У мінулую пятніцу ў прыхаджан вёскі Сямігосцічы была прыемная нагода сабрацца на богаслужэнне ў храме святога апостала Іаана Багаслова. Менавіта 26 ліпеня 35 гадоў таму храм адчыніў свае дзверы для вернікаў.
І з таго часу яго нязменным настаяцелем з’яўляецца протаіерэй Валерый Марушчак.
Ён павіншаваў жыхароў вёскі са святам, а таксама прыгадаў, якім чынам удалося атрымаць дазвол на адкрыццё царквы. Першыя ўспаміны датуюцца 1811 годам у кнізе беларускага гісторыка Д. В. Лісейчыкава «Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596–1839 гг.». У пачатку мінулага стагоддзя ад удару маланкі царква цалкам згарэла, а новая будавалася на працягу пяці гадоў. Пасля адкрыцця ў 1912 годзе была прыпісной да Альшан. Свайго настаяцеля не было, таму тут служылі святары з навакольных вёсак. У 1961 годзе царкву зачынілі ў сувязі з антырэлігійнай палітыкай таго часу. Большая частка царкоўных рэчаў была вывезена, і толькі смелыя жыхары захоўвалі іконы ў сябе дома.
І вось, больш чым праз чвэрць стагоддзя людзі зразумелі, што без веры немагчыма. Яны пачалі дабівацца дазволу, каб аднавіць службу ў храме, які ў той час быў збожжасховішчам. Спачатку пісалі лісты ў Столін і Брэст, але атрымлівалі адказ. Таму вырашана было ехаць у Маскву да Патрыярха Маскоўскага і ўсея Русі Пімена. Сустрэцца з ім не атрымалася, затое вяскоўцы трапілі ў Загорск (сучасная назва – Сергіеў Пасад) да старца. Ён паабяцаў, што храм будзе дзейнічаць. І сапраўды, праз некалькі месяцаў нарэшце прыйшоў доўгачаканы дазвол.
Будзе справядлівым успомніць тых людзей, якія сваім прыкладам даказалі, што вера – вялікая сіла. Гэта сямейная пара Васіля і Юліі Сахарчук, Іван Лешкевіч, Аляксей Вабішчэвіч, Іван Рэзановіч, Лізавета Кананчук, Праскоўя Ляшкевіч, Марыя Літвін, Вольга Ермакевіч, Надзея Кошман, Марыя Дубейка, Анастасія Дубейка, Марыя Пінчук, Лідзія Андрэйчук, Наталля Флар’яновіч. Многіх, на жаль, ужо няма на гэтым свеце, але памяць пра іх добрую справу будзе жыць заўсёды.
За актыўны ўдзел у жыцці царквы настаяцель храма выказаў словы падзякі і ўручыў падарунак Валянціне Вабішчэвіч.
Прыхаджане падзяліліся сваімі ўра-жаннямі. Адна з іх – настаўніца Марыя Андрэйчук:
– Душа акунулася ў крыштальную цішыню і ў чысціню нябеснага храма. І думкі заіскрыліся святасцю і святлом запаленых свечак. Сэрца і душа растварыліся ў благасці іх агню. Дай Бог нашаму настаяцелю Валерыю і яго сям’і моцнага здароўя. Дзякуй яму за тое, што заўсёды знаходзіць патрэбныя і трапныя словы для падтрымкі.
Многая лета гучала ў час службы, і няхай будзе больш такіх радасных нагод для новых сустрэч.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара