НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (3 голоса)

Утульны дворык Надзеі Траццякевіч з вёскі Сямігосцічы патанае ў розных прыгожых кветках і іншых дэкаратыўных раслінах.
– Добрае самаадчуванне забяспечана, калі выходжу на свой цудоўны дворык, – прызнаецца Надзея Аляксееўна. – Сапраўды, шчыра радуюся, калі бачу, што мая новая ружа даганяе сваіх «суседак», або калі яшчэ адна гартэнзія вось-вось распусціцца. Таму ўпэўнена: добры настрой залежыць ад нас саміх.
У час нашай міні-экскурсіі па дворыку, даведалася, што мая суразмоўца сур’ёзна занялася добраўпарадкаваннем тэрыторыі параўнальна нядаўна – каля трох гадоў таму. Раней тут раслі старыя яблыні, якія замест яблыкаў давалі толькі цень. Таму на сямейным савеце было вырашана расчысціць тэрыторыю, за што і ўзяўся муж Анатоль. Дарэчы, гэта з яго лёгкай рукі Надзея Аляксееўна занялася кветкаводствам.
– На маё 55-годдзе муж падарыў некалькі саджанцаў. Пажартаваў тады, маўляў, пасадзіш, і ў цябе заўсёды будуць кветкі. Як у ваду глядзеў, – расказвае з усмешкай жанчына.
А самымі першымі «жыхаркамі» на ўчастку сталі ліліі, якіх расце 30 гатункаў. Потым адна за другой пачалі з’яўляцца ружы. Паколькі штогод Надзея Аляксееўна на зіму ўкрывае іх ад марозу, то называе дакладную лічбу – 40 (!) кустоў. Яшчэ даспадобы хосты. Ім таксама прыйшлася тутэйшая глеба, таму цудоўна сябе адчуваюць 30 гатункаў гэтых раслін. Паралельна з’яўляліся туі, кіпарысавікі, ядлоўцы, дэкаратыўная вярба і многія іншыя.
Пазней Надзея Аляксееўна захапілася гартэнзіямі. Ды так, што нават давялося неяк рэалізоўваць лішкі, бо ў дворыку ім месца ўжо не хапіла. 25 гатункаў розных адценняў радуюць вока не менш, чым ружы.
І гэта толькі самыя распаўсюджаныя расліны на ўчастку, з якімі камфортна суседнічаюць бягоніі, лаванда, віёлы, хрызантэмы, валжанка, аўсяніца і многія іншыя.
– Дык Вам можна ўжо свой кветачны магазін адчыняць, – прапаную.
– Ведаеце, ніколі не шкадавала кветак, калі просяць зрэзаць для букета на вяселле ці дзень нараджэння. Наадварот, вельмі задаволена, што мае «падапечныя» будуць радаваць яшчэ кагосьці, – прызнаецца жанчына.
Растуць кветкі і ў прыгожых кашпо, якія стаяць на ганку. Як аказалася, гэтыя гаршкі таксама зроблены працавітымі рукамі Надзеі Аляксееўны.
– Неяк убачыла ў адной з групаў кветкаводаў такія кашпо і загарэлася жаданнем зрабіць іх самой. Падтрымала мяне дачка Ірына, якая потым таксама асвоіла гэтае рамяство.
Захапленне Надзеі Аляксееўны падтрымлівае і яе муж Анатоль, з якім разам выхавалі траіх дзяцей. Старэйшая Ірына, пра якую ішла размова вышэй, жыве недалёка і з’яўляецца маці шасцярых дзяцей. У сярэдняй дачкі Вольгі двое дзяцей, адна з якіх – дачушка Дар’я – нарадзілася некалькі месяцаў таму. Малодшая Ганна дапамагае бацькам.
Надзея Аляксееўна ўпэўнена, што самае галоўнае – гэта сям’я, здароўе родных і блізкіх, а ўсяму астатняму можна навучыцца, усё набыць, зарабіць ці змайстраваць.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости