Усе гаспадаркі раёна, акрамя УП «Рубельскі», скончылі жніво. Зусім крыху «Рубельскаму» засталося з-за таго, што зернебабовыя канчаткова не паспелі. А збожжавыя таксама ўбраны цалкам.
Усяго на 13 жніўня ў раёне намалочана амаль 73,3 тысячы тон збожжавых і зернебабовых пры сярэдняй ураджайнасці 38,9 цэнтнера з гектара. Дарэчы, такая ж ураджайнасць была і летась. Найбольшы вал далі (што відавочна) СВК «Фядорскі» (10,65 тысячы тон з 3137 га), ААТ «Палеская ніва» (7,25 тысячы тон з 1809 га), КСУП «Відзіборскі» (6,8 тысячы тон з 1584 га), ААТ «Новая Прыпяць» (6,6 тысячы тон з 1451 га) і КУВП «Манькавічы» (6,3 тысячы тон з 1431 га).
Прыемна адзначыць у гэтым спісе КСУП «Відзіборскі». Гаспадарка ўпершыню па вале размясцілася на трэцім месцы ў раёне. Ды і ўраджайнасць добрая – 43 ц/га – пятая ў раёне.
– Сённяшні вал збожжавых і зернебабовых для «Відзіборскага» – рэкордны, – падводзіць вынікі жніва дырэктар Сяргей ПАШКЕВІЧ. – Дапамагла ў гэтым і высокая ўраджайнасць, якая палепшылася амаль на 10 цэнтнераў з гектара ў параўнанні з мінулым годам. І цяпер мы бачым, што магчыма пераадолець сямітысячны рубеж. Будзем старацца. За два сезоны мы дадалі амаль дзве з паловай тысячы тон збожжа. А гэта плён працы ўсіх работнікаў – ад аграномаў да механізатараў. Ну, і не абышлося, канешне, без спрыяльнага надвор’я.
Хачу таксама дадаць, што ніколі ў гаспадарцы (нават калі зноў раз’яднаць «Відзіборскі» і «Дубайскі») не было адразу чатыры экіпажы камбайнераў-тысячнікаў і трох вадзіцеляў-тысячнікаў. І нам, і работнікам, канешне, прыемна, што адзначаюць на раённай Дошцы гонару. Скажу, што гэта не перажытак мінулага, а, наадварот, заахвочвае людзей. І работнікі гаспадаркі, і жыхары нашых вёсак цікавяцца гэтай інфармацыяй і радуюцца за сваіх сыноў, бацькоў. Гэтую традыцыю патрэбна працягваць.
Што да жніва, то ў гэтым годзе ўся кампанія прайшла роўна, без перашкод. Ну, адносна без перашкод. У гэтым годзе парадавала азімая пшаніца, якой мы ўзялі больш за 3,8 тысячы тон, з якой у дзяржзаказ зда-дзена 800 тон трэцім класам. Гэта максімальны клас для нашай мясцовасці. Шмат жыта рэалізавалі для «Берасцейскага пекара», 270 тон – для КУВП «Манькавічы». Таксама для Гарынскага агракамбіната мы адправілі чвэрць усяго раённага зялёнага гарошку – 448 тон. Таксама для іх патрэб мы намалацілі 18 тон на насенне.
У гэтым годзе з-за вялікага валу збожжа адчулі вялікую патрэбу ў збожжасушыльных комплексах, таму што наяўных не хапае. Усім агрэгатам ужо больш за 30 гадоў. Яны састарэлі не толькі фізічна, але і маральна. Дзякуй усім аператарам, што перапрацоўвалі збожжа ў такіх умовах. Канешне, хочацца пабудаваць новы збожжасушыльны комплекс. Але мы пакуль думаем – будаваць новую малочна- таварную ферму ў Відзіборы ці збожжасушыльны комплекс. І я пакуль схіляюся да першага варыянту, таму што ферма ў фінансавым плане больш прывабная. Паралельна думаем набыць новую мабільную сушылку «Мехмар» і такім чынам палегчыць работу падчас жніва. Ну, потым усё роўна пабудуем сучасны комплекс па дапрацоўцы збожжа.
Што тычыцца тэхнікі, то нам патрэбен новы камбайн. Самаму маладому нашаму камбайну ўжо 8 гадоў. Астатнія «нарадзіліся» больш за 10 гадоў таму. Сёння якасцю і цаной айчынных камбайнаў «GS-12» мы задаволены, таму глядзім у гэты бок. А аўтамабіляў па адвозцы збожжа і кармоў у нас пакуль дастаткова. Тут узмацняцца не трэба.
Хоць жніво для нас і скончылася, а вось работы менш не стала. Пакуль трэба ўбраць салому з палёў, пераараць і пасеяць рапс. Гэта выгадная для нас тэхнічная культура. Сёлета мы намалацілі больш за 780 тон. На наступны год плануем не менш.
Аляксандр
НІКІФАРЭНКА
Фота
аўтара