НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Ён быў чаканым госцем у нашай вясковай хаце. Здавалася, складаўся гэты вясёлы чалавек з прыроднага гумару. На ўсе выпадкі былі ў яго параўнанні і… заўсёды добрыя, станоўчыя. Ён прыцягваў да сябе лагоднай усмешкай, даверам.


Шыракаплечы волат-беларус. Высокі, цёмнаскуры, пэўна, сонца яго песціла. Зваў мой тата гэтага прывабнага чалавека Коля. Для нас, дзяцей, – гэта гарадскі дзядзька Мікалай.
На той момант ён жыў у Пінску і прывозіў нам заўсёды смакоцце. Булкі-вітушкі, цукеркі «Мишка на Севере» і вялікія, на далонь, глазураваныя пернікі «Тульские». Гэта быў рай на Зямлі. Дзе ў вёсцы ў 60-я гады можна было такое бачыць? Тым больш частавацца. Шырокае сэрца, поўнае любві да людзей, меў дзядзька Мікалай.


Лета. 1964 год. Звычайны ранак. За сталом уся наша сям’я і дзядзька Коля. Сустрэліся, як я зразумела, два сябры-франтавікі.
Мой слых убіраў ваенныя падзеі, гарады і незнаёмыя мясцовасці: «Гдыня, Шчэцін, Вроцлаў. А памятаеш? Не забыў? Як спрацавала наша артылерыя пад Кёнігсбергам! Там я атрымаў баявое хрышчэнне, Пеця. Мы далі гэтым вырадкам прыкурыць. Душы іх курыліся. Ведаю, Коля, потым у цябе быў шпіталь»…


У дзядзькі ўмомант суровеюць вочы, відаць, яго торкаюць балючыя ўспаміны:
–Незагойная рана заўжды са мною, браток. З гэтым нельга звыкнуцца, але ж, як бачыш, жыву. Дзеля дзяцей, сям’і трываю боль. Перамаглі ж!
Хуткімі рухамі ён расшпільвае гузікі на кашулі…
Мы ўсе не маглі вымавіць слова ад убачанага. Аняменне. О-о-о, выдыхнулі ўсе.
На грудзіне злева, дзе б’ецца сэрца, была пякучая рана. Яе можна было закрыць вялікім пальцам. Слізкі струменьчык поўз уніз… Пастаянна.


Першае, што я змагла прапішчаць:
– Чаму ж дактары не могуць Вам, дзядзечка, дапамагчы? Вы ж у горадзе жывяце?
– Пеця, памятаеш бой на падыходзе да Кёнігсберга? Там я атрымаў гэты «падарунак», калі прыкрываў адыход групы байцоў. Аскепак фашысцкага снарада як напамін… Вайна – смерць, зло, боль, слёзы. Прападзі яна пропадам. Сівы старэнькі ваенны хірург бадзёрыў мяне пасля аперацыі, калі я ўжо штосьці мог разумець і гаварыць: «А ты – малайчына, не даўся смерці ў рукі. Доўга жыць будзеш, ля цябе Міласэрны Бог».


Дзякуючы матулінай малітве жывы застаўся. У кішэні гімнасцёркі знайшлі абкуродымлены шматок паперы… Толькі назва збераглася «Псалом 90. Живый в помощи Вышняго». Аскепак залёг недалёка сэрца. Абрасце тканкай і не будзе вельмі замінаць. Усё, што змог, я зрабіў. Жыві, баец! Небяспечна аскепак турбаваць. Вось і ўся гісторыя, Пеця. Галоўнае, мы з табой жывыя. Давай па сто грамаў укінем, як на фронце перад атакай. Фрыцы сваё атрымалі. За Перамогу, будзьма!»
Больш нічога я не чула, бо выскачыла да возера. На тым баку, у бярозавым гаі, весела кукавала зязюля, адлічвала гады. Ранішняе сонейка мыла промні ў вадзе. У небе «планаваў» бусел. Спакой абдымаў усю істоту.


Жыццё! Такое шчасце вакол.
Хай жа заўжды жывуць мір і памяць аб сынах Беларусі, што кавалі сабой Перамогу!
Будзь са мной заўсёды… жывою памяць і аб дзядзьку Колю. Слава Богу за ўсё! Слаўся, непераможны народ маёй Айчыны.
Квітней, роднае Палессе! Звіні мелодыяй, здаровы дзіцячы смех!
Міру вам, людзі!
Алена
ВАБІШЧЭВІЧ

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости