• ru
  • by
  • 1 мая

    USD

    EUR

    Столин

    23C

    Адукацыя не бывае лішняй

    01.04.2022

    266

    0

    Rate this post

    Пра любога настаўніка лепш раскажуць яго вучні. І калі адразу некалькі вучняў СШ № 2 аграгарадка Альшаны назвалі сваім любімым настаўнікам Ганну Казак, то стала відавочна, што перада мной сапраўдны чалавек справы. Таму і знаёмлю з ёй чытачоў.
    Сама Ганна мясцовая, нарадзілася і вырасла ў Альшанах. Стаць настаўнікам хацела з дзяцінства, праўда, вагалася наконт спецыяльнасці. Падабалася біялогія, якая лёгка давалася. Таму паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка на факультэт прыродазнаўства, на якой вывучала і хімію. Сам працэс вучобы прыносіў задавальненне.

    – Ганна, вы былі студэнтам з вёскі. Раскажыце будучым выпускнікам, ці ёсць істотныя адрозненні ў якасці адукацыі паміж сельскімі і гарадскімі вучнямі? – задаю хвалюючае пытанне, паколькі ў самой дачка заканчвае школу.
    – Магу дакладна сказаць, што адрозненняў абсалютна не заўважыла. Усё залежыць ад чалавека. Калі ён спадзяецца на свае сілы, імкнецца вучыцца, старанна рыхтуецца да іспытаў і тэсціравання, то ўсё будзе добра. А калі звык спадзявацца на фартуну, то гэта таксама яго праблемы. У нас дрэнна ці добра вучыліся як гарадскія, так і студэнты з сельскай мясцовасці. Так што хачу сказаць усім будучым выпускнікам: усё ў вашых руках. Так, зараз у іх такі перыяд, калі апошні год у школе хочацца правесці незабыўна. Але, як гаворыцца ў прымаўцы, перш папрацуй, тады і патанцуй.

    – Вы адразу пасля заканчэння вярнуліся ў Альшаны?
    – Не, спачатку я два гады працавала ў гімназіі ў Слуцку. Што магу сказаць? Для мяне гэта быў вельмі важны старт, паколькі трапіла ў сур’ёзны педагагічны састаў. Патрабаванні вялікія, паколькі многія вучні для паступлення выбіралі менавіта хімію і біялогію. Трэба было рыхтаваць іх да тэсціравання і іспытаў. Карацей кажучы, лёгка не было, затое вопыт у мяне цяпер ёсць. Дадаткова атрымлівала другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Не, я не здрадзіла педагогіцы, проста ўпэўнена, што адукацыя лішняй не бывае.
    Праз два гады мне прапанавалі работу ў лагіста ў кампаніі па перавозцы грузаў у Альшанах. Паколькі ў гімназіі была не на пастаянным месцы і ўжо падыходзіў час пакінуць яго, то вырашыла вярнуцца. Год працавала не па спецыяльнасці, але засумавала па вучнях і, калі даведалася, што ў школе з’явілася вакантнае месца, – перайшла. І вось з 2020 года настаўнічаю тут, да таго ж з’яўляюся намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Мне падабаецца – школа параўнальна новая, калектыў у асноўным малады, вучняў многа. Таму з радасцю іду на работу.

    – Раней у Альшанах востра стаяла пытанне паспяховасці і наведвання ўрокаў. Як цяпер абстаяць з гэтым справы?
    – Сітуацыя кардынальна змянілася ў лепш бок, паколькі цяпер альшанцы разумеюць, што адукацыя патрэбна. У мяне многа здольных вучняў, якія хочуць паступаць у медыцынскія ВНУ і стаць фармацэўтамі. Многае залежыць ад бацькоў, ад іх прыярытэтаў. Бо як бы настаўнік ні стараўся, яго намаганні пойдуць пад адхон, калі дома да вучобы ставяцца абыякава. Але, паўтаруся, зараз няма праблем з наведваннем, нават у сезон агуркоў, калі шмат работы. Заслугай таксама лічу тое, што ў нашай школе захоўваецца строгі дрэс-код. Джынсы, спартыўная форма – пад забаронай. Вучань павінен быць вучнем.

    – Ёсць меркаванне, што педагог і дома педагог: імкнецца навучыць, падказаць. Ці заўважалі гэта за сабой?
    – У мяне ёсць перфекцыянізм, але ён не ўтрыраваны. Вось які ёсць «пабочны» эфект прафесіі, то гэта звычка ўсё планаваць: колькі часу я пераапранаюся, колькі п’ю каву, колькі адводжу на адпачынак. І вельмі злуюся, калі графік парушаецца па нейкіх абставінах. Думаю, да ўсяго трэба ставіцца па-філасофску: раз так атрымалася, значыць, так трэба.
    У вольны час Ганна не сядзіць без справы. Любіць пакулінарыць, а таксама чытаць. У мінулым годзе яна змяніла статус – стала жонкай. Разам з мужам трымаюць парнік, ёсць поле.
    – Так што ёсць дзе пазагараць, – усміхаючыся кажа дзяўчына.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика