…Сядзім з малодшай дачкой і вучым урокі.
Наша заданне – расказаць пра юнага героя-антыфашыста. Кожнаму другакласніку дастаўся свой герой. Нам – Марат Казей.
Скажу шчыра, што і сама крыху прызабыла гісторыю подзвігу хлопчыка, імя якога ведае кожны. Успомнілася хіба што: маўчыць, як Марат Казей. Але аднаўляем веды. Адкрываем інтэрнэт, а там – безліч варыяцый на тэму. Чытаю адну з іх сваёй школьніцы і бачу вочы… поўныя слёз. Дзіця так праніклася гісторыяй, што не можа стрымаць эмоцый:
– Мама, я не змагу расказаць гэта на ўроку… Я зноў буду плакаць…
Тлумачу, што ў гэтым няма нічога страшнага: моцныя людзі таксама плачуць. А тут, сапраўды, гісторыя, ад якой нагортваюцца слёзы і ў дарослага. Канешне, калі ў яго ёсць душа і гонар за сваё мінулае. Нагадаю яе і вам…
Марат нарадзіўся ў вёсцы пад Мінскам. Яго матулю яшчэ ў пачатку вайны павесілі немцы. І падлетак пайшоў у партызаны разам са сваёй сястрычкай. Хлопчык збіраў інфармацыю, партызаніў да таго часу, пакуль не трапіў у акружэнне немцаў. Ён не збіраўся здавацца жывым і цярпець здзекі. Першую сваю гранату Марат кінуў у ворагаў, якія знаходзіліся далей. Другую кінуў побач з сабой, калі фашысты падабраліся зусім блізка. Дзіця ведала, што памрэ, але памірала з годнасцю. Так нараджаюцца подзвігі…
Марат быў прызнаны героем пасля смерці. У сталіцы ёсць помнік Марату Казею. Жыве ён і ў кнігах, і, як бачым, у інтэрнэце. А цяпер – і ў памяці маёй дачкі-другакласніцы.
Што прымусіла мяне напісаць гэты артыкул? Не, не слёзы дачкі, хаця яе духоўны свет мяне радуе. Не, сесці за клавіятуру прымусіла рэакцыя аднаго хлопчыка ў класе, які пасля пачутага… зарагатаў і стаў здзекавацца з імя Марата Казея.
Дык ці варта адраджаць урокі патрыятызму ў школе? Для мяне асабіста – гэта рытарычнае пытанне. Як член камісіі КДН, бачу самых розных сыноў і дачок, якія заблукалі па гэтым жыцці. Не, я не з тых маці, якія кажуць, што мае дзеці самыя лепшыя – наадварот. Бачу недахопы і ў сваіх, і ў чужых. І бачу сучасныя каштоўнасці. І каштоўнасці ў ГЭТАЙ моладзі іншыя. Ідэалы – іншыя. Іх Бог – інтэрнэт. Хочаш пакараць дзіця – забяры ў яго тэлефон. І зловіш такі позірк, і атрымаеш такую нянавісць… Іх Бог – уседазволенасць. Захачу – паеду без права кіравання. Захачу – спыню ўрок нелюбімага настаўніка герметычнай лексікай. Захачу – удару, пакрыўджу, пакараю… Дрэнныя ўчынкі даюцца лёгка. Не шкадуюць часам нават бацькоў…
Ёсць, канечне, ПРАВІЛЬНАЯ моладзь. У маім асабістым разуменні. Бо кожнаму – сваё. Ёсць дзеці, якія паважаюць сваіх бацькоў і свае карані. Ёсць дзеці, якія імкнуцца атрымліваць веды, а не падпіраць куты сваім бестурботным існаваннем. Ёсць дзеці, якія вартыя павагі як АСОБЫ. На іх толькі мае спадзяванні.
А патрыятызм? Духоўнасць? Сёння яны знехтаваныя, як ніколі. Сёння яны так патрэбны і правільным, і няправільным. І старым, і малым. А яшчэ патрэбны гады, каб адрадзіць тое, чаму мяне вучылі ў маім дзяцінстве. І-ДЭ-А-ЛО-ГІ-Я – гэта дрэнна? Зараз камусьці стане смешна, але навагодні касцюм тых гадоў, які я помню і сёння, быў па сённяшніх мерках дзіўным. Блакітная сукенка, чырвоная стужачка з надпісам «Міру – мір». Наіўна? Але гэта была краіна, дзе слова «мір» было святым… Дзе імя хлопчыка з-пад Мінска, які ахвяраваў сваім жыццём, ніхто не перайначыў бы ў кпін… Дзе я адчувала сябе спакойна і абаронена… Дзе нават слова «мама» гучала неяк інакш…
Лілія
ГУШЧА