Да паездкі ў сталіцу ансамбль «Ветлічанка» рыхтаваўся загадзя. Быў прадуманы сцэнарый, праведзена не адна рэпетыцыя выступлення ў Палацы мастацтва на выставе нашага земляка – мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў Уладзіміра Уродніча. Выстава прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння
і 50-годдзя творчасці мастака.
І вось, 21 кастрычніка, дзякуючы дапамозе Столінскага райвыканкама, мы ў Палацы мастацтва.
Сваю творчую і жыццёвую справаздачу мастак назваў «Берагі маіх гарызонтаў». Лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзімір Уродніч зараз узначальвае суполку «Традыцыя», член Студыі ваенных мастакоў пры Доме афіцэраў, пастаянны ўдзельнік усесаюзных, рэспубліканскіх і іншых выстаў, пачынаючы з 1973 года.
Мы, яго землякі, бачылі яго карціны ў Арлах у мінулым годзе, у Лядцы, а вось выстава ў Палацы ўзрушыла да глыбіні душы. Разглядаючы пейзаж знаёмых нам мясцін, углядаючыся ў твары землякоў, мы не толькі ўзялі шмат інфармацыі, але і цалкам акунуліся ў напісаныя карціны.
І ёсць у мастака цэлы цыкл твораў «Людзі Століншчыны». Наш ансамбль «Ветлічанка» не толькі парадаваў прысутных песнямі. Ну і, канешне, узялі слова для прывітання ад аднасяльчан з вёскі з мілагучнай назвай Арлы.
Наш зямляк застаўся ў душы хутаранінам, вяскоўцам, які ўсё ўспрымае праз акенца сваёй хаты, у вёсачку ён вяртаецца не толькі фізічна, але і ў думках. Ён лічыць, што мастацтва павінна заставацца на баку дабрыні, спагады. Віншуючы славутага земляка, мы дзякавалі яму за шчырасць, узнёсласць. Нельга было стрымаць хвалявання, калі такі вядомы чалавек прыпаў вуснамі да каравая хлеба з нашага столінскага ўраджаю на вышытым ручніку, бо кожны яго твор – гэта асэнсаванне сваёй прыналежнасці да продкаў, сваёй зямлі.
Творы, якія мы ўбачылі ў Мінску, раскрылі шлях мастака ў спасціжэнні жыцця свайго працавітага народа, краю буслоў і дубовых гаёў. Аўтар выстаўкі лічыць сябе неад’емнай часцінкай бацькаўшчыны і радуецца кожнай сустрэчы з ёю, аднавяскоўцамі.
А я, разглядаючы кнігу пра яго творчасць з аўтографам, якую ён падарыў кожнаму ўдзельніку «Ветлічанкі», у думках жадаю, што яшчэ будзе напісаны не адзін твор, будуць яшчэ творчыя пошукі, задумы будучых жывапісных палотнаў. Ну і сустрэча на роднай зямлі.
Тамара Скрабец,
в. Малыя Арлы