НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У апошнюю нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень аўтамабіліста і дарожніка – прафесійнае свята ўсіх тых, хто ў няпростых умовах, у спякоту і мароз, у дождж і снег утрымлівае, рамантуе і будуе нашы дарогі.

Аб рабоце працаўнікоў дарожнай гаспадаркі раёна

расказаў у інтэрв’ю начальнік ДРБУ-141 Сяргей Савіч.

– Сяргей Паўлавіч, ужо з назвы арганізацыі відавочна, што галіна вашай дзейнасці звязана з дарогамі.

– Гэта так, асноўным відам дзейнасці і адной з галоўных задач нашай арганізацыі з’яўляецца ўтрыманне, бягучы і капітальны рамонт аўтамабільных дарог мясцовага значэння, ​ якія знахо-дзяцца на балансе. Агульная працягласць крыху больш за тысячу км, з якіх дарогі мясцовага значэння – 451 км і вуліцы населеных пунктаў – 575 км. Большая частка мае асфальтабетоннае пакрыццё.

– Які аб’ём работ і якія значныя аб’екты выканала прадпрыемства сёлета?

– За 9 месяцаў ​ гэтага года аб’ём выкананых работ склаў каля 6,1 млн рублёў. Найбольш значныя аб’екты гэтага года – бягучы рамонт дарог паміж населенымі пунктамі. Так, выкананы работы на ўчастку дарогі Глінка – Калонія працягласцю 2,6 км, Луткі – Кароцічы – 1,4 км, Варані – Бухлічы – Капані – 2,2 км, Вялікае Малешава – Рамель – Альшаны – 1,6 км. Усяго новае асфальтабетоннае пакрыццё атрымала каля 9 км дарог нашага раёна на агульную сумму 2,13 млн рублёў. Канешне, хочацца большага, але ўсё ўпіраецца ў фінансаванне.

– З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца пры правядзенні дарожных работ?

– Складанасцю ў працы дарожнага будаўніка можна назваць кароткі будаўнічы сезон і пагодна-кліматычныя ўмовы. Тым не менш мы павінны строга выконваць патрабаванні і нормы, якія прад’яўляюцца да асфальтавання аўтамабільных дарог. Нягледзячы на ўсе складанасці, бягучы рамонт дарог выкананы амаль у поўным аб’ёме. Плануем, што ў наступным годзе мы нарэшце закрыем пытанне па дарозе да Лутак, а таксама будзем рамантаваць дарогу з Веляміч да Старыны. Там яшчэ дзейнічае пакрыццё з бруку. Яно, канешне, надзейнае, але надта нязручнае.

– Сяргей Паўлавіч, як абсталявана база ДРБУ? Стараннасць стараннасцю, але з голымі рукамі, з рыдлёўкамі добрай дарогі не зробіш.

– Сёння ў нас тэхнікі дастаткова. Як для будаўніцтва, так і для абслугоўвання дарог. У нас ёсць і спецыфічная тэхніка – устаноўка «Тайфун». Яе прызначэнне – рамонт дарогі метадам насычэння. Але ў халодны час устаноўка працаваць, вядома, не можа, таму што эмульсія пры пяці градусах цяпла хутка застывае. Прадукцыйнасць устаноўкі «Тайфун» высокая.

– Каб пабудаваць, адрамантаваць ​ дарогу і ліквідаваць ямы, патрэбны матэрыял. Колькі асфальтабетону выкарыстоўвае ваша арганізацыя за год?

– Мы лічым за сезон. Так, ​ выпуск асфальтабетону ​ за 9 месяцаў ​ бягучага года склаў амаль 35 тысяч тон, што на тры тысячы больш, чым летась. Лічу, што ў няпростых умовах мы забяспечылі значны прырост. Ды і сам завод не новы і пастаянна патрабуе да сябе ўвагі – то ў адным месцы падлапіць неабходна, то ў другім. Дзякуй, што на заводзе, ды і ўвогуле ў арганізацыі, працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія ў сціслыя тэрміны могуць паправіць становішча ў лепшы бок.

– Акрамя дарожных работ, што рабіла ДРБУ сёлета?

– Вялікая ўвага ў апошнія гады надаецца сельскай гаспадарцы – асфальтаванне тэрыторый мехдвароў, малочна-таварных комплексаў, сянажна-сіласных траншэй. У гэтым годзе мы ўжо заасфальтавалі дзесяць траншэй у розных гаспадарках раёна.

У завяршэнне Сяргей Савіч адзначыў, што гарантыя поспеху ў любой справе – калектыў. Яго згуртаванасць, адказнасць за даручаную справу, высокі ўзровень выканальніцкай дысцыпліны – гарантыя выканання пастаўленых задач.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 26 января
Гороскоп на 25 января
Гороскоп на 24 января

Оставить комментарий

Похожие новости