Юрый АНДРЭЙКАВЕЦ, першы сакратар РК ГА «БРСМ»:
– Я абавязкова далучуся да такой важнай падзеі ў жыцці кожнага з нас і ўсёй краіны ў цэлым. Правядзенне рэферэндуму – гэта сапраўдная падзея, гісторыя, якую мы, беларусы, пішам разам для будучых пакаленняў.
Часам даводзіцца чуць зусім незразумелыя мне выказванні некаторых грамадзян: «А навошта гэта мне?», «І без мяне вырашаць», «А што зменіцца?». Я не магу растлумачыць паводзіны такога кшталту. Ці імкненні нашых «добразычліўцаў», якія робяць усё для таго, каб нас заблытаць, пахіснуць нашу ўпэўненасць і пасеяць сумненне ў грамадстве. Але што дрэннага ў тым, што нам, беларусам, прапануюць зрабіць самастойны выбар? Не пад прымусам, а добраахвотна і ўзважана. І што дрэннага ў змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю, адкажыце мне, калі ласка. Умацоўваецца суверэнітэт, незалежнасць і аўтаномнасць нашай дзяржавы. Большай колькасцю правоў надзяляецца народ, паўнамоцтвы пераразмяркоўваюцца паміж прадстаўнікамі вышэйшай улады. Ці дрэнна тое, што захоўваецца сацыяльная арыентацыя дзяржавы, а прыярытэтным кірункам як і раней з’яўляецца дапамога сталым, адзінокім, людзям з інваліднасцю, малазабяспечаным, мнагадзетным, тым, хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі… Ці клопат пра здароўе грамадзян, магчымасць атрымаць медыцынскую дапамогу кваліфікаваных спецыялістаў. Альбо падтрымка моладзі, маладых сем’яў і г. д.
Асабіста я падтрымліваю змяненні і дапаўненні, лічу іх своечасовымі і надзённымі ў нашым грамадстве. Час не стаіць на месцы, і мы павінны рухацца наперад: усе разам у міры і
згодзе. Таму лічу, што кожны павінен зрабіць свой абдуманы крок, каб не было пасля балюча за лёс дзяцей і ўнукаў. І не верыць у тое, што рэферэндум пераносіцца з прычыны эпідсітуацыі і інш. Усё гэта падман і нічога болей. Кожны сумленны беларус павінен прыняць удзел у рэферэндуме 27 лютага альбо датэрмінова. Тым самым праявіць сваю павагу да суайчыннікаў і любоў да Радзімы. Ці не з гэтага пачынаецца патрыятызм? І гістарычная памяць, бо гэтая падзея стане часткай гісторыі Рэспублікі Беларусь і станаўлення яе Асноўнага Закона.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара