– Жыццё на заслужаным адпачынку – час для раскрыцця новых талентаў і ўвасаблення даўніх мараў, – дзеліцца меркаваннямі Ірына Басавец з Давыд-Гарадка.
Яе гісторыя натхняе і даказвае, што ўзрост – толькі лічбы, калі душа поўная творчасці і любові да прыгажосці. Шмат гадоў прапрацаваўшы прадаўцом, затым пакаёўкай у гасцініцы, яна звыкла да зносін з людзьмі, да ўвагі да дэталяў і ўмення знаходзіць падыход да кожнага.
– Я была тым самым «творчым дзіцём», якое кожную вольную хвіліну было чымсьці занята, – успамінае Ірына Пятроўна. – У мяне не было столькі цацак, як у маёй дачкі і ўнукаў. Таму даводзілася самой сабе выразаць лялькі з паперы, рабіць домікі і мэблю з кардонкі. Затым усё гэта размалёўвала фарбамі. Наведвала і музычную школу па класе баяна. І спявала, і танцавала.
Мама была прафесіяналам у швейнай справе, таму і я хутка навучылася шыць не толькі сукенкі, але і стварала прыгожыя галаўныя ўборы з натуральнага футра.
Усе сваякі бачылі мяне педагогам, дызайнерам-мадэльерам альбо музыкантам. Але, як гэта часта бывае, жыццё пасля школы павяло мяне па зусім іншым шляху. Замест педагагічнай адукацыі я апынулася ў свеце лічбаў.
Ірына Пятроўна з першага разу не паступіла ў педвучылішча, а сядзець без справы дома не змагла. Скончыла школу прадаўцоў і апынулася ў гандлі. Затым асвойвала навучанне ў Гомельскім кааператыўным інстытуце Цэнтрасаюза, дзе паглыбілася ў эканоміку, улік і ўсе тыя дысцыпліны, якія былі далёкімі ад яе дзіцячых захапленняў.
– Дзесьці глыбока ўнутры заўсёды жыло адчуванне, што гэта не зусім «маё», – кажа мая суразмоўца. – Аднак я адказна працавала ў магазіне. Бо па-іншаму проста не ўмела.
Тым не менш Ірына Пятроўна не магла заставацца без творчасці. Пасля работы, у выхадныя дні, у вольныя хвіліны ад хатніх клопатаў яна вярталася да таго, што любіла ўсёй душой. Швейная машынка гудзела, ствараючы новыя сукенкі для дачкі або ўтульныя прадметы інтэр’еру.
– Дагэтуль памятаю свае першыя шторы, якія многія гады ўпрыгожвалі мае вокны ў доме, – працягвае жанчына. – А колькі было зроблена з дачкой розных вырабаў у школу!
Многія гады, праведзеныя за прылаўкам, навучылі яе цярпенню, акуратнасці і ўменню старанна працаваць. Яна ведала, як важна дагадзіць пакупніку, як падабраць патрэбны тавар, як стварыць атмасферу даверу. Гэтыя навыкі, здавалася б, далёкія ад свету рукадзелля, на самой справе сталі надзейным падмуркам для яе новага захаплення на заслужаным адпачынку, – стварэнне цацак з ваты. Бо і ў вырабе маленькіх мініяцюр, розных кампазіцый, у вышыўцы карцін і ў зносінах з кліентамі галоўнае – гэта ўвага і жаданне падарыць радасць.
– Калі перайшла працаваць у гасцініцу, якая тады належала Давыд-Гарадоцкаму ўчастку Столінскага раёна газазабеспячэння, змагла больш прысвяціць сябе творчасці, – працягвае Ірына Пятроўна. – Хутка зразумела, што гасцінічны хол – гэта не проста месца для чакання або рэгістрацыі, а свайго роду візітная картка. І менавіта тут, у гэтай прасторы, я ўбачыла магчымасць дарыць людзям станоўчыя эмоцыі.
Са слоў Ірыны Пятроўны, гэта магло быць што заўгодна: ад элегантных кветкавых кампазіцый да 8 Сакавіка да казачных навагодніх герояў. Кожны элемент, кожная дэталь старанна прадумваліся, каб стварыць гарманічнае і запамінальнае відовішча.
– Я імкнулася паказаць усім, што творчасць не абмяжоўваецца рамкамі мастацкіх студый або тэатральных сцэн, – успамінае Ірына Пятроўна. – А яна можа выяўляцца ў паўсядзённым жыцці, у імкненні зрабіць свет вакол крышачку лепшым і прыемным для іншых. Напрыклад, створаны маімі рукамі з падручных матэрыялаў камін многія гады з’яўляецца ўпрыгожваннем да Новага года ў адміністрацыйным будынку ўчастка газазабеспячэння ў Давыд-Гарадку.
Сёння яе рукі са спрытам ператвараюць звычайную вату ў казачных персанажаў. Гэта не проста цацкі, гэта маленькія творы мастацтва, напоўненыя цяплом і душой. Кожная фігурка – няхай гэта будзе мілы гномік, чароўны Дзед Мароз, Снягурка з блакітнымі вачыма, цудоўная школьніца, добрая бабулька – маюць свой характар, сваю гісторыю. Яна старанна падбірае колер, прадумвае дэталі, надае цацкам выразныя рысы. Гэты працэс для яе – сапраўдны занятак-медытацыя, які дазваляе адпачыць ад паўсядзённых клопатаў і пагрузіцца ў свет фантазіі.
– За стварэннем сваіх фігурак не заўважаю часу, – кажа Ірына Пятроўна. – Толькі села, а ўжо тры гадзіны прайшло. Цацкі з ваты – гэта толькі адна з межаў маёй творчай натуры.
Для Ірыны Басавец усе яе захапленні – не проста спосаб правесці час. А яе запал, яе аддушына, яе спосаб самавыяўлення. Яна з задавальненнем дзеліцца сваімі вырабамі з блізкімі і сябрамі. З’яўляецца валанцёрам філіяла Давыд-Гарадка Столінскага ТЦСАНа і ў рамках гуртка «Мастацтва ватнай цацкі» перадае свой вопыт такім жа жанчынам на заслужаным адпачынку.
– Мая гісторыя – гэта, магчыма, гісторыя многіх, – дзеліцца Ірына Пятроўна. – Мой шлях да творчасці быў няпросты і пралягаў праз свет лічбаў, але я ні аб чым не шкадую. Бо менавіта гэты шлях навучыў мяне шанаваць кожны момант, праведзены за любімай справай, і разумець, што сапраўднае шчасце – гэта магчымасць быць сабой, тварыць і дзяліцца гэтай радасцю з іншымі.
Вольга
ГУСАК
Фота аўтара
