, тады і прыбытак будзе, і пакупнікі захочуць зноў прыйсці. Да таго ж яна з’яўляецца самым вопытным работнікам, бо працуе без малога тры дзясяткі гадоў. У 1993 годзе скончыла мясцовую школу, а пасля цяперашні Лунінецкі дзяржаўны палітэхнічны каледж па спецыяльнасці «прадавец».
– Мне заўсёды падабалася працаваць з людзьмі, таму і прафесію выбірала па душы, – расказвае Наталля Сцяпанаўна. – Бацькі падтрымалі, бо быць прадаўцом, асабліва ў тыя перабудовачныя гады, лічылася прэстыжна. Вучылася лёгка, мне ўсё было цікава. Практыку праходзіла дома, ды і не хацела ехаць дзесьці. Любіла і люблю родныя Сямігосцічы, таму з радасцю пасля заканчэння вучобы вярнулася дадому.
Першы год Наталля была на падмене, нават даводзілася набірацца вопыту ў гандлёвых кропках бліжэйшых вёсак. А калі з’явілася магчымасць уладкавацца ў тады яшчэ магазін № 20 Альшанскага сельспажыўтаварыства, перспектыўную кемлівую дзяўчыну з радасцю прынялі ў калектыў.
– Вельмі прыемныя ўспаміны засталіся пра той час, – дзеліцца Наталля Сцяпанаўна. – Нават самой не верыцца, што столькі гадоў мінула. З цеплынёй успамінаю і шчыра дзякую сваім старэйшым калегам, з якімі пачынала свой шлях у гандлі – тагачасным загадчыку магазіна Вользе Васільеўне Андрэйчук, прадаўцам Вользе Іванаўне Акостка і Кацярыне Свірыдаўне Карняйчук. Гэта сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, так мовіць, «асы» у абслугоўванні насельніцтва. У калектыве заўсёды панаваў цудоўны настрой, хоць бывала і нялёгка, асабліва фізічна, бо дзень на нагах. Гэта зараз – сістэма самаабслугоўвання, а тады ўсё трэба было паднесці, паказаць пакупнікам. Але мы былі адной камандай, якой, упэўнена скажу, павінен быць любы калектыў. Тым больш у гандлі, дзе без даверу, сумленнасці і ўзаемадапамогі немагчыма. І я ганаруся, што на гэтых прынцыпах працуюць і цяперашнія работнікі – Людміла Феалогава, Марыя Пінчук, Ганна Пінчук. Дзяўчаты – малайцы! Мы ж абслугоўваем насельніцтва, а ў кожнага чалавека, не сакрэт, свой характар. Таму без цярпення і, самае галоўнае, умення хутка знайсці выйсце з сітуацыі ў гандлі доўга не затрымаешся. Як паказвае практыка, бывае дастаткова проста выслухаць, не спрачацца, тады ўсё становіцца на свае месцы.
Адзначу і нашу прыбі-ральшчыцу Ларысу Карабейнік, якая падтрымлівае ідэальную чысціню. Магазін у нас прасторны, ды і насельніцтва многа, таму яе работу відаць адразу. А, як гавораць у народзе, сустракаюць па сукенцы. І якія б якасныя і смачныя тавары ні былі на прылаўках, брудная падлога можа адразу сапсаваць уражанне, асабліва пакупнікоў, якія прыйшлі ўпершыню. Магу дакладна сказаць са свайго вопыту – у сістэме гандлю няма дробязяў.
– Наталля Сцяпаўна, якія самыя значныя змяненні ў вобласці спажывецкага таварыства адбыліся за апошнія гады?
– Вельмі многае змянілася і толькі ў лепшы бок.. Вы паглядзіце толькі, які асартымент! Калі я прыйшла працаваць, быў дэфіцыт тавараў, а зараз, чаго толькі душа пажадае, усё ёсць! І ўсё высокай якасці – ад прадуктаў харчавання да прадметаў прамысловай групы, бо ў нашай краіне дрэнна рабіць штосьці проста не ўмеюць. Нездарма ж беларускія тавары славяцца далёка за межамі. Таксама у продажы ёсць прадукцыя расійскай вытворчасці і іншых краін, якая таксама прыйшлася даспадобы нашым пакупнікам. Адзначу, што мы працуем па заяўках, добра наладжана сістэма дастаўкі. Адным словам, сучаснаму пакупніку пашанцавала. Нам, як прадаўцам, таксама лепш стала. Апошнім новаўвядзеннем з’явіліся новыя касавыя апараты, якія счытваюць інфармацыю па штрых-коду. Якая гэта палёгка! Ды і ў іншых пытаннях наша кіраўніцтва заўсёды ідзе насустрач.
Наталля Сцяпанаўна не толькі сваё прафесійнае прызначэнне знайшла ў роднай вёсцы, але і каханне. З мужам Міхаілам выгадавалі двух дочак. І нават не верыцца, што гэтая маладая жанчына ўжо бабуля траіх унукаў, якіх падарыла старэйшая Таццяна.
Нягледзячы на тое, што любіць сваю работу, Наталля Сцяпанаўна прызнаецца: лепшы адпачынак – пабыць у цішыні, паглядзець якую перадачу ці кіно, што-небудзь прыгатаваць смачнае. І з новымі сіламі прыйсці ў магазін, які стаў другім домам.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости