… атрымліваецца ў Дар’і Арлянін – спецыяліста па аказанні рознічных паслуг ААТ «ААБ «Беларусбанк». Яна прызнана «Маладым чалавекам года» ў галіне абслугоўвання насельніцтва.
Працуе Дар’я ў аграгарадку Альшаны, і за дзень яна аказвае банкаўскія паслугі даволі вялікай колькасці кліентаў.
– Чалавек прыходзіць у банк з канкрэтнай задачай, якую яму патрэбна вырашыць якасна і хутка. Я разумею гэта, таму перш-наперш заўсёды цярпліва і ўважліва слухаю кожнага кліента, каб адразу разабрацца, што да чаго. Увогуле, уважлівасць лічу значнай рысай характару, паколькі яна дапамагае прымаць правільныя рашэнні і спраўляцца з пастаўленымі мэтамі.
Дар’я пасля заканчэння 9-га класа Сямігосціцкай сярэдняй школы паставіла сабе мэту працягнуць навучанне ў Мазырскім дзяржаўным палітэхнічным каледжы, куды паспяхова паступіла і ў выніку атрымала спецыяльнасць «Эканаміст, страхавая справа».
Нягледзячы на тое, што вучоба была даволі цяжкай, не пашкадавала аб сваім выбары. Пасля атрымання дыплома дзяўчына вярнулася на Століншчыну.
Некаторы час працавала ў Белдзяржстраху, спрабавала сябе ў гандлі, але ў гэтых сферах не знайшла сваё прызначэнне. Была задаволена, калі ёй прапанавалі работу ў банку, куды афіцыйна ўладкавалася 9 кастрычніка 2023 года.
Дар’я можа працаваць у розных аддзелах, бо валодае ўсімі неабходнымі навыкамі. Ды і калегі заўсёды падкажуць, калі трэба.
– Мяне вельмі цёпла прынялі ў калектыве, у якім пануе здаровая рабочая атмасфера, – дзеліцца ўражаннямі дзяўчына. – Асабліва ўдзячна загадчыку філіяла Марыі Пятроўне Баган, якая адразу ўвяла ў курс спраў, расказала пра нюансы і на што трэба асабліва звярнуць увагу. Даволі хутка ўлілася ў працоўны працэс. І зараз іду на работу з задавальненнем, і, самае галоўнае, вяртаюся дадому таксама з цудоўным настроем. Гэтым хачу сказаць, што не адчуваю выгарання, на якое зараз многія скардзяцца. А значыць, прафесія мне па душы. Гэта я лічу вялікай удачай, бо работа забірае значны адрэзак часу, які, на мой погляд, самы каштоўны рэсурс, што ёсць у чалавека. Імкнуся правільна ім распараджацца
І гэта ў Дар’і даволі паспяхова атрымліваецца. Зараз дзяўчына вучыцца на трэцім курсе эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Імкнецца ў час сесіі знайсці час не толькі для адукацыі, але і для культурнага жыцця і бліжэй пазнаёміцца з горадам. У 2024 годзе яна стала пераможцай штогадовага карпаратыўнага фотаконкурсу «Міс Вясна ААБ», які праводзіцца сярод супрацоўніц, каб падкрэсліць іх прыгажосць, актыўнасць і талент. Для ўдзелу ў ім патрэбна было зрабіць і даслаць сваё фота. Дар’я вырашыла пазіраваць у вянку з кветкамі з сімволікай Беларускага саюза жанчын. Яе здымак перамог сярод 82-х удзельніц з усёй Брэсцкай вобласці, таму дзяўчына заваявала Гран-пры конкурса, атрымала Дыплом, кветкі і сертыфікат у гандлёвую сетку «Мілавіца», а таксама пажаданні заставацца сімвалам вясновай прыгажосці і натхняць сваім прыкладам іншых.
– Канешне, была прыемна здзіўлена, калі атрымала навіну аб сваёй перамозе, – дзеліцца дзяўчына. – Бо, калі сумленна, удзельнічала больш дзеля самога працэсу, чым выніку. Мне падабаецца развівацца і імкнуся выкарыстоўваць усе магчымасці, якія з’яўляюцца. Цалкам падтрымліваю выказванні, што дасканаласць не мае межаў і не трэба спыняцца на дасягнутым. Тым больш зараз столькі спосабаў, каб самаўдасканальвацца – рознага кшталту семінары, курсы, праграмы і так далей. Галоўнае, зразумець, што цябе цікавіць найбольш і, безумоўна, жаданне і настойлівасць. Нягледзячы на вялікую колькасць інфармацыі, якую можна знайсці ў інтэрнэце, не забываю пра кнігу. Зараз чытаю твор «Возлюби свою болезнь» Валерыя Сінельнікава. Вельмі цікава! Нельга адарвацца. Калі ў двух словах, то аўтар – вядомы практыкуючы псіхатэрапеўт, псіхолаг, гамеапат, аўтар унікальных па прастаце і эфектыўнасці методык – расказвае, як думкі ўплываюць на наша фізічнае і псіхалагічнае здароўе, вучыць выкарыстоўваць сілы сваёй падсвядомасці для таго, каб пазбавіцца ад пачуцця віны, зладзіцца з дэпрэсіяй, вылечыцца ад мноства захворванняў. Магу параіць гэтую кнігу ўсім.
Яшчэ адна тэма, якую мы закранулі ў час размовы, – гэта жыццё ў вёсцы маладых спецыялістаў.
– На маю думку, у вёсцы зараз жыць даволі камфортна. Развітая інфраструктура, дастойнае медыцынскае абслугоўванне, выдатныя ўмовы жылля, аказваюцца паслугі ў самых розных сферах – ад таксі да хімчыстак, вялікая колькасць пунктаў выдачы тавараў вядучых маркетплэйсаў, ёсць кафэ, дзе можна правесці час з сябрамі і так далей. Прытрымліваюся меркавання, што лепш рабіць прыгожым тое месца, дзе жывеш, чым шукаць прыгожае месца для жыцця. Тады ўсюды будзе хораша. Канешне, кожнаму сваё, але асабіста я не адчуваю сябе спакойна ў вялікім горадзе. Гэтыя мітусня, спешка, шум мяне хутка стамляюць. А яшчэ, упэўнена, трэба шанаваць магчымасць бачыць сваіх родных, бацькоў, бо жыццё вельмі імклівае. Я вось з вялікай асалодай праводжу час са сваімі маленькімі пляменніцамі Алесяй і Майяй. Яны зараз такія гарэзлівыя і смешныя!
І апошняе традыцыйнае пытанне тычылася мараў, якія ёсць у дзяўчыны.
– Канешне, самая галоўная мара – сустрэць свайго чалавека і стварыць моцную сям’ю, у якой будуць панаваць каханне і ўзаемаразуменне. А калі гэта здзейсніцца, абавязкова прыдумаю новую мару, – з усмешкай кажа Дар’я Арлянін.
Ганна
МЕЛЬНІК
